Службовы раман

Клубок жыцця часта раскручвае такія сюжэты, што пазайздросціць уяўленне самага заўзятага пісьменніка. Героі, месцы, ролі размеркаваны зага­дзя, але нечаканы выпадак збліжае людзей, якія маглі б і не сустрэцца…
Андрэй Алесік не марыў стаць міліцыянерам. Пасля школы паступіў вучыцца ў Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт на факультэт геаграфіі. Думаў прысвяціць сябе выхаванню дзяцей, але жыццё распарадзілася так, што яму выпала выхоўваць у асноўным дарослых людзей. Аб прафесіі міліцыянера Андрэй усур’ёз задумаўся пасля службы ў арміі. У Маларыцкім РАУС доўга не раздумвалі над тым, якую пасаду даверыць маладому чалавеку, які выказаў жаданне служыць у міліцыі. Яго пазітыўнасць і камунікабельнасць нельга было не заўважыць. Таму і прапанавалі яму вакантнае месца ўчастковага інспектара. Пайшлі працоўныя будні. У службовых клопатах праносіліся дзень за днём. Адзін з іх, здавалася б, звычайны, назаўжды змяніў жыццё Андрэя…
У свой законны выхадны ён быў заняты хатнімі справамі. А таму званок з работы наконт таго, што патрэбна дапамога, можна сказаць, раззлаваў. Палічыў, што па службовых справах можа вы­ехаць і нехта іншы, не адзін жа ён участковы на ўвесь раён. Але потым быццам нешта падштурхнула Андрэя, які ніколі не мог устаяць перад просьбай аб дапамозе. Прыехаў па адрасе. На парозе яго сустрэла маладая мініяцюрная жанчына. Яна проста маліла абараніць яе ад былога мужа, які ніяк не хацеў даваць спакою ёй з маленькай дачкою, пастаянна пагражаў, учыняў пагромы ў кватэры, ствараў такія ўмовы, у якіх нельга было нармальна жыць. Як толькі вочы Ірыны і Андрэя сустрэліся ў мімалётным позірку, напэўна, у кожнага пранеслася ў галаве думка аб тым, што гэтая сустрэча невыпадковая. З сабраных дакументаў Андрэй паціху “выкраў” нумар мабільнага тэлефона Ірыны. Вячэрні званок, сустрэча… Ужо тады яны зразумелі, што ім не жыць адзін без аднаго. Праз паўгода згулялі вяселле, а потым нарадзілася іх дачушка – Каця. Але яна не першая. Першынец у іх – Юля. Пяшчотна абдымаючы Андрэя за шыю, яна называе яго татам. Калі былы муж Ірыны напісаў заяву, што ён адмаўляецца ад дзіцяці, Андрэй у той жа дзень падаў дакументы на ўдачарэнне, бо з першага дня лічыў яе роднай і клапаціўся пра Юлю, як бацька.
Зараз у дружнай сям’і Алесікаў тры прыгажуні дочкі. Малодшай Насці ўсяго 7 месяцаў, але яна ўжо, як і тата, адкрыта і даверліва ўсміхаецца кожнаму чалавеку. Не хапае толькі сыночка, але Андрэй і Ірына маюць намер выправіць гэтую сітуацыю.
“Чаму мы не сустрэліся раней?” — не раз задаюцца пытаннем Андрэй і Ірына. І бязмежна рады, што звёў іх службовы раман са шчаслівым працягам.
Андрэй Алесік не толькі добры муж, бацька, чалавек, але і выдатны работнік. Яго паважаюць супра­цоўні­кі райаддзела міліцыі, кіраўнікі мясцовай улады, мае доб­рую рэпутацыю ўчаст­ковы і ў кіраў­ніцтва РАУС.
— Гэта адзін з леп­шых інспектараў міліцыі. Ён з вялікай доляй адказнасці ставіцца да сваёй работы, нярэдка ахвяруе вольным часам, бо злачыннасць, як вядома, і па выхадных не дрэмле, — расказвае Эдуард Паўлаў, начальнік аддзялення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Маларыцкага РАУС. — Зараз Андрэй — участковы Олтушскага сельсавета. На яго рахунку больш за 100 раскрытых адміністрацыйных правапарушэнняў, з якіх асноўная колькасць – правапарушэнні, учыненыя ў стане алкагольнага ап’янення. Дзякуючы яго настойлівасці 9 чалавек, якія злоўжывалі спіртнымі напоямі, знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях.
Ірына таксама з задавальненнем расказвае пра мужа, пра яго характар, пра яго бязмежную дабрыню, пра тое, як хвалюецца ён за кожнага, нават у правапарушальніку ў першую чаргу бачыць чалавека, імкнецца дапамагчы.
— І лёгка працаваць у той мясцовасці, дзе ты нарадзіўся, вырас, і ў той жа час цяжка, — прызнаецца Андрэй Генадзьевіч. – Усіх людзей у вёсцы ты ведаеш з дзяцінства. І раптам некага з іх цяпер даводзіцца затрымліваць. Гэты псіхалагічны бар’ер трэба пераступіць, інакш не будзе плённай, сумленнай працы. Прынцып адзін: зрабіў дрэннае – адказвай за свой учынак!
Такі ён, сумленны работнік, адкрыты чалавек, любячы і любімы муж і бацька – Андрэй Алесік. Маладая сям’я Андрэя і Ірыны не так даўно пачала свой сумесны шлях. Шлях, у якім няма ўчора, а ёсць толькі сёння і шчаслівае заўтра!
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
г. Маларыта.
НА ЗДЫМКУ: Андрэй і Ірына Алесікі разам з дочкамі Юляй, Кацяй і Насцяй.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


стать суррогатной матерью цена

услуги суррогатной матери цена

https://poliv.ua/