«Вот так бы везде на селе!» Ланская амбулатория общей практики (Малоритский район)

Жыхарам вёскі Ланская і навакольных на­селеных пунктаў не трэба ехаць у раённую паліклініку, каб зрабіць электракардыяграму, здаць аналізы, атрымаць фізіяпрацэдуры, набыць лекі, палячыць зубы, а таксама трапіць на прыём да ўрача агульнай практыкі. Усё гэта можна атрымаць на месцы – у Ланской амбулаторыі, якую на працягу амаль трыццаці гадоў узначальвае абаяльная і надзвычай чулая Наталля Анатольеўна Паздзяйкіна.

Калектыў медыцынскай установы невялікі, але вельмі зладжаны і дружны. Тое, што тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, неабыякавыя да чужога болю медыцынскія работнікі, адзначаюць і самі пацыенты.

— Нам з дзедам ужо за восемдзесят гадоў мінула, — кажа жыхарка аддаленай вёскі Яміца Марыя Ціханаўна Максімук. – Хваробы розныя даймаюць, а дабрацца ў Ланскую няма чым. Дык Наталля Анатольеўна, калі па аўторках едзе на прыём у Радзеж, абавязкова заверне і ў  нашу вёсачку. Пацікавіцца, як маемся, як самаадчуванне. Прывязе неабходныя лекі, паслухае, ціск змерае. Яна да кожнага пацыента зойдзе ў хату, нікога не абміне, хоць часу у доктара, вядома, няшмат. Але ад адной яе шчырай, ветлівай усмешкі робіцца лягчэй на душы, весялей. Здаецца, што і хваробы ўсе яна адной рукой здымае.

“Наша Анатольеўна” – так проста, нібыта самага блізкага і дарагога на свеце чалавека, называюць сяльчане свайго доктара — Наталлю Паздзяйкіну. За гэты час яна і сапраўды стала сваёй, а Маларытчына для жанчыны — другой маленькай радзімай.  Ураджэнцы Кемерава Наталля Анатольеўна і яе муж Мікалай Аляксандравіч  зусім не шкадуюць, што лёс звязаў іх сям’ю з Беларуссю.

— Калі ўпершыню мы трапілі на Палессе,  а гэта былі 80-ыя гады мінулага стагоддзя, — прыгадвае Наталля Анатольеўна, — то літаральна ўлюбіліся ў гэты шчодры і гасцінны край. З першых хвілін нас зачаравала прырода  з яе прыгожымі ды непаўторнымі краявідамі. Мы расказвалі сваім знаёмым, і тыя ніяк не маглі паверыць, што ў Беларусі настолькі многа садавіны, асабліва яблыкаў, сліў і груш, што яны ляжаць пад нагамі. У Кемерава ж прадукты былі дарагія,  ды і тых не дастаць.

У Беларусь спачатку пераехалі жыць бацькі Мікалая Аляксандравіча, якія абуладкаваліся ў Мікашэвічах, што на Лу­нінеччыне. Неўзабаве туды пераехалі з Расіі і маладыя ўрачы – Наталля і Анатоль Паздзяйкіны, якім прапанавалі месца працы ў мясцовай бальніцы. Але ўсе планы на будучае перакрэсліў выбух на Чарнобыльскай АЭС. Радыяцыйнае воблака накрыла і Лунінецкі раён. Тады факты аб маштабнасці катастрофы і магчымых наступствах замоўчваліся. Паз­дзяйкіны, як урачы, здагадваліся, чым гэта можа абярнуцца, якую страшную небяспеку тоіць у сабе нябачная ра­дыяцыя.

— Узяўшы самыя неабходныя рэчы, пакінуўшы кватэру і дом, мы паехалі проста ў свет, — працягвае гаворку Наталля Ана­тольеўна. – У мужа быў дазіметр. У кожным раёне спыняліся і вымяралі радыяцыйны фон. Амаль усюды зашкальвала. Толькі ў Маларыцкім раёне радыяцыя аказалася ў норме.

Такім чынам, Наталля і Мікалай Паз­дзяйкіны і апынуліся ў Ланской, дзе ім прапанавалі жыллё і працу. Так яны тут і жывуць, выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў. На жаль, часу ў Наталлі Анатольеўны ў абрэз, таму гаворым на хаду. З самай раніцы доктар у сваіх штодзённых ме­дыцынскіх клопатах: прымае пацыентаў,  якія ідуць адзін за адным. 

Штодзень  урач агульнай практыкі абслугоўвае да 30 чалавек. Зараз, акрамя медыцынскага агляду, праводзіцца і дыспансерызацыя насель­ніцтва.

— Сказаць, што людзі сталі больш хварэць, нельга, — тлумачыць урач. – Наадварот, стала лепшай дыягностыка. Ды і вяскоўцы пачалі больш сачыць за сваім здароўем. Разумеюць, што хваробу лепш па­пя­рэдзіць, чым потым яе лячыць. З другога боку, нельга не адзначыць і той факт, што сардэчна-сасудзістыя хваробы, захворванні ўнутраных органаў, цукровы дыябет маладзеюць. І гэта вельмі трывожыць. Таму робім стаўку на раннія выяўленні і прафілактыку, у тым ліку і анкалагічных новаўтварэнняў. Летась было выяўлена тры выпадкі захворванняў на рак, усяго на ўчастку знаходзіцца пад наглядам 29 чалавек з анкалогіяй. На вялікі жаль, сярод іх ёсць і дзеці.

Да пацыентаў, якія па тых ці іншых прычынах не могуць прыйсці ў амбулаторыю,  каб трапіць на прыём да ўрача, медыкі, узяўшы неабходнае абсталяванне і прэпараты, накіроўваюцца самі. Дарэчы, участак, які замацаваны за Ланской амбулаторыяй,  немаленькі. Сюды ўваходзяць, акрамя Ланской,  населеныя пункты Галёўка,  Яміца,  Заазёрная,  Радзеж,  Навалессе, Хмелішча і Хмялёўка, дзе пражываюць амаль 1300 чалавек, з якіх 162 — дзеці і падлеткі да 18 гадоў.

Памочнікі Наталлі Ана­тольеўны – гэта аку­­­­шэрка Людміла Крэнь і медсястра Іры­на Штандэр. Добрыя сло­вы з вуснаў урача гучаць і ў адрас ла­ба­ранткі Юліі Касцючык. Узорны парадак і чысціню ў амбулаторыі падтрымлівае Ларыса Чуль. Адным словам, абыякавых, выпадковых людзей тут няма. Кожны самааддана робіць сваю справу, стараецца, каб вяскоўцы менш хварэлі і жылі даўжэй, радуючыся кожнаму новаму дню.

Кацярына Яцушкевіч

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!