Последний житель деревни Старый Двор (Малоритский район)

Фота райгазеты «»

Амаль на мяжы двух раёнаў Маларыцкага і Кобрынскага стаіць Стары Двор. На геаграфічнай карце гэты населены пункт пакуль значыцца як вёска. Пройдзе пэўны час, і ён знікне, таму што жыве тут самотнікам усяго адзін чалавек. Анатоль Зянковіч – тутэйшы. Тут жылі яго бацькі, сюды, крыху пабадзяўшыся па свеце, вярнуўся Анатоль Мікалаевіч, якому хутка стукне 60 гадоў.

Дарогу, якая бяжыць да Старога Двара праз поле, пачысцілі. Узімку, акрамя аўталаўкі тут рэдка можна ўбачыць якую-небудзь тэхніку. Затое з ранняй вясны да позняй восені на полі, што належыць мясцовай сельгасарганізацыі, працуе тэхніка, сюды-туды сноўдаюць трактары ды аўтамабілі. А зараз над заснежанай прасторай пануе цішыня, вялікасна-звонкая і ў той жа момант самотна-тужлівая. Здаецца, што тут у акрузе ніводнай жывой душы.
Знайсці хату, у якой жыве Анатоль Зянковіч, было не складана. Да весніц вяла пратаптаная ў снезе вузенькая сцяжынка. Гаспадар нечаканым гасцям абрадаваўся, будзе хоць з кім-небудзь словам перакінуцца.
— Добра, што засталі мяне дома, — кажа Анатоль Мікалаевіч. – Учора, напрыклад, ездзіў у раённую паліклініку на прыём да ўрача. У мяне інваліднасць. Некалькі гадоў таму зрабілі аперацыю, цяпер час ад часу патрэбна праходзіцць абследаванне.
Анатоль Мікалаевіч невысокага росту, хударлявы. Выглядае крыху старэй за свае гады, мажліва, з-за барады. Ён нешматслоўны. Кажа, што прывык жыць у адзіноце і ад самоты не пакутуе. А потым удакладняе, што яшчэ нядаўна была ў яго суседка – Ніна Федасюк. Старэнькую бабулю забрала да сябе ў Чарняны дачка. І застаўся ён адзін на ўсю вёску. Дарэчы, Стары Двор ніколі не быў мнагалюдным. Паводле гісторыка-дакументальнай кнігі “Памяць”, толькі ў 1921 годзе ў вёсцы налічвалася 14 двароў, у якіх пражывала 100 жыхароў. А ў 1999 годзе тут засталося толькі 10 чалавек. Частка людзей адышла ў іншы свет, астатнія раз’ехаліся. Анатолю Зянковічу ехаць няма куды, хаця па свеце ён крыху павандраваў.
— За савецкім часам будаваў “алімпійку”, — прыгадвае мужчына. – А потым закінуў лёс на поўнач. Чатыры гады адпрацаваў на буравой у Ніжневартаўску. Там і падарваў здароўе. Клімат суровы. Было такое, што ўзімку маразы дасягалі мінус 60 градусаў па Цэльсію. Працавалі зменамі па 12 гадзін. Жылі ў спецыяльных вагончыках. Словам, не кожны мог вытрымаць такія ўмовы. Так і не зарабіўшы вялікіх грошай, вярнуўся дахаты. Працаваў на мясцовай ферме, а потым нейкі час у прадпрымальніка. Але хутка працу давялося пакінуць. Раптоўна памірае бацька. Ад гора і страты ў маці здарыўся інсульт. На працягу пяці гадоў я за ёй даглядаў, пакуль і маці не пайшла да бацькі.
Асабістае жыццё ў Анатоля Мікалаевіча таксама не склалася. Два разы ён браў шлюб, але, на жаль, жаніцьба не прынесла ні кахання, ні шчасця, ні дзетак. Так і застаўся на ўсё жыццё бабылём.
— У мяне ёсць пляменнікі ў Кобрыне, у якіх часта гасцюю, — нібыта апраўдваючыся, гаворыць мужчына.
У нейкі момант яго становіцца шкада. Жыццё амаль пражыта, а наперадзе бясконцыя гадзіны адзіноты ў пустой вёсцы, дзе нават сабака не забрэша. Толькі Анатоль Мікалаевіч аптыміст. Кажа, перачакаць бы зіму, а там вясна. І час за работай у агародчыку паляціць незаўважна. А потым пойдуць грыбы, ягады, якія ў лесе так любіць збіраць Анатоль Мікалаевіч. Нягледзячы ні на што, жыццё ў Старым Двары працягваецца.
Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!