Рэцэпт шчасця Алены Кадун (Маларыцкі раён)

І вось, нарэшце, надышла доўгачаканая летуценніца- вясна – пара кахання, шчасця і надзей. А на дварэ на ўсю моц віруе вясновае паўнаводдзе пачуццяў, гукаў і фарбаў. Маленькімі сонейкамі зіхацяць мімозы, яркім полымем пунсавеюць ганарлівыя ружы, далікатна-пяшчотнымі пялёсткамі радуюць вока цюльпаны. Сакавік дорыць найпрыгажэйшай палове чалавецтва кветкі, ма­ла­досць і каханне. І хоць яшчэ ў лагчынах сям-там ляжыць снег і час ад часу амаль да дрыжыкаў праймае халодны сівер – зіма імкнецца вяр­нуць сваё валадарст­ва,  вясна, з кожным днём набіраючы моц,  смела шпацыруе па гарадах і сёлах,  лясах і палетках, аздабляючы карункавай зелянінай усё наваколле.

З асаблівым пачуццём сустра­кае сёлетнюю вясну і маларыт­чанка Алена Кадун, якая больш за дваццаць гадоў працуе праві­зарам у цэнт­ральнай раённай ап­тэцы №14.

— Вясна – мая любімая пара года, — гаворыць Алена  Уладзіміраўна.- Гэта цудоўны час абнаўлення, спадзя­ванняў і мар,  калі ажывае прырода і так хочацца верыць у самае лепшае, нешта тварыць, несці ў гэты свет толькі цеплыню і дабро.

Алена Уладзіміраўна вясною двой­­чы атрымлівае падарункі ад сваіх блізкіх і родных. Па традыцыі  8 Сакавіка з раніцы яе ўтульную кватэру ўпрыгожаць любімыя кветкі, падораныя мужам і сынам, а таксама паштоўка, зробленая ўласнымі рукамі чатырохгадовай дачушкі. Потым яны ўсе разам збяруцца за святочным сталом, будуць частавацца ласункамі і жартаваць. І няма большага шчасця на свеце для Алены Уладзіміраўны, чым вось так усім разам праводзіць вольны час. Сям’я для жанчыны займае галоўнае месца ў жыцці. Дзеці і муж – гэта і шчасце, і каханне і ўвогуле цэлы сусвет, які стварыла яна сваімі далікатнымі рукамі. Дваццаць адзін год таму, калі па размеркаванні Алена трапіла ў Маларыту,  яна наўрад ці думала, што праз пэўны час Маларытчына стане для яе другой радзімай,  такой жа роднай і блізкай, як яе Хоцімскі раён,  што на Магілёўшчыне.

18 красавіка ў сям’і Кадун таксама адметная дата – сёлета іх прыгожая матуля і каханая жонка адзначыць свой 40-гадовы юбілей. Пра сябе Алена Уладзімі­раў­на асаб­ліва многа гаварыць не любіць. Яна вельмі далікатная, тактоўная, сціплая і прыгожая жанчына, якая зачароўвае сваёй непаўторнай і абаяльнай усмешкай. Ёй вельмі да твару белы халат,  а спакойны мяккі тэмбр голасу адразу выклікае давер і прыхільнасць у наведвальнікаў аптэкі. Калі б Алена Уладзіміраўна не стала  правізарам, то, напэўна, усё роўна звязала б свой лёс з медыцынай,  атрымаўшы спецыяльнасць урача. Яе жыццёвае крэда – дапамагаць іншым добрым шчырым словам,  справай,  учынкамі.

— Праца правізара не з лёгкіх, — далучаецца да размовы загадчыца Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэкі Наталля Ганчарэнка. – Алена Уладзіміраўна мае добрую рэпутацыю, цудоўна спраўляецца з ускладзенымі на яе абавязкамі. А гэта прыёмка і адказнасць за якасць лекаў, кантроль за тэхналогіяй вы­рабу разнастайных лекавых прэпаратаў,  асабліва для немаўлят. Алена Кадун – цудоўны спецыяліст, на якога можна паспадзявацца і які ніколі не падвядзе, а з даручаным заданнем справіцца,  ахвяруючы нават сваім вольным часам, калі ў тым ёсць патрэба. 

Алена Уладзіміраўна сапраўдная чараўніца, таму што пад яе непасрэдным кантролем вырабляюцца ў аптэцы лекі па рэцэпце, што вы­­­пісвае для хворых урач. Лекі пад заказ робяцца ў асноўным для дзетак, і тут вельмі важна ўсе кампаненты разлічыць да драб­ніц. Правізар цудоўна з гэтым спраўляецца і з’яўляецца для ма­ладых спецыялістаў прыкладам сапраўднага прафесіяналізму, адданасці аптэчнай справе.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!