«Истории жизни» или MORTAL KOMBAT по ореховски… (Малоритский район)

Неяк у размове майго знаёмага земляка з выпадковым спадарожнікам, які жыве ў адным з невялічкіх гарадкоў Брэстчыны, гаворка зайшла пра тое, адкуль хто родам. І калі знаёмы сказаў, што з Маларытчыны, яго субяседнік адразу ж ажывіўся.

Заўважыў, што некалі вучыўся ў тутэйшым вучылішчы механізацыі, што часта ездзілі ў гаспадаркі раёна дапамагаць калгаснікам убіраць з палеткаў бульбу (напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя яе вырошчвалі практычна ў кожным калгасе). Аднак пры назве вёскі Арэхава , адкуль родам мой знаёмы, яго субяседнік рэзка змяніўся ў твары. Уражанне было такое, што ён успомніў амаль ці не самога чорта, ці перад ім паўстаў прывід з мінулага. Праз некалькі хвілін, калі спадарожнік майго земляка прыйшоў, як гавораць, у сябе, ён патлумачыў сваё здранцвенне.
… Аднойчы “хабзайцы”, як называлі навучэнцаў вучылішча механізацыі, дапамагалі ўбіраць бульбу працаўнікам калгаса “Зара” з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Арэхава. На працягу часу, які яны там знаходзіліся, хлопцы пазнаёміліся з вясковымі аднагодкамі. Менавіта яны і запрасілі іх на “тырла” – местачковыя танцы. Напрыканцы вечарыны паміж арэхаўцамі і “хабзайцамі” завязалася бойка. Хто ці што стала яе прычынай, субяседнік майго земляка не прыпомніў ужо, а вось тое, што вечар той мог стаць апошнім у яго жыцці, не забудзе ніколі. Ці то ў нейкім нездаровым азарце, ці то ў парыве злосці адзін вясковы хлопец так сціснуў яго за горла, што амаль не задушыў. Дзякуй богу, нехта з мясцовых у час адарваў яго ад павергнутага на зямлі, амаль нежывога юнака…
Пазней знаёмы прыпомніў, што нешта падобнае ўжо чуў ад свайго равесніка, які распавядаў яму падчас сустрэчы шмат гадоў таму пра тое, як амаль не задушыў некалі пасля танцаў чужога хлопца. Зямляк у той час вучыўся ў горадзе і не ўдзельнічаў у той бойцы.
Надзея ВЕРАС.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!