“Рыцкі куфэрак” Анатоля Барысюка (Маларыцкі раён)

Кіраўніку народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак” ГДК Анатолю Барысюку аб’яўлена Падзяка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Высокую ўзнагароду ён атрымаў за шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм.

У кожнага чалавека да выбару прафесіі свой шлях. Часам бывае, што дзіцячая мара настолькі захапляе чалавека, што пераўтвараецца ў справу ўсяго жыцця. Так адбылося і з Анатолем Барысюком.

Ён вырас у вёсцы Сушытніца. З маленства яму падабалася музыка, асабліва – народная. Любоў да яе Анатолю пера­да­лася ў спадчыну. Дзядуля быў вядомым на ўсю акругу баяністам-самавучкам, а бабуля мела прыгожы голас. Хлопчыку так­сама хацелася навучыцца іграць на баяне і прыгожа спяваць. Але пра сваё жаданне асмельваўся гаварыць нямногім.

У той час у Хаціславе  адкры­лася музычная школа. Праз год Анатоль стаў яе вучнем.

– Але праз некаторы час музычную школу ў вёсцы ча­мусь­ці закрылі, – гаворыць Ана­толь Барысюк. – Я выра­шыў, што на паўдарозе нель­га спыняцца: неабходна  пра­цяг­ваць музычную навуку. Мяне падтрымала дырэктар мясцовага Дома культуры Галіна Іванаўна Хомік. Яна прапанавала  стаць удзельнікам  ансамбля народнай песні “Ха­ціславяначка”.

Паступіць вучыцца на аддзя­ленне харавой народнай музы­кі Гродзенскага вучылішча мас­тацтваў Анатолю Мікалаевічу асаблівай цяжкасці не склала. На першае месца працы ў 1997 годзе  прыехаў у Хаціслаўскі СДК і быў залічаны спачатку на пасаду акампаніятара, а праз тры гады стаў мастацкім кіраўніком у гэтай жа установе культуры. Таленавітага юнака хутка заўважылі і ў “раёне”. Яму прапанавалі стаць яшчэ і ўдзельнікам ансамбля культ­работнікаў “Рыцкі куфэ­рак”.  Ад гэтага Анатоль Бары­сюк таксама адмовіцца не мог, ра­зумеў, што сцэна – яго жыццё, якая змяняе чалавека ўнутрана, узбагачае, надае радасць жыцця, бадзёрасць, аптымізм. Песня, на думку Ана­­толя Барысюка, акрыляе, узвышае над будзённасцю, стварае цудоўны настрой.

Анатоль Барысюк пастаянна займаўся самаадукацыяй. Для павышэння свайго прафесійнага ўзроўню ён паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры.

– Праз некалькі гадоў мне пра­панавалі пасаду  дырэк­тара Маларыцкага ГДК, – рас­казвае Анатоль Мікалаевіч. – Пасля роздумаў вырашыў па­спрабаваць. ГДК узначальваў некалькі гадоў. Адміністрацыйная работа звязвала па руках і нагах. А мне пастаянна хацелася на сцэну, да гледачоў. Сумаваў па рэпетыцыях, выступленнях, гастролях. Таму пакінуў  пасаду заканамерна. Я зноў апынуўся ў сваім звыклым асяроддзі, дзе, здавалася, нават дыхалася лягчэй і вальней.

У 2004 годзе Анатоль Бары­сюк стаў кіраўніком народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак”. Шмат зроблена на гэтай адказнай пасадзе. Калек­тыў трывала стаў на ногі, набыў вядомасць за межамі раёна і вобласці.

Ансамбль цяпер вядзе актыў­ную творчую і гастрольную дзей­насць, удзельнічае ў мера­прыемствах рознага ўзроўню. “Рыцкі куфэрак” з творчым візітам не раз пабываў ва Украі­не, Польшчы, Германіі, Сла­вакіі, штогод прымае ўдзел у абласных фестывалях-кірма­шах “Дажынкі”, з’яўляецца лаў­рэа­там і дыпламантам роз­ных творчых конкурсаў, ужо пяць разоў пацвердзіў званне народнага.

– Анатоль Мікалаевіч, якія планы ў “Рыцкага куфэрка”?

– Іх шмат. Аднак не хацелася б гэтыя планы агучваць раней часу. Скажу, што цяпер калек­тыў імкнецца не стаяць на ад­ным месцы. “Рыцкі куфэрак”  планамерна развіваецца далей, адпавядаючы патрабаванням часу. Мы зберагаем традыцыі, жывём сучасным і творым буду­чыню. У гэтым, напэўна, і ёсць сэнс існавання калектыву.

Між іншым, у гэтым годзе ў калектыву юбілейная дата – 30 гадоў на сцэне.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!