СКААПЕРАВАЛІСЯ І — ПЕРАМАГЛІ

Маларыцкаму фізкультурна-спартыўнаму комплексу “Жамчужына” няма яшчэ і года, але за гэты невялікі тэрмін у ім прайшло шмат мерапрыемстваў, якія запомніліся маларытчанам. Вось і нядаўна жыхары горада з цікавасцю назіралі за спаборніцтвамі, якія праходзілі тут. А праходзіла ў цэнтры абласная спартакіяда работнікаў спажывецкай кааперацыі, у якой прыняло ўдзел 15 каманд.
На ўрачыстым адкрыцці спарта­кіяды цёпла вітаў яе ўдзель­нікаў старшыня праўлення аблспажыў­саюза Алег Несцярук, заклікаўшы ўсіх да сумленнай спартыўнай барацьбы.
Спаборніцтвы праходзілі па 8 відах спорту: валейболу, настольнаму тэнісу, дартсу, шашках і шахматах, гіравому спорту, шматбор’ю “Здароўе”, міні-футболу. Апошні від не ўваходзіў у залік спартакіяды, таму сабраў усяго толькі 4 каманды.
Шматлікія балельшчыкі паспявалі наведаць усе месцы, дзе праходзілі спаборніцтвы, каб пахварэць за сваіх. Маларытчыне, безумоўна, хваляваліся за сваіх кааператараў. І яны вельмі роўна, без правалаў выступілі ва ўсіх відах, заняўшы месцы ўверсе табліцы, за выключэннем шашак (9 месца). А так у шматбор’і “Здароўе” нашы кааператары былі шостымі, у шахматах – пятымі, у гіравым спорце – чацвёртымі. А астатнія тры віды прынеслі маларыцкай камандзе прызавыя месцы. Трэцяе месца ў дартсе, трэцяе месца – у валейболе. А настольны тэніс прынёс маларытчанам званне пераможцаў. Тут паспяхова выступіла сямейная пара Алесікаў. Уладзімір стаў пераможцам сярод мужчын, Наталля была другой сярод жанчын, што і адбілася на агульнакамандным заліку.
На ўрачыстым закрыцці спартакіяды пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны шматлікімі і разнастайнымі прызамі. Не засталіся без узнагарод Сяргей Кардзялюк і Сяргей Серада, якія былі трэцімі ў гіравым відзе спорту. Такое стабільнае выступленне і прынесла камандзе Маларыцкага райспажыўтаварыства агульнакамандную перамогу. Старшыня праўлення аблспажыўсаюза уручыў капітану каманды Ніне Паўлюкавец дыплом і вялікі прыгожы кубак.

Але сапраўдным імяніннікам на гэтым свяце адчуваў сябе дырэктар Цэнтра Міхаіл Міхайлавіч Улезла, які зрабіў усё, каб яго былыя калегі засталіся задаволены. Таму па праву апошнюю ўзнагароду – шчырыя словы падзякі — атрымалі тыя, хто прымаў гасцей, зрабіў усё, каб спартакіяда прайшла на высокім узроўні.
Аляксандр ЛЯДЗІНСКІ.
НА ЗДЫМКАХ: у час абласной спартакіяды работнікаў спажывецкай кааперацыі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.