«Два юбілеі» Мельніцкая базавая школа – адна са старэйшых навучальных устаноў адукацыі Маларыцкага раёна

Мельніцкая базавая школа – адна са старэйшых навучальных устаноў адукацыі Маларытчыны. Пятнаццатага лютага адзначалася адразу два юбілеі: 135 гадоў з дня адкрыцця і 50 гадоў – з моманту пачатку заняткаў у сённяшнім будынку.

Мельніцкая базавая школа сёння – невялікая сельская навучальная ўстанова. У ёй працуе 28 чалавек (з іх 18 – гэта педагогі), навучаецца 83 вучні. У школе моцныя традыцыі, якія падтрымліваюцца і прымнажаюцца. Вялікая ўвага  ва ўстанове адукацыі надаецца грамадзянска-патрыятычнаму, духоўна-маральнаму, прававому, працоўнаму выхаванню,  пытанням здаровага ладу жыцця.

Для сусветнай гісторыі 135 гадоў – гэта, напэўна, кароткае імгненне, але для ўстановы адукацыі –  цэлае жыццё з узлётамі і падзеннямі, перамогамі і горыччу няўдач. Таму юбілей школы не толькі гістарычная вяха, але і пэўны рубеж,  які дае магчымасць прааналізаваць пройдзены шлях, успомніць добрым словам тых, хто ўнёс уклад у агульную справу навучання і выхавання, а таксама скарэкціраваць планы на будучыню.

На працягу доўгага часу стваралася  гісторыя ўстановы адукацыі, з якой звязаны лёсы многіх людзей, пісаўся яе летапіс. У школьным музеі сабраны дакументы, фотаздымкі, успаміны калег і  былых выпускнікоў установы адукацыі. Менавіта з яго наведвання і пачалося святочнае мерапрыемства.

Працягам урачыстасці стала азнаямленне з выставай творчых работ настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў “Нашай школе прысвячаецца” і святочны канцэрт, падрыхтаваны вучнямі і настаўнікамі ўстановы адукацыі. На імправізаваную сцэну з падарункамі да юбілеяў і найлепшымі пажаданнямі выходзілі госці.

Калектыў Мельніцкай базавай школы з памятнай датай павіншавала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, начальнік аддзела па адукацыі Таццяна Лаўрэенка, старшыня Маларыцкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Бурштын.

Шмат цёплых слоў у адрас калектыву Мельніцкай БШ сказаў і памочнік ляснічага Хаціслаўскага лясніцтва Віталь Тыцык, а таксама настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма аг. Хаціслаў протаіерэй Пётр Пяшко, старшыня Хаціслаўскага сельсавета Аляксандр Карабейка,  дырэктар Хаціслаўскай СШ Аляксандр Агаркаў, дырэктар Хаціслаўскага СДК Галіна Хомік. Перад гасцямі выступіў узорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала”.

Падчас урачыстага мерапрыемства лепшыя  работнікі Мельніцкай базавай школы  былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню.

*  *  *

Юбілей Мельніцкай базавай шко­лы – ужо таксама частка яе гіс­торыі. Прагучалі пажаданні,  уручаны падарункі.  Пачаліся звычайныя штодзённыя школьныя будні са сваімі клопатамі і турботамі. Педагагічны калектыў Мельніцкай базавай школы выдатна разумее, што яму, як і раней, неабходна даваць сваім вучням трывалыя веды і выхоўваць іх сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі сваёй Радзімы.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!