Вужоўскі майстар Іван Кардзялюк (Маларыцкі раён)

Жыве ў невялічкай вёсачцы Вужова сапраўдны майстар на ўсе рукі Іван Васільевіч Кардзялюк ( на здымку). За сваё багатае на разнастайныя падзеі жыццё, дзядуля Іван сплёў не адну сотню кашолак, корабаў і кошыкаў. Іван Васільевіч з кагорты тых людзей, пра якіх гавораць, што рукі ў іх залатыя.
Кошыкі, сплеценыя майстравітымі рукамі дзядулі Івана, зручныя, лёгкія і надзвычай зграбныя. Пляце ён іх з лазы, стужкі і шпагату. Гарыць работа ў руках майстра-самародка, за што ні возьмецца — ўсё атрымліваецца.


Дзядуля Іван цікавы суразмоўца, яго няспешныя аповяды пра мінулае можна слухаць гадзінамі. Нарадзіўся ён на хутары Язавіца ў страшны і складаны час: ішоў другі месяц Вялікай Айчыннай вайны. На Маларытчыне гаспадарылі фашысты са сваімі памагатымі. Але маленькі Іванка нават і не здагадваўся, што адбывалася навокал. Немаўлятка яшчэ знаходзілася ў сваім чароўным казачным свеце, дзе яго аберагала матчына любоў і ласка. Пра зверствы фашыстаў ён нічога не ведае і не памятае. Самыя смутныя ўспаміны таго часу ў Івана Васільевіча звязаны з тым момантам, калі пасля вызвалення Маларытчыны ад нацыстаў праз пэўны час маці праважала са слязамі на вачах у войска яго бацьку. На руках у кабеты заставалася трое дзяцей, якіх трэба было неяк гадаваць. Ці вернецца назад Васіль Ігнатавіч, ніхто не ведаў. Штодзень чакала вестачак ад свайго гаспадара Кацярына Нікіцічна і нешта падказвала жанчыне, што ўсё будзе добра, муж абавязкова прыйдзе дамоў. Спадзяванні жанчыны апраўдаліся, Васіль Ігнатавіч вярнуўся ў свой родны дом, праўда на мыліцах. У адным з баёў ён быў цяжка паранены, але нейкім неверагодным цудам выжыў. Бацька быў добрым майстрам цесляром. Менавіта ён і перадаў сваё ўмельства сярэдняму сыну Івану.
— Свой першы кошык я сплёў, калі мне было гадоў 8, — расказвае мужчына. – Улетку пасвіў статак, а каб не марнаваць дарма час, ламаў пруткі вярбы і плёў кошыкі. З таго часу і пачалося маё захапленне лазой.
Добра валодае Іван Васільевіч і сталярнай справай. Праўда, зараз ужо амаль не сталярнічае, здароўе падводзіць ды і гады бяруць сваё. А раней дыхтоўныя табурэткі, лаўкі ды сталы атрымліваліся ў майстра, гадамі служылі.
У 60-я гады мінулага стагоддзя, калі адбываўся працэс ссялення хутароў, сямья Кардзялюкоў пераехала ў Вужова. Тут Іван Васільевіч спаткаў сваё каханне і ў 1961 годзе з Кацярынай Сямёнаўнай узяў шлюб. 58 гадоў пражылі разам, раздзяляючы радасць і гора. Цешыліся дзеткамі, якіх у сям’і Кардзялюкоў нарадзілася трое, думалі на старасці гадоў ім падмога будзе. На жаль, на ўсё воля нябёсаў. З дзяцей у жывых застаўся толькі адзін сын.
— Не дай Бог, такога няшчасця нікому перажыць, — ледзьве стрымліваючы слёзы, гаворыць дзядуля. – Цяжка і вельмі балюча перажыць сваіх дзяцей. У годзік трагічна загінула дачушка Галінка, а ў 32 гады не стала сына Мікалая. Застаўся ў нас адзін Іван, які жыве ў Брэсце. Вось ужо паўгода, як Кацярына Сямёнаўна знаходзіцца ў сына, які за ёй даглядае. А я ўжо тут па гаспадарцы завіхаюся, за хатай гляджу. Жыўнасці, акрамя кур, ніякай не трымаю. Адышлі тыя гады, калі па некалькі парсюкоў ды дзве каровы ў хлявах стаялі. Зараз нават сабакі няма.
Цяжкае жыццё пражыў дзядуля, але ніколі не лайдачыў, не шукаў лёгкай долі. Кім яму толькі не даводзілася працаваць. Як толькі закончыў сямігодку, кіраўніцтва мясцовага калгаса прапанавала кемліваму юнаку паспрабаваць сябе ў якасці загадчыка Ужоўскай малочна-таварнай фермы, працаваў ён камбайнёрам, слесарам у ПМК, напрацягу 14 гадоў быў загадчыкам у мясцовай краме, а пасля зноўку вярнуўся ў калгас “Чырвоны партызан” адкуль і пайшоў на заслужаны адпачынак.
Увесь гэты час Іван Васільевіч не пакідаў свайго захаплення, як толькі выпадала вольная хвілінка – браўся за лазу і пачынаў плясці кошыкі, карзінкі. Ён і зараз сам нарыхтоўвае пруткі вярбы і доўгімі зімовымі вечарамі варожыць над сваімі вырабамі. Лаза ў руках майстра робіцца гнуткай, паслухмянай, дубцы кладуцца роўна. Кошыкі атрымліваюцца на любы густ, круглай, авальнай і прадаўгаватай формы. Нездарма кажуць у народзе : “Кошык плесці – не байкі весці”. У гэтай справе патрэбна ўседлівасць, пільнасць і засяроджанасць.
Кацярына Яцушкевіч.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!