Чаму адразу штраф, а не папярэджанне?

Якія меры можа прымяніць міліцыя да пажылога чалавека, што злоўжывае спіртным і робіць невыносным жыццё сваіх блізкіх? Каго маюць права накіраваць у лячэбна-працоўны прафілакторый? Чаму за правапарушэнні, учыненыя пешаходамі, прымяняецца толькі такая мера пакарання, як штраф, пры наяўнасці альтэрнатывы – папярэджання? Гэтыя і іншыя пытанні высвятлялі грамадзяне ў начальніка райаддзела ўнутраных спраў Аляксандра МЕЛЬНІКА, з якім была арганізавана “прамая лінія” ў рэдакцыі райгазеты.
Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з яе.
Жанчына, якая не пажадала назваць сябе:
— Мой муж злоўжывае спіртным. Часта зневажае мяне, нярэдка нават руку прыкладвае. Ці можна яго накіраваць на лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый?
Аляксандр Мельнік:
— А колькі яму гадоў?
Ж.:
— 70.
А. М.:
— На жаль, чалавека ў такім узросце мы не маем права накіроўваць у лячэбна-працоўны прафілакторый. А вось прыцягнуць да адказнасці, калі ён дапусціў якое-небудзь правапарушэнне, скажам, п’яным з’явіўся ў грамадскім месцы, распіваў спіртное ў грамадскім месцы альбо непрыстойна паводзіў сябе: некага зняважыў і да т.п., можна. Дастаткова выявіць такі факт. Калі ж п’яніца зневажае родных ці здзекуецца з іх, каб прыцягнуць яго да адказнасці, неабходна заява ад родных.
Ж.:
— І яшчэ ў мяне адно да Вас пытанне. Чаму майго сына накіроўвалі ў лячэбна-працоўны прафілакторый?
А. М.:
— Згодна з Законам РБ “Аб парадку і ўмовах накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый”, калі асоба, якая пакутуе хранічным алкагалізмам, на працягу года 3 разы і больш учыніла адмініст­рацыйнае парушэнне ў стане алкагольнага ап’янення, міліцыя абавязана паставіць перад судом пытанне аб накіраванні яе ў ЛПП. Паўтараю: калі ўрачамі выяўлены дыягназ “хранічны алкагалізм”. У Вашага сына быў менавіта такі дыягназ, 3 разы на год ён учыняў адміністрацыйныя правапарушэнні. Таму мы абавязаны былі прымаць меры падобнага характару.
Марыя Юр’еўна Алесік, маларытчанка:
— Чаму за правапарушэнне, учыненае пешаходамі, прымяняецца толькі адна мера пакарання – штраф, у той час, як ёсць яшчэ і альтэрнатыўная – папярэджанне?
А. М.:
— Як паказвае практыка, большасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў, учыняецца па віне саміх пешаходаў. І мы перакананы, што такая мера пакарання, як папярэджанне, не з’яўляецца дзейснай.
Міхаіл Астапук, маларытчанін:
— Я вадзіцель вялікагрузнай машыны. Ці ёсць у нашым гора­дзе стаянка для такіх машын?
А. М.:
— У нашым горадзе цяпер функцыяніруе стаянка на тэрыторыі былога мех­двара саўгаса “Маларыцкі” каля былога будынка праўлення. Там можна машыну і ставіць.
Святлана Міхайлаўна:
— Супрацоўнікі міліцыі з пачатку жніўня пачалі штрафаваць тых, хто мае мапед ці скутар, але не зарэгістраваў яго, а таксама не даставіў на тэхагляд, як і за адсутнасць вадзіцельскага пасведчання. Але я, да прыкладу, ведала і чытала ў друку толькі аб неабходнасці рэгістрацыі мапедаў і скутараў, аб абавязковым тэхаглядзе іх, а вось пра неабходнасць вадзіцельскага пасведчання не чула.
А. М.:
— Паважаная Святлана Міхайлаўна, хачу Вам напомніць, што няведанне закона не вызваляе ад пакарання. Тым больш, што закон, які абавязвае ўладальнікаў скутараў і мапедаў мець адпаведнае вадзіцельскае пасведчанне, не адразу ўступіў у сілу пасля таго, як быў прыняты. 3 месяцы быў аб’яўлены мараторый і меры адміністрацыйнага ўздзеяння да скутарыстаў і мапедыстаў не прымяняліся. А гэтага было дастаткова, каб прайсці навучанне і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне.
С. М.:
— Ведаеце, як цяжка ў немаладым узросце праходзіць такое навучанне.
А. М.:
— Разумею, нялёгка. Маладыя людзі па 10 разоў пераздаюць экзамен. Але так патрабуе закон.
Запісала
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік райаддзела ўнутраных спраў Аляксандр МЕЛЬНІК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.