Дзеля ўсеагульнай карысці

Будынак, у якім ужо шмат гадоў размяшчаецца райаддзел унутраных спраў, быў пабудаваны яшчэ ў 1931 годзе на сродкі, якія гаспадар яго атрымаў на заробках у Амерыцы. З 1939 года тут плённа працуюць супрацоўнікі міліцыі. Да першапачатковага памяшкання дабавілася прыбудова, якая павялічыла яго плошчу амаль у два разы. Не раз змяняў міліцэйскі дом свой знешні выгляд. Праўда, з 1985 года тут праводзіліся толькі касметычныя рамонты. Таму можна ўявіць, які аб’ём работ чакаў супрацоўнікаў райаддзела, калі пачалася рэканструкцыя. Затое вынік уразіў усіх.
Урачыста адкрывалі будынак райаддзела ўнутраных спраў пасля рамонту. Можна сказаць, што было арганізавана сапраўднае свята з хлебам-соллю, песнямі, паветранымі шарамі, якія луналі ў паветры, духавым аркестрам. Права перарэзаць чырвоную стужку і першымі ступіць на парог абноўленага будынка было дадзена начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёру міліцыі Уладзіміру Васільевічу Сычэўскаму і старшыні Маларыцкага райвыканкама Казіміру Віктаравічу Лапічу. Асвяціць сцены будынка, у якім працуюць вартавыя правапарадку, прыйшоў благачынны цэркваў раёна айцец Віктар.
— Сёння для ўсіх супрацоўнікаў райаддзела вельмі важны дзень, — пачаў сваё прывітальнае выступленне Уладзімір Сычэўскі. – У абноўленым будынку, які мы сёння адкрываем, спадзяемся, будзе камфортна працаваць. У час рэканструкцыі было ўнесена нямала змяненняў, што дазволіла зрабіць будынак прыгожым. Дык няхай і работа ў ім будзе паспяховай.
Акрамя цёплых слоў, начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама прыпаднёс у падарунак раённаму аддзелу ўнутраных спраў ключы ад новага аўтамабіля, якія былі ўручаны начальніку райаддзела Аляксандру Мельніку. Такі падарунак, безумоўна, дапаможа больш аператыўна вырашыць многія надзённыя праблемы.
— Цяпер будынак РАУС, які знаходзіцца ў самым цэнтры, мае прыгожы архітэктурны выгляд. У параўнанні з тым, што мы назіралі раней, ён стаў непазнавальным. Пачатак пакла­дзены. Думаю, су­працоўнікі міліцыі будуць і далей працаваць над добраўпарадкаваннем. Дзякуй усім, хто прымаў удзел у гэтай няпростай рабоце, – заўважыў, выступаючы, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
Старшыня савета ветэранаў органаў унутраных спраў райаддзела міліцыі, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксей Уладзіміравіч Паўлюкавец, які 10 гадоў узначальваў калектыў раённага аддзела ўнутраных спраў, таксама выступіў на ўрачыстасці, і, звяртаючыся да сённяшніх супрацоўнікаў міліцыі, падкрэсліў, што, нягледзя­­чы на ўзрост, заўжды гатоў прыйсці ім на дапамогу калі не справай, дык хоць слушнай парадай.
Пасля ўрачыстай часткі заінтрыгаваныя, усе пайшлі глядзець, якім цяпер стала аддзяленне міліцыі ўнутры. Убачанае перавысіла ўсе чаканні. Светлыя, камфартабельныя, адрамантаваныя кабінеты выглядалі проста цудоўна.
— Гэта заслуга нашых супрацоўнікаў. У мэтах эканоміі ўнутраны рамонт мы рабілі сваімі сіламі. Атрымалася даволі нядрэнна, — расказваў начальнік Маларыцкага РАУС Аляксандр Дзмітрыевіч Мельнік. – Засталося толькі разабрацца з некаторымі дробязямі. Усе работы плануем завяршыць да новага года.
Цяпер рабоце супрацоўнікаў, як адзначыў Аляксандр Дзмітрыевіч, не будуць перашкаджаць ні сырасць, ні холад, а добраўпарадкаванасць і камфорт дабавяць энергіі і добрага настрою.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: з прывітальным словам выступае Уладзімір СЫЧЭЎСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.zaraz.org.ua

www.profvest.com

surrogacy motherhood
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!