Жанчына з нястомным сэрцам

Ведаць сваю гісторыю заўсёды лічылася прыкметай выхаванасці і інтэлігентнасці, таму і штурмуюцца сёння гістарычныя кніжкі. Але ў кніжках няма той цеплыні і тых непадманных эмоцый, што ёсць у чалавека, які шмат ўжо пражыў і вельмі многае можа расказаць пра мінулае. І дзякуй Богу, што ёсць яшчэ тыя, хто беражліва захоўвае ўспаміны. З адной з такіх жанчын мы сёння жадаем пазнаёміць і вас. Ганна Лявонцьеўна Чуль у верасні гэтага года адсвяткуе свой 94-ы дзень нараджэння. Жанчына нарадзілася напярэдадні рэвалюцыі 1917 года на хутары ля вёскі Ланская. У сям’і, акрамя яе, яшчэ было сямёра дзяцей. “Цяжкі быў час, — успамінае жанчына, — таму нас, дзяцей, з самага маленькага ўзросту прывучалі да працы. Хто на што быў здольны, той тое і рабіў. Другога вый­сця не было, бо патрэбна было нешта есці, у нешта апранацца, патрэбна было, калі Бог ўжо даў табе жыццё, жыць”.
Ішоў час, і дзяўчына пад­растала. Аднаго дня, калі яны з дзяўчатамі пасвілі скаціну, да іх падышлі пазнаёміцца хлопцы. Так Ганна Лявонцьеўна ў 19 год пазнаёмілася са сваім будучым мужам Сямёнам, які праз некаторы час паслаў да дзяўчыны сватоў. Маладая сям’я стала жыць у вёсцы Ланская, з часам нарадзіліся дзеткі – тры хлопчыкі і тры дзяўчынкі. Але тады, як успамінае Ганна Лявонцьеўна, ніякіх дэкрэтных водпускаў не было. Малых бралі разам з сабой у поле, паспявалі і працаваць, і дзетак гадаваць. Усё сваё жыццё гэтая сціплая жанчына працуе і працуе цяжка. Спачатку працавала ў паляводчай брыгадзе, ды яшчэ і не за грошы, а за працадні. Пасля, каб падняць дзяцей на ногі, пайшла працаваць на ферму, дзе на той час добра зараблялі. Муж Сямён працаваў у кузні, таму жанчыне вельмі часта прыходзілася браць у рукі і касу, і плуг, і жыта сярпом жаць, і зерне малоць. Увогуле ў тыя часы працу на жаночую і мужчынскую не падзялялі, таму жанчыны часам працавалі нават больш за мужчын. У 50 гадоў Ганна Лявонцьеўна пайшла на пенсію, але яшчэ амаль 25 год працавала. Жыццё гэтай жанчыны – праца, праца складаная і не заўсёды жаночая. Але гэта зусім не сапсавала яе характар і адносіны да жыцця. Такой шчырай усмешкі і прагі да жыцця зараз у маладых людзей не пабачых, а Ганна Лявонцьеўна сваім настроем сэрца сагравае. “Хоць і жыццё было цяжкім, але заўсёды знаходзіліся сілы і жаданне жыць, — гаворыць жанчына, — знаходзіўся час і на жарты”. Яна і зараз у свае амаль 94 не сядзіць ні хвілінкі без справы. Застала я яе, дарэчы, на агародзе, і ўвесь час, калі мы размаўлялі, Ганна Лявонцьеўна спяшалася, каб нешта яшчэ паспець зрабіць. Мне падумалася: жанчына з нястомным сэрцам. Нават і развітвацца не хацелася, бо так было прыемна і цікава размаўляць. Гле­дзячы на бабулю, лішні раз пераканалася, што час не шкадуе людзей: твар у Ганны Лявонцьеўны ужо даўно пакрылі мар­шчынкі, але калі чалавек душою малады, то і маршчынкі здаюцца нібы промні сонейка. Ведаеце, ішла дамоў і злавіла сябе на думцы: Ганна Лявонцьеўна — сапраўдны прыклад цярплівай, стойкай, працавітай жанчыны. Шчыра рада, што мела магчымасць пазнаёміцца з такім цудоўным чалавекам.
Анастасія Максімук.
На здымку: Ганна Лявонцьеўна Чуль.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


финансовые пирамиды в интернете

http://teplostar.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!