Маларытчане сталі аднымі з лепшых у тэлевізійным праекце «Я ведаю!»

Восем вучняў раённай гімназіі прынялі ўдзел у тэлевізійным праекце “Я ведаю!” другога сезону на тэлеканале “Беларусь-1”. Гэта пяцікласнікі Аляксей Карпук і Мікалай Пачынчук, шасцікласнік Іван Грэцкі, сямікласнік Яўген Бурда, васьмікласнікі Мікіта Сезік і Андрэй Алесік, дзевяцікласнікі Уладзіслаў Шульжык і Сафія Ко­бак. Усе яны не адзін год зай­­маюцца ў трэнера, на­стаўніка тэхнічнай працы раённай гімназіі Леаніда Лук’янчука. Між іншым, паглядзець перадачы ў запісе з удзелам маларытчан можна на сайце тэлеканала “Беларусь-1”  

У сваіх ўзроставых ка­тэгорыях лепшымі ў паў­фіналах сталі Яўген Бурда і Уладзіслаў Шульжык. Яўген за час адказнай гуль­ні здолеў набраць 53 балы, а Уладзіслаў – 49. Яны, як пераможцы, прайшлі у фінал гэтага інтэлектуальнага спа­борніцтва.  Там ма­ларытчане таксама пра­дэманстравалі добрыя веды, аднак да перамогі хлопцам трошкі не хапіла балаў. Яўген  заняў чацвёртае выніковае месца, а Уладзіслаў увайшоў у дзясятку мацнейшых ігракоў. 

Яўген Бурда і Уладзіслаў Шульжык не толькі добра вучацца. Яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі інтэлектуальных каманд раённай гімназіі. Яўген другі год узначальвае гімназічную каманду знаў­цаў “Вікторыя”, а Уладзіслаў чацвёрты год наведвае заняткі аб’яд­нання па інтарэсах і на спаборніцтвах рознага ўз­роўню прадстаўляе каманду “Джэнтльмены ўдачы”.

–Заданні ў фінале  са­праўды былі не з лёгкіх,  – гаворыць Яўген Бурда. – Пасля першага і другога тураў я з’яўляўся ад­ным з лідараў, аднак скла­данымі мне падаліся пытанні трэцяга тура. У ім неабходна было даць адказы на 10 пытанняў, дзе правільныя варыянты зусім не прапаноўваліся. Мне не хапіла часу на абдумванне. Па гэтай прычыне і недабраў неабходныя балы. А ў чацвёрты тур, згодна з умовамі гульні, праходзяць толькі два ўдзельнікі, якія на­бралі найбольш балаў па выніках папярэдніх ту­раў.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!