Малая радзіма толькі адна…

У кожнага з нас ёсць на зямлі месца, куды мы заўжды вяртаемся з трапяткімі пачуццямі, — месца, дзе ты нарадзіўся і гадаваўся, дзе жывуць ці пахаваны твае бацькі, дзе твае землякі працягваюць жыццё вёскі. Таму не выпадкова святы, на якіх услаўляюць маленькую радзіму, сталі папулярнымі, збіраюць шмат тых, каго яна выхавала, адправіла ў вялікі свет, хто тут жыве і працуе.
Завершана жніво, сабраны з поля хлеб новага ўраджаю. Адслужаны малебен у мясцовым храме за тых, хто 1 верасня пачне новы навучальны год. А пад вечар у засені шматгадовых дрэў перад сельскім Домам культуры ў Велікарыце ў імправізаванай глядзельнай зале сабраліся людзі зямлі велікарыцкай. Трэба аддаць належнае мясцовым культработнікам і педагогам, якія падрых­тавалі цудоўную праграму, адлюстраваўшы ў дзействе любоў і шчырасць да роднага куточка. Таму яно атрымалася прыгожым, святочным, запамінальным, з феерверкам, падораным адным з жыхароў Велі­карыты – Уладзімірам Масюком. Дарэчы, ён кожны раз аказвае спонсарскую дапамогу ў правядзенні свята. На гэты раз да яго далучыліся і Сцяпан Нікалайчук, і Валерый Сечкарук, і, вядома ж, сельскі Савет і СВК “Рыта” не засталіся ўбаку.

Разам з аднавяскоў­цамі ўдзел у свяце прынялі старшыня сельвыканкама Віктар Кірычун, старшыня мясцовага сельгаспрадпрыемства Іван Пастушак, велікарыцкі свяшчэннік айцец Анатоль.
— Вёска мяняецца на вачах, — адзначыў, звяртаючыся да жыхароў, Іван Тадэвушавіч, які данёс да іх гэтую прыемную навіну: праз некалькі месяцаў у Велікарыту будзе падведзены газ, і жыхары яе змогуць карыстацца яшчэ адной выгодай.
Вёска – гэта не толькі паселішча і зямля, гэта яе жыхары, якія ў асноўным заняты сельскагаспадарчай працай. Менавіта пра іх так многа хацелася сказаць арганізатарам мерапрыемства, па­дзякаваць за працу, ушанаваць. У вёскі, варта адзначыць, багатая гісторыя. Калісьці яна была цэнтрам Велікарыцкага войтаўства, воласці, затым гміны. У 1886 годзе тут пражывала больш за тысячу чалавек, былі карчма, лаўка, земскае народнае вучылішча, праваслаўная царква, адбудаваная ў 1995 годзе. Захаваліся старадаўні парк, будынак паштовай станцыі ХVІІІ стагоддзя. Вёска, як і іншыя, праводзіла на вайну сваіх мужчын, атрымлівала пахавальныя, сустракала пераможцаў. Вядома, яна цяпер не такая шматлікая, як калісьці. Напэўна, больш за ўсіх, што тут адбывалася, памятае Матрона Рыгораўна Юхімук, самая старая жыхарка, якой у наступным годзе будзе 100. З нагоды свята яго арганізатары даставілі жанчыне памятны падарунак.
Асобыя словы падзякі былі выказаны хлебаробам СВК “Рыта”, якія сёлета сабралі добры ўраджай – больш за 2700 тон (трэці паказчык у раёне). Мясцовыя каравайніцы Вольга Абрамук і Валянціна Ярашук смачным і духмяным караваем частавалі гасцей і вяскоўцаў.
Прыгожых душой і сэрцам Ксенію і Сцяпана Данілюкоў ушаноўвалі на свяце як залатых юбіляраў. Не рассталіся, не разбегліся, як нярэдка бывае, гэтыя людзі. А наадварот, яны прыклад сямейнага жыцця. 50 гадоў разам! Працавалі нястомна, дзяцей гадавалі, выхоўвалі на добрых прыкладах, мудрых парадах. У ліпені гэтага года вось ужо і ўнучку замуж аддалі. Галоўнае, лічаць яны, каб жыць у згодзе і каханні, трэба ўзаемаразуменне і павага. Гэта тыя кіты, на якіх трымаецца сям’я.
— А што пажадалі б маладым сем’ям? – пытаецца ў юбіляраў вядучая.
— Каб ніколі не пакідалі сваіх дзяцей. Усё павінна быць папалам: і крыўды, і непрыемнасці, і клопаты.
Такое пажаданне якраз было дарэчы і маладой пары Аксане і Дзянісу Красоўскім, якіх павіншавалі на свяце з нараджэннем першага дзіцяці.
Ушаноўвалі і шматдзетныя сем’і. Прыкладам для аднавяскоўцаў сталі Наталля і Валерый Кучко і іх трое дзяцей. Тут іх ведаюць як надзвычай працавітых – сям’я займаецца вырошчваннем гародніны. Дзеці таксама прыцягнуты да працы, выхаваныя, тэрыторыя вакол дома прыгожая і дагледжаная. Такое можна сказаць і пра Таццяну і Віктара Леўчукоў, дзеці якіх добра вучацца ў школе, любяць працаваць на падворку.
Па традыцыі журы падвяло вынікі конкурсу на лепшую сядзібу.
Віктар Кірычун, старшыня сельвыканкама, адзначыў, што з кожным годам добраўпарадкаваных і прыгожых сядзіб у вёсках становіцца ўсё больш. Крытэрыі, па якіх ацэньваліся двары, такія: фасады дамоў, агароджа, кветкі, наяўнасць малых архітэктурных форм, дызайн падворка. Лепшымі прызнаны сядзібы Мікалая Хівука, Алены і Аляксандра Рабчукоў. Прызам адзначаны таксама і сямікласнік Велікарыцкай школы Мікалай Ніўчык як вялікі аматар-кветкавод.
Атрымліваючы падарунак, Мікалай Хівук не мог устрымацца, каб не выказаць сваю бязмежную любоў да куточка, дзе нарадзіўся і куды вярнуўся на пастаяннае месца жыхарства:
— 50 гадоў назад я быў самым нешчаслівым чалавекам, калі бацькі вывезлі мяне ў горад. Я сумаваў па вёсцы, дзе засталіся мае аднагодкі, сябры, якім зайздросціў, дзе ўсё так хораша, дзе лёгка дыхаецца. А цяпер шчаслівы, таму што жыву на маленькай радзіме, а менавіта яна і трымае чалавека.
Мясцовыя жыхары прадставілі на суд журы і сваё ўмельства. У вёсцы жывуць сапраўдныя майстры, аматары-садаводы і агароднікі. Прызамі былі адзначаны Маргарыта Касянюк у намінацыі “Мой родны кут”, Станіслаў Ярашук за “Дружную грыбную сямейку”, Таццяна Трубнікава як лепшы садавод-агароднік. Вольга Ефімук і Галіна Пашук – лепшыя вышывальшчыцы, а Ніна Дзмітрыева можа здзівіць любога, хто бачыў цуды, сваімі вязанымі вырабамі. Ды і сама прыйшла на свята ў такой арыгінальнай камізэльцы, зробленай уласнымі рукамі, што ёй маглі б пазай­здросціць нават фран­цузскія модніцы.
Вось такая яна, велікарыцкая вёска, працавітая, таленаві­тая, пявучая, якая заўжды гатова прыняць і абагрэць сваім цяплом любога, хто вяртаецца пад дах дома свайго, на маленькую радзіму. А яна ў кожнага з нас толькі адна.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Іван ПАСТУШАК толькі што прыняў каравай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


855.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua

www.cfax.jp
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!