ФАКЕЛ ВЕДАЎ – ПРАЗ ЖЫЦЦЁВЫ ШЛЯХ

Ці ведаеце вы, калі з’явілася першая бібліятэка і як называецца першая друкаваная кніга? Ці памятаеце вы імёны людзей, якія жылі дзеля асветы і пранеслі факел ведаў праз увесь свой жыццёвы шлях? Адказы на гэтыя пытанні яшчэ дзецьмі мы атрымліваем у школе. Магчымасць асвяжыць свае веды з’явілася ў лепшых чытачоў раённай бібліятэкі, дзякуючы сустрэчы, якую правялі бібліятэкары напярэдадні свайго прафесійнага свята.
Для гэтага мерапрыемства больш падыходзіць назва «шчырая бяседа». За чаяваннем гаварылі гаспадары і госці пра літаратуру, кніжныя навінкі, культуру, адукацыю, ды і ў цэлым пра жыццё. Думаю, ніхто з запрошаных чытачоў не пашкадаваў, што правёў час разам з бібліятэкарамі. Тым больш, што сабраліся ў чытальнай зале тыя, хто наведвае скарбніцу ведаў амаль кожны дзень. Яны самі ўжо могуць усё расказаць пра мноства кніг, якія стаяць на кніжных паліцах, і параіць цікавае выданне.
— Вельмі прыемна бачыць вас тут. Нягледзячы на надвор’е і настрой, вы заўсёды спяшаецеся за новымі кнігамі і ніколі не адмаўляеце нам у дапамозе, — дзякавалі бібліятэкары чытачам Людміле Ляўчук, Таццяне Кашэпа, Наталлі Котавай, Віталіі Сезік, Таццяне Дваракоўскай, Наталлі Тарноўскай.
Напярэдадні сустрэчы бібліятэкары падвялі вынікі чытацкага конкурсу. У намінацыі “Залаты фармуляр” лідарам была прызнана Наталля Кох. Сярод самых чытаючых двароў пальма першынства была аддадзена двару дома № 85 па вул. Савецкай. А вось у лік лепшых чытаючых сем’яў патрапілі Алег і Лідзія Крыкота, Соф’я і Пётр Якубчыкі, Валянцін і Кацярына Гусаковы, Генадзь і Вольга Кісялевічы.
Чытачы таксама не шкада­валі на сустрэчы шчырых слоў. Яны выказвалі ўдзячнасць за паразуменне, здольнасць бібліятэкараў прапаноўваць менавіта тую кнігу, якая абавязкова зацікавіць. Атмасферу сустрэчы ажывіла інтэлектуальная гульня, якая вельмі спадабалася гасцям. Тут ім спатрэбілася багатая эрудыцыя, якой лепшым сябрам кніг не займаць.
Гаварылі на сустрэчы не толькі аб святочным. Абмяркоўвалі таксама і на­дзённыя праблемы, адна з іх — як зацікавіць дзяцей кнігай, як захапіць іх чытаннем? Шмат выказвалася меркаванняў, але ў адным думкі і бібліятэкараў, і чытачоў сышліся: калі бацькі будуць паказваць дзецям свой прыклад чытання кніг, іх сыны і дочкі таксама пачнуць чытаць. А гэта вельмі важна, бо толькі кніга можа навучыць правільна думаць.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы ў бібліятэцы.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua/

там www.softplaycompany.co.uk

maxformer.com