Формула сямейнага шчасця

Амаль 48 гадоў… Менавіта такі сямейны стаж у Любові Сяргееўны і Сямёна Піліпавіча Кузьміцкіх. Для іх абаіх сумесна пражытыя гады – пастаянная падтрымка і радасць, лекавы сродак, уцеха і паратунак ад адзіноты. Асабліва зараз, калі дочкі, Святлана і Тамара, жывуць у Брэсце. У шлюбе Кузьміцкія шчаслівыя з моманту стварэння сваёй сям’і. З першага дня ў аснову сумеснага жыцця паклалі ўзаемапавагу і ўзаемадавер. Разам з мужам Любоў Сяргееўна набыла яшчэ заспакаенне, цеплыню і шчырасць чалавечых адносін і тое, чаго ёй так не хапала ў дзяцінстве, – любоў. На свет Божы Люба з’явілася ў в.Дубічна, з 12 гадоў стала жыць разам з дзядулем і бабуляй, бо бацькі памерлі. Круглай сіраце неймаверна было цяжка. Таму з 13 гадоў пачала свой працоўны шлях: узнікла неабходнасць зарабляць грошы. Атрымаўшы атэстат сталасці, паступіла вучыцца на філфак Брэсцкага педагагічнага інстытута. У 1960г. малады спецыяліст едзе працаваць у Кобрынскі раён. З 1 верасня наступнага года, дзякуючы Васілю Піліпавічу Маркаву, тагачаснаму загадчыку аддзела народнай адукацыі, стала выкладаць беларускую і рускую мову і літаратуру ў Велікарыцкай СШ. Тут нязменна працавала аж да выхаду на заслужаны адпачынак. Дарэчы, на пенсіі Любоў Кузьміцкая не сядзела без справы, бо больш за 6 гадоў яшчэ выкладала “свае” прадметы. У школе, якой аддала ўсё жыццё, яна сустрэла сваё сапраўднае каханне. Раз і назаўжды яго падарыў Сямён Піліпавіч, які таксама працаваў тут і вучыў дзяцей азам матэматыкі. Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Жабінцы, потым скончыў фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педінстытута. Аддзел адукацыі накіраваў спецыяліста ў Велікарыту (таксама была магчымасць выбраць і Олтушскую школу). Тут маладыя людзі і пазнаёміліся. А да гэтага некаторы час уважліва прыглядаліся адзін да аднаго ўсюды: на перапынках, педагагічных саветах, пазакласных мерапрыемствах. Хто зрабіў першы крок насустрач, адназначна сказаць немагчыма. Гэта быў роўнапаскораны рух на збліжэнне з двух бакоў адначасова. Працэс гэты зацягнуўся амаль на год. А ў жніўні 1962г. згулялі вяселле і сталі жыць на кватэры, якую здымалі. Сямён Піліпавіч успамінае, што ў яго педагагічнай дзейнасці быў перыяд, калі ён адначасова выконваў абавязкі і  намесніка дырэктара, і дырэктара на працягу 5 месяцаў. Такое стала магчымым таму, што жанчыны, якія займалі гэтыя пасады, выйшлі замуж і з вёскі паехалі. Потым Сямёну Кузьміцкаму прапанавалі пасаду дырэктара школы. Ён згадзіўся і ўзначальваў установу адукацыі са студзеня 1965г. па жнівень 1986г…
   А ў маладой сям’і пачаліся звычайныя будні, напоўненыя клопатамі і турботамі. Былі моманты і радасныя, шчаслівыя, і сумныя, невясёлыя. Але заўжды і ў любы момант адзін адчуваў надзейнае плячо другога. Па словах Любові Сяргееўны, формула іх кахання аказалася трывалай і шчаслівай яшчэ і таму, што яна з мужам — людзі адной прафесіі, адных інтарэсаў, поглядаў на жыццё. Гэта так важна ў сумесным жыцці, бо другая твая палавінка  выдатна тады разумее ўсе нюансы без слоў. Кузьміцкія галоўным у сямейных адносінах усё ж такі лічаць душэўную раўнавагу, спакой, шчырасць, дабрыню і адкрытасць адносін, а таксама – аднолькавыя, агульныя клопаты, турботы. У сям’і ўсё павінна памнажацца або дзяліцца заўсёды на дваіх: на мужа і жонку. Ніколі і ні ў чым не варта шукаць вінаватага.
  Усё сваё жыццё Кузьміцкія працавалі самааддана, добрасумленна і шчыра. Яны не маюць неймаверных матэрыяльных багаццяў. У іх ёсць куды больш важнае і галоўнае. Гэта – цеплыня сямейнага ачага, незгасальны агеньчык якога саграе душу і сэрца ў лютыя маразы, падтрымлівае веру, надзею і дае сілы ў цяжкія хвіліны. Гэтага нельга нідзе купіць. Яно ў руках кожнага з нас.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку:  Любоў Сяргееўна і Сямён Піліпавіч Кузьміцкія.

Формула сямейнага шчасця: 1 комментарий

  • 14.03.2010 в 10:44 пп
    Permalink

    Поддерживаю сказанное выше. Люди, насколько их знаю, очень интересные, о таких можно писать и писать…

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua

http://220km.net

また、読み ac-sodan.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!