Бачыць свет — вялікае шчасце

За апошнія гады значна ўзрасла колькасць людзей з парушэннем зроку. Дэфіцыт рухаў, нерацыянальнае харчаванне з недастатковым утрыманнем вітамінаў і мінералаў, празмерныя інфармацыйныя нагрузкі прыводзяць да сур’ёзных парушэнняў абменных працэсаў і развіцця захворванняў органаў зроку. Як правільна сачыць за зрокам, як засцерагчы сваё дзіцяці, каб як мага надалей захаваць паўнацэнны зрок? – пра гэта інтэрв’ю з урачом-афтальмолагам раённай бальніцы Ларысай КАСЦЮЧЫК.
— Ларыса Вячаславаўна, прафілактыка любых хвароб, у тым ліку і хвароб органаў зроку, найбольш эфектыўная ў раннім узросце?
— Сапраўды так. Не выпадкова і народная мудрасць, правераная стагоддзямі, гаворыць: беражы здароўе замалада. Сёння мы гаворым пра школьнікаў. Дык вось што хачу сказаць. Узрост, калі дзіця ідзе ў школу, супадае з перыядам функцыянальнай няўстойлівасці органаў зроку. Больш таго, ужо 4-5% дзяцей маюць праблемы са зрокам і носяць акуляры ў дашкольным узросце. У той жа час вучэбны працэс звязаны са значным узрастаннем нагрузкі на вочы. Калі дзіця да таго ж рэдка бывае на свежым паветры, маларухомае, часта хварэе, то яно ўваходзіць у групу павышанай рызыкі развіцця зрокавых расстройстваў. Найбольш часта ў школьным узросце ўзнікаюць блізарукасць, дальназоркасць, астыгматызм. На жаль, ужо ў малодшых класах узрастае колькасць вучняў, якія церпяць ад блізарукасці, звязанай з працяглай зрокавай работай на блізкай адлегласці – чытанне, пісьмо. Першыя прыкметы блізарукасці таксама нярэдка можна адзначыць і пасля некаторых інфекцыйных хвароб, напрыклад, пасля цяжкіх вострых рэспіраторных вірусных інфекцый і грыпу.
— Што трэба прадпрыняць у якасці прафілак­тычных мер, каб папярэ­дзіць узнікненне і прагрэ­сіраванне хвароб зроку?
— Правілы тут самыя элементарныя: рацыянальная арганізацыя вучэбнага дня ў школе, правільнае харчаванне, якое ўключае дастатковую колькасць вітамінаў.
— Якую ролю іграе асветленасць памяшкання, дзе знаходзіцца дзіця?
— Важна забяспечыць добрую асветленасць. Настольная лямпа на рабочым стале дзіцяці павінна быць злева, для ляўшэй – справа. Аптымальная магутнасць лямпы складае 60 – 80 ват. Для таго, каб не ствараўся рэзкі пераход пры пераводзе позірку з асветленага сшытка ці кнігі да цемры пакоя, акрамя мясцовага асвятлення, неабходна ўключаць і агульнае асвятленне пакоя. Рэзкі кантраст хутка стамляе – у вачах з’яўляецца пачуццё напружання. Гэта дома. У школе, у класах варта фарбаваць сцены ў светлы тон, не ставіць на падаконнікі высокія кветкі і прадметы, што закрываюць доступ святла. Каб усе дзеці былі ў роўных умовах, неабходна кожную чвэрць пера­саджваць іх на другі рад парт, пакідаючы на аднолькавай адлегласці ад класнай дошкі.
— Якая сітуацыя са зрокам дзяцей у нашым раёне?
— У мінулым годзе выяўлена 286 дзяцей са зніжанай вастрынёй зроку. Гэта на 52 дзіцяці больш, чым у папярэднім. Сярод іх асноўную масу складаюць школьнікі і падлеткі. Самыя распаўсюджаныя хваробы ў іх – гэта тая ж блізарукасць і касавокасць. На дыспансерным уліку ў афтальмолага стаіць 50 дзяцей, якія маюць больш цяжкія захворванні. Гэта таксама ў асноўным школьнікі і падлеткі.
— Ларыса Вячаславаўна, не сакрэт, што камп’ютар, які трывала ўвайшоў у наша жыццё, асабліва ў быт, стаў дадатковым фактарам, які садзейнічае парушэнню зроку?
— Несумненна. Многія дзеці гадзінамі сядзяць за маніторам, іх поўнасцю захопліваюць камп’ютарныя гульні. Асабліва шкодныя ўсялякія “стралялкі” – гульні, дзе часта мяняюцца кадры, мільгаюць светлавыя і лічбавыя эфекты. Аптымальны час бесперапыннай работы за камп’ютарам не павінен перавышаць 25 -30 хвілін для старшакласнікаў і 10 – для малодшых школьнікаў. Пасля гэтага абавязкова трэба зрабіць перапынак для размінкі і гімнастыкі для вачэй. Для прафілактыкі парушэння зроку пры рабоце з камп’ютарам рэкамендуецца выкарыстоўваць спецыяльныя акуляры з антыблікавым пакрыццём.
— І ўсё ж такі востры зрок на працягу ўсяго жыцця можна захаваць?
— Зразумела, калі клапаціцца пра яго з ранніх гадоў. Яшчэ раз падкрэслю, што вельмі важна правільна харчавацца, ужываць вітамінныя прадукты, такія, як кефір, цэльнае малако, сыр, печань, почкі, грыбы, рыбу, моркву, плады шыпшыны, свежыя і высушаныя чарніцы, кукурузу, апельсіны, манга, персікі і іншыя, якія ўтрымліваюць вітаміны В2 і А. Дадаткова можна прымяняць фармацэўтычныя прэпараты. Для вачэй карысны “Трыавіт”, “Асвіт”. У аптэках ёсць і харчовыя біядабаўкі, і вітаміны з чарніцамі – “Фітачарніцы”, “Чарніцы-фортэ”, “Стрыкс-кідс” і іншыя. Каб вочы ў дзяцей і падлеткаў не стамляліся, важна рабіць спецыяльную гімнастыку для вачэй, комплексы практыкаванняў для малодшых, сярэдніх і старэйшых школьнікаў, распрацаваныя спецыялістамі. Калі не ганьбаваць простымі жыццёвымі парадамі, можна надоўга захаваць добры зрок, каб бачыць свет ва ўсёй яго прыгажосці.
Інтэрв’ю ўзяла Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: урач-афтальмолаг Ларыса КАСЦЮЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


узнать больше jaamboo.com.ua

http://velotime.com.ua/

ry-diplomer.com/diplom-v-novokuznetske