«Адзін са старэйшых пісьменнікаў Маларытчыны» Юбілей Мікалая Пацеюка

Аднаму са старэйшых пісьменнікаў Маларытчыны Мікалаю Пацеюку ў другой палове снежня споўнілася 80 гадоў. З гэтай нагоды ў чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшло юбілейнае мерапрыемства “Я – з палескага сяла…”, прымеркаванае да гэтай даты. На яго былі запрошаны калегі па літаратурным цэху, а таксама аматары паэзіі – сябры, знаёмыя, аднакласнікі, бібліятэкары, настаўнікі…

На літаратурным не­басхіле Маларытчыны імя Мікалая Пацеюка зай­мае пачэснае месца. Ён з 2012 года з’яўляецца старшынёй літаб’яднання “Над рэчанькай Рытай”, якое існуе пры раённай газеце “”, аўтарам трох паэтычных зборнікаў (“Мелодыя сэрца”, Маларыта, 2007; “З-пад буслінага крыла”, Брэст, 2011;  “Душой не пакрывіць”, Брэст, 2015). Яго творы часта друкуюцца на старонках раённай газеты, штогадовага альманаха “Жырандоля”. Вершы Мікалая Іванавіча кранаюць пяшчотай і незвычайнай любоўю да родных мясцін, сваёй мовы, людзей, якія тут жывуць і працуюць, радуюцца і засмучаюцца.

Сустрэча, вядучымі на якой былі Валянціна Ібра­гі­­мава і Галіна Кучына, прайшла ў цёплай і добразычлівай атмасферы. Падчас яе выступіў сам Мікалай Пацяюк, які расказаў пра сваё нялёгкае, але шчаслівае дзяцінства, пра жыццёвы шлях, працоўную дзейнасць, прачытаў як ужо надрукаваныя, так і нядаўна напісаныя вершы. Яны ў аўтарскім вы­кананні гучалі вельмі шчыра, кранальна і выклі­калі ў слухачоў шмат станоўчых пачуццяў, якія яны выражалі апла­дысментамі.

Мікалая Пацеюка шчыра вітаў з юбілеем старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Алях­­новіч. Ён зачытаў віншавальны адрас ад кіраўніцтва гэтай творчай арганізацыі. Добрыя словы ў адрас Мікалая Іванавіча гаварылі  бе­рас­цейскія майстры сло­ва Мікола Сянькевіч, Мікола Пракаповіч і Аляксей Філатаў, мясцовыя паэты Уладзімір Данілюк і Генадзь Мішчук, а таксама былы дырэктар Ляхавецкай СШ Вера Гаварко, аднакласніца і былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №1 Ганна Федарук, а таксама Ірына Касцевіч,  Галіна Пракапук, Валерый Савасціёнак, Наталля Кузьміцкая… Пры­­сутныя выказалі Мі­ка­лаю Іванавічу словы ўдзяч­насці за яго творчасць,  шчыры душэўны дыялог, пажадалі поспехаў і натхнення.

Час, адведзены на мерапрыемства, хутка прабег. Адзначалася, што яно дало магчымасць у чарговы раз дакра­нуцца да чароўнага бела­рускага слова і проста добра адпачыць у кам­паніі аднадумцаў. На развітанне прысутныя на спецыяльным стэндзе па­кідалі Мікалаю Іванавічу шчырыя віншаванні з нагоды яго 80-годдзя.

Мікалай Пацяюк цяпер працягвае пісаць вершы. Ён па-ранейшаму натхнёна працуе, каб хутка парадаваць сваіх чы­тачоў-прыхільнікаў новым зборнікам вершаў.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!