«Становимся на лыжи и коньки!» В городском парке работает прокат спортинвентаря (Малоритский район)

Зіма ўвабралася ў сілу. Беласнежным дываном зацерушыла сцежкі-дарожкі і палеткі, укутала лясы, упрыгожыла паркі і скверы. Цяпер усталявалася і сапраўднае марознае надвор’е. А гэта самая спрыяльная пара, каб весела і з карысцю для здароўя правесці вольны час. Многія маларычане выбіраюць актыўны адпачынак. Для гэтага патрэбны, напрыклад, канькі, лыжы… Калі іх няма дома, то можна ўзяць на пракат у  спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна. Між іншым, пракат лыжаў тут пачаў працаваць з 9 студзеня, а канькоў – звечара 10 студзеня.

У гарадскім парку пад адкрытым небам для катання на каньках заліта пляцоўка памерам 20 на 40 метраў. СДЮШАР напракат можа прапанаваць адначасова 41 пару канькоў памерамі з 33-га па 46-ы ўключна. Пакатацца на каньках на залітай пляцоўцы можна штодзень з 10.00 да 21.30. Кошт памяркоўны: 3 рублі за адну гадзіну ці 1 рубель 50 капеек – за паўгадзіны. Масавае катанне на пляцоўцы без пракату канькоў – адзін рубель за гадзіну.

Напракат таксама можна ўзяць і лыжы. У наяўнасці ёсць 37 пар з 35-га па 44-ы памеры ўключна. За гадзіну пракату пары пласцікавых лыжаў з бацінкамі неабходна заплаціць 5 рублёў.

Заліты каток у гарадскім парку Маларыты не пусцее і прыносіць шмат радасці, задавальнення, весялосці і дадае прыгожы здаровы румянец на шчокі яго наведвальнікаў.

Пакуль трымаецца мароз, не ўпусціце шанц праехацца з ветрыкам на каньках ці лыжах!

   Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!