“Залатая” школа-юбілярка

1 верасня… Незвычайны, незабыўны і памятны дзень. З яго для кожнага дарослага чалавека калісьці пачыналася вялікая дарога ў невядомае будучае, у цікавае самастойнае жыццё, якое напоўнена адкрыццямі, узлётамі і падзеннямі, радасцю пазнання і сапраўдным сяброўствам, перамогамі і расчараваннем. Няма на зямлі такога чалавека, які ўвайшоў бы ў самастойнае жыццё сам, без дапамогі настаўніка. Педагог адначасова вучыць і выхоўвае, фарміруе інтэлектуальную эліту народа, дае кожнаму вучню магчымасць стаць адукаваным, высокакультурным, выхаваным.
1 верасня пачаўся новы навучальны год. Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня ведаў прайшлі ва ўсіх установах адукацыі Маларытчыны, на якіх пабывалі прадстаўнікі мясцовай улады. Асабліва святочным гэты дзень выдаўся ў Макранскай СШ, бо ўстанова адукацыі адзначала свой 50-ты дзень нараджэння.
10.00. Радасныя твары 8 непаседлівых першакласнікаў і іх настаўніцы Людмілы Горнік (на здымку), усхваляваныя позіркі бацькоў, добрыя вочы настаўнікаў, сур’ёзныя выпускнікі… Ва ўстанове адукацыі для 104 вучняў і 21 педагога пачынаецца першая лінейка ў новым навучальным годзе. На ёй традыцыйна былі выступленні Галіны Дар­дзюк, дырэктара школы, бацькоў, наказ выпускнікоў першакласнікам. Са словамі віншавання да прысутных таксама звярнуліся: Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў; Барыс Самасюк, старшыня Макранскага сельскага Савета; айцец Мікалай Казінец, настаяцель храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы… І вось звініць першы залівісты званок. Аднак вучні не спяшаюцца разыходзіцца.
11.00. У прыгожа аформленай зале – бацькі, выпускнікі школы розных гадоў, ветэраны педагагічнай працы, госці. Пачынаецца ўрачыстасць, прымеркаваная да 50-годдзя з дня адкрыцця новага будынка школы. Гэта – незабыўная і памятная падзея ў гісторыі ўсёй вёскі. Бо школа – нерв вёскі. Пакуль установа адукацыі існуе, населены пункт жыве, развіваецца. Залаты юбілей школы дае магчымасць падвесці вынікі мінулых гадоў, успомніць, што было запланавана, а што – зроблена, якія дасягнуты творчыя вяршыні. Падчас мерапрыемства нумары мастацкай самадзейнасці, якія былі падрыхтаваны настаўнікамі, вучнямі, іх бацькамі, удала чаргаваліся з віншаваннямі і ўспамінамі гасцей. За тры гадзіны была перагорнута кожная старонка гісторыі школы. Між іншым, у Макранах земскае народнае вучылішча адкрыта ў 1863г. Пры панскай Польшчы школа размяшчалася ў 5 памяшканнях на розных вуліцах. У 1944г. у вёсцы дзейнічае сямігадовая школа. Яе, напрыклад, у 1953г. закончыла 14 вучняў, у 1956 г. – 23 вучні, у 1961 г. – 30 вучняў. У 1960 г. пачалося пазапланавае ўзвядзенне новага будынка школы. Як гэта было на самай справе, расказваў на сустрэчы Якаў Бондар, які тады ўзначальваў школу. У 1961г. будаўнікі здалі ў экспуатацыю новы тыпавы будынак сямігодкі на 290 месцаў. Аднак адразу ў школе стала навучацца 327 дзяцей у дзве змены. Хутка ўстанова адукацыі набыла статус сярэдняй. А ўсяго з гэтага часу па 2010 г. са сцен школы выйшла 757 выпускнікоў. Многія з іх выбралі спецыяльнасць настаўніка і вярнуліся працаваць у родную школу. У СВК “Макраны” таксама ёсць многа спецыялістаў, якія закончылі мясцовую ўстанову адукацыі. Акрамя таго, у школе ёсць некалькі педагагічных дынастый.
Ішлі гады, але нязменна высокім заставаўся ўзровень вучэбна-выхаваўчага працэсу. Веды вучням ў Макранскай школе даюцца трывалыя і глыбокія. Пра гэта сведчыць, напрыклад, такі факт. За перыяд з 1962 па 2011 гады школа выпусціла 51 медаліста… Цікавымі ўспамінамі падзяліліся многія з тых, хто быў на сустрэчы. Сярод іх — Надзея Курдзюк, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Маларыцкага раёна; Марыя Сергіевіч, маларытчанка, якая ў 1968 г. стала першай, хто закончыў школу з медалём; Іван Пілецкі, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава (атэстат аб заканчэнні Макранскай школы ён атрымаў у 1969г.); Валянціна Літвін, якая ўстанову адукацыі ўзначальвала з 1982 па 2009 гг.; Аляксандр Піпко, які працаваў дырэктарам школы ў 2009-2010 гадах, і многія іншыя. Акрамя таго, многія выпускнікі на адрас школы даслалі віншавальныя тэлеграмы з розных куткоў Беларусі.
У канцы свята школа-юбілярка атрымала падарункі. “Дзякуючы райвыканкаму, — адзначыў Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў, — хутка ў Макранскай СШ з’явілася мультымедыйная ўстаноўка”. Леанід Селех, старшыня СВК “Макраны”, для паляпшэння адукацыйна-выхаваўчага працэсу падарыў каляровы тэлевізар. Не з пустымі рукамі прыйшлі на ўрачыстасць і іншыя госці.
Свята закончылася. Заўтра пачнецца звычайны будзённы школьны дзень са сваімі пытаннямі, турботамі. Аднак калектыву Макранскай СШ усё пад сілу.
Мы віншуем калектыў установы адукацыі з паўвекавым юбілеем і жадаем далейшых поспехаў ў справе выхавання падрастаючага пакалення.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час свята.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


чистая вода киев

https://pills24.com.ua

еще по теме babyforyou.org