«Тутэйшыя» Вёска Яміца — адна вуліца і 8 жыхароў (Маларыцкі раён)

Прыезджых у невялічкай вёсачцы Яміца Маларыцкага раёна няма. Тут усе свае – тутэйшыя. Вяскоўцы добра адзін аднаго ведаюць. Ды і жыве тут усяго толькі 8 чалавек. Чужыя сюды не едуць, хіба што толькі ўлетку па грыбы ці ягады хто трапіць. Як гавораць мясцовыя старажылы, Яміца адносна маладая вёска. У 50-60-я гады мінулага стагоддзя сюды перасялялі людзей з навакольных хутароў. Вось і ўтварылася Яміца з адной  вуліцай Лясной.

Фёдар ды Марыя

Усіх, хто ўязджае ў вёску, першым сустракае акуратненькі домік Марыі Ціханаўны і Фёдара Сцяпанавіча Мак­сімукоў. Яны і ёсць старажылы вёскі. Марыі Ціханаўне – 82 гады, а Фёдар Сцяпанавіч 3 мая адзначыць свой 90-гадовы юбілей. Гаспадар з гаспадыняй, нягледзячы на ўзрост, рухавыя, днём завіхаюцца па гас­падарцы, а ўвечары, начапіўшы акуляры, чытаюць газеты. Больш за сорак га­доў Фёдар Сцяпанавіч выпісвае раённую газету “” і разам з жонкай зачытваецца ёю ад першай да апошняй старонкі. Кажуць, што газета дапамагае быць у курсе ўсіх падзей, што адбываюцца ў раёне і за яго межамі. “Без нашай раёнкі мы згубіліся б у часе”, — жартуючы, адзначае гаспадар.

 Марыя Ціханаўна па хаце ўпраўляецца, а Фёдар Сцяпанавіч усё больш па двары тупае. Надвор’е не па-зімоваму цёплае ўсталявалася, якраз добрая нагода плот падрамантаваць, у хлявах парадак навесці ды і каня свайго “сталёвага” час да сяўбы падрыхтаваць. Ніяк не сядзіцца ў хаце гэтымі дзянькамі дзядулі, рукі так і прагнуць працы. І як бы яшчэ ні сваволіў люты, але нават у паветры і лагодных сонечных промнях адчуваецца хуткі надыход вясны. Трактар, які калісьці сваімі рукамі па запчастках сабраў Фёдар Сцяпанавіч, як ні дзіўна, аказаўся на хаду. “Колькі ж гадоў гэтай калымазе? — задумаўся дзядуля і ўсміхнуўся. — Напэўна, амаль столькі, колькі мы з Марыяй разам жывем”.

Насамрэч, нездарма кажуць, што са­праўднае каханне не ржавее, а з гадамі толькі мацнее. У Марыі Ціханаўны і Фёдара Сцяпанавіча – гэта другі шлюб, першы ў абаіх аказаўся няўдалы. Жаніліся яны немаладымі, як у Марыі Ціханаўны, так і ў Фёдара Сцяпанавіча за плячыма ляжала няпростае і нялёгкае жыццё.

Бацька

У іх шмат агульнага, абое – дзеці вайны. Толькі ў адрозненне ад сваёй жонкі, Фёдар Сцяпанавіч добра помніць пра сваё ваеннае маленства, як ледзьве не загінуў ад варожых куль, як у зарасніках ракіты, амаль мёртвы ад страху, хаваўся ад карнікаў. Дзіцячая памяць тыя страшныя падзеі занатавала на ўсё жыццё, да самай старасці.

— Хацеў бы, але хіба такое забудзеш? — кажа дрыжачым голасам дзядуля.  — Вайна для нашай сям’і пачалася значна раней, калі майго бацьку Сцяпана Якаўлевіча Максімука прызвалі ў польскую армію. Але тады пра тое, што хутка стане з нашай сям’ёй і з мільёнамі такіх жа, як і мы, людзей, ніхто нават і не здагадваўся. Пачалася Другая сусветная вайна. Бацька ваяваў нядоўга. Польская армія нацыстамі была разбіта ўшчэнт. Бацька трапіў у нямецкі палон. Мажліва, яму пашанцавала, бо аказаўся не ў канцлагеры, а быў накіраваны “гастарбайтарам” на адзін з нямецкіх заводаў. А якое для мяне было шчасце, калі яго ў 1942 годзе адпусцілі на пабыўку дамоў. Вядома, вяртацца назад у Нямеччыну бацька зусім не збіраўся. Пэўны час ён хаваўся, а потым выйшаў на партызанаў і рамантаваў ім зброю, майстраваў міны, выконваў іншыя баявыя заданні. Памятаю, гэта здарылася летам 1943 года. Нашу вёску Збураж карнікі спалілі, людзі паўцякалі хто-куды. Жылі ў зямлянках на хутарах. Я, мой бацька і яго брат вярталіся з лесу, калі ледзьве не трапілі ў лапы да немцаў. Тое, што нас яны заўважылі, бацька скеміў адразу. “Хутчэй паўзіце да канавы, а там прабірайцеся праз хмызняк да лесу”, — загадаў мне і майму дзядзьку бацька. Страх так скаваў маё цела, што я не мог нават паварушыць ні рукой, ні нагой. Дарослыя перабежкамі кінуліся ў лес. Наўздагон ім застрачыў кулямёт. Здавалася, што кулі пралятаюць у некалькіх сантыметрах ад маёй галавы. Я ўвесь сцяўся. Нацягнуў на сябе жоўценькі кажушок, які звычайна браў замест коўдры, каб ухутвацца ноччу ад холаду, таму што начавалі дзе давядзецца: і ў стагах сена, і проста пад адкрытым небам. Дарэчы, гэты кажушок і выратаваў маё жыццё. Немцы ішлі ланцужком, прачэсвалі наваколле. Я нават добра чуў іх гаворку, якая раптам пачала аддаляцца ўсё далей і далей. Потым мяне, напужанага да смерці, знайшлі родныя.

Дарэчы, Сцяпан Якаўлевіч Максімук пасля вызвалення раёна пайшоў на фронт. Пры выкананні баявога задання за некалькі месяцаў да Перамогі  быў цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнамі Славы III ступені і Айчыннай вайны I ступені. 

Слухаю аповед дзядулі і ўяўляю, колькі гора і няшчасця давялося перанесці яго пакаленню. Хаця такое ўявіць цяжка, гэта трэба перажыць, адчуць на сабе ўвесь той цяжар нягод, што лёг на кволыя плечы дзяцей, якія перажылі вайну. 

Суседачкі

— Ой, Фёдар, хутка аўталаўка павінна падысці, — перабівае дзядулевы ўспаміны Марыя Ціханаўна. – За размовай каб не правароніць машыну, без хлеба за­станемся.

Аўталаўка якраз спыняецца насупраць хаты Максімукоў. Неўзабаве падыходзяць яшчэ некалькі вяскоўцаў, якія купляюць малако, алей, хлеб. Завязваецца гаворка. Жанчыны, а падышлі да аўталаўкі Еўдакія Васільеўна Аўдзяюк і Вера Васільеўна Півень, пачалі расказваць апошнія навіны.

— Знаёмцеся, Еўдакія і Вера – мае су­седачкі, — гаворыць Марыя Ціханаўна. – Бывае, што сустрэнемся, перакінемся словам. Яны жывуць на тым канцы вёскі. А чаму іх называю суседкамі? Дык таму, што мы тут усе адзін аднаму суседзі.

Вера Васільеўна ўжо на пенсіі, але яна адна з самых маладых жыхарак Яміцы. У 1983 годзе Вера Півень разам з сям’ёй пакінула Брэст і пераехала ў вёску, каб даглядаць за хворымі бацькамі. Так яна тут з мужам і засталася. Дзеці даўно выраслі і, нібыта тыя птушкі, разляцеліся з роднага гнязда.

— Сумна ў нас, асабліва ўзімку, калі цямнее рана, а вечары здаюцца доўгімі-доўгімі, — гаворыць Вера Васільеўна. – Каб сябе нечым заняць, вяжу шкарпэткі для дзяцей і ўнукаў, якіх у мяне ўжо васьмёра.

Вера Васільеўна і яе муж Віктар Іванавіч, бадай, адзіныя, хто трымае вялікую гаспадарку ў Яміцы.

— Пакуль здужаем, трымаем жыўнасць на падворку. А як жа інакш? — пытае гаспадыня. – Дзецям ды ўнукам да­памагаем. Усё ж такі свая агародніна ды садавіна намнога таннейшая і смач­нейшая, чым магазінная.

Еўдакія Аўдзяюк добра памятае, калі ў Яміцы жыццё біла праз край. Яна таксама тутэйшая. У сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя яе бацька перасяліўся з хутара сюды. З тых часоў яна тут і жыве. 33 гады адпрацавала прадаўшчыцай у райспажыўтаварыстве, апошнія гады шчыравала ў мясцовай краме.

— Уяўляеце, напрыканцы 80-х гадоў у нашай Яміцы пражывала больш за 100 чалавек, — адзначае Еўдакія Васільеўна. – Я добра памятаю, таму што тады многія прадукты выдавалі па  талонах. На кожным падворку – па дзве-тры каровы. На адну Яміцу ажно тры грамадскія статкі. А цяпер маладыя і коз трымаць не хочуць, таму што клопату шмат, лепей у інтэрнэце пасядзець.

Асабістае жыццё не склалася ў жан­чыны. Ад цяжкай хваробы заўчасна пайшоў з жыцця першы муж, дзевяць гадоў таму пахавала другога. Радасць і шчасце Еўдакіі Васільеўны — чацвёра яе дзяцей, 8 унукаў і 4 праўнукі.

Калі ў гэтую маленькую вёсачку, згубленую сярод сасновага бору, няхай на­ват на выхадныя і святы  прыязджаюць дзеці, унукі і праўнукі яе жыхароў,  Яміца ажывае, і вуліца Лясная напаўняецца вясёлым, гарэзлівым смехам.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!