«Што такое шчасце?» Меркаванне майстра Наталлі Астапук (Маларыцкі раён)

Што такое шчасце? На гэтае пы­танне майстар кансервавай вытворчасці Маларыцкага кан­сервавагароднінасушыльнага кам­біната Наталля Астапук адказала так:

– Шчаслівым можа быць любы чалавек. Аднак у кожнага з нас сваё ўяўленне пра яго. Сапраўднае шчасце, мне здаецца, складаецца з наступных непадзельных і цесна ўзаемазвязаных частак: сям’і, дзе можна заўсёды знайсці падтрымку, цеплыню і разуменне, дзяцей, якія вызначыліся са сваёй жыццёвай дарогай, а таксама з любімай работы, якая дае магчымасці рэалізавацца, з надзейных сяброў…

 

 У Наталлі Мікалаеўны ўсё гэта ёсць. Жанчына цяпер не раз успамінае жыццёвую мудрасць сваіх бацькоў,  якія часта гаварылі, што быць шчаслівай – значыць нічога нікому не даказваць, а штодня проста адчуваць сябе такой.

Наталля Мікалаеўна нарадзілася і вырасла ў в.Пішча (Шацкі раён Украіны). З маленства вырашыла, што стане ўрачом. Для ажыццяўлення сваёй мары паехала ў Іванаўскі медыцынскі інстытут (Маскоўская вобласць). Рыхтавалася да  паступлення сур’ёзна, нават наведвала там падрыхтоўчыя курсы. Але рэальна прааналізаваўшы і ацаніўшы сітуацыю (конкурс быў дзесяць чалавек на месца), вырашыла не рызыкаваць. Пасля роздумаў дакументы падала ў Іванаўскі  энергетычны інстытут, каб набыць спецыяльнасць інжынера цеплатэхніка-цеплаэнергетыка, звязаную з праграмным забеспячэннем  ТЭС.

–Я вучылася добра, ды і выбраная прафесія падабалася, – кажа Наталля Астапук. – На практыку ездзіла на Сургуцкую ГРЭС-2, флагман цеплавой энергетыкі Расіі (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга). Былі планы застацца там працаваць, але лёс распарадзіўся інакш. Пачаліся гады перабудовы. З развалам СССР далёка ад родных месцаў адной мне было нялёгка, асабліва – у фінансавым плане. А тут яшчэ захварэла маці. За ёю неабходны быў догляд. Пасля заканчэння трох курсаў ВНУ мне давялося кінуць вучобу. Іншага выйсця ў мяне тады не было.

Наталля Астапук вярнулася ў родную вёску. Пошукі працы прывялі ў Маларыту. Людзі падказалі, што на кансервавы завод патрабуюцца рабочыя. Так з 1 верасня 1992 года Наталля Мікалаеўна апынулася на прадпрыемстве. Пазней яна, закончыўшы ў Мінску курсы, была пераведзена стэрылізоўшчыцай. Затым вучылася ў Навагрудскім гандлёва-эка­намічным каледжы. З 10 каст­рычніка 2011 года ста­ла майстрам кансервавай вытворчасці. На гэтай пасадзе яна і зараз добрасумленна пра­цуе.

– Я не шкадую, што так склаліся жыццёвыя абста­віны, – гаворыць Наталля Мі­калаеўна.  – Напэўна, так трэба было. Зрэшты,  што не здолела ажыццявіць з задуманага сама,  ажыццявілі сыны. Аляксандр стаў урачом агульнай практыкі, а Сяргей вучыцца на праграміста.

Наталля Астапук у вольны час любіць кулінарыць, гатаваць смачныя стравы. Асабліва яна завіхаецца на кухні тады, калі прыязджаюць сыны і нявестка. Хочацца жанчыне парадаваць іх  і пачаставаць нечым смачным. А яшчэ Наталля Астапук любіць  вязаць  на прутках, даглядаць за шматлікімі пакаёвымі кветкамі, сярод якіх любімымі з’яўляюцца фіялкі, архідэі. А з надыходам цёплых дзён клопатаў у жанчыны стане яшчэ больш:  догляду чакаюць цюльпаны,  півоні,  лілеі… І калі рознакаляровы кветкавы ды­ван на падворку радуе вока – гэта таксама шчасце!

  Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!