“ПапаЗал” Маларытчане таксама ўдзельнічаюць у новым сацыяльным праекце

ПапаЗал — гэта новы сацыяльна-аздараўленчы праект БРСМ,  які 23 лютага стартаваў  у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна, – расказвае першы сакратар раённага  камітэта БРСМ Ганна Панкратава, — “ПапаЗал” — для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і проста аматараў фізкультуры, якія жадаюць праводзіць вольны час актыўна, займаючыся спортам разам са сваімі дзецьмі. Галоўная задача праекта — прапаганда здаровага ладу жыцця,  папулярызацыя адказнага бацькоўства і сямейных каштоўнасцяў.

На першыя заняткі прыйшло 13 бацькоў рознага ўзросту са сваімі дзецьмі не толькі з горада, але і раёна. На працягу больш чым гадзіны “трэніроўку” праводзіў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Велікарыцкай СШ Аляксандр Іўковіч. Зала была падзелена на зоны (“Цыркавая”, “Гімнастычная”, “Снежны снайпер”, “Боўлінг”, “Гандбольная”, “Скок ды скок”, “Волат”,  “Паветраная”, “Твіст”, “Футбольная”). На кожнай з іх тата з дзіцём выконваў пэўнае “спартыўнае” заданне.

Плануецца, што сустрэчы ў “ПапаЗале” стануць рэгулярнымі.  Пакуль жа перыядычнасць іх правядзення – раз на месяц.

— Мы спадзяемся на пашырэнне праекта, на яго запатрабаванасць сярод жыхароў Маларытчыны, — кажа Ганна Панкратава. — На заняткі можа трапіць любы жадаючы тата з дачкой ці сынам. Заняткі бясплатныя. Запрашаем усіх татаў папоўніць рады “ПапаЗалы” і з карысцю правесці вольны час.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!