Веласіпед — лепшы вітамін

Цяжка цяпер уявіць дарогу без шматлікіх аўтамабіляў розных марак і колераў. За рулём добра сябе адчуваюць жанчыны і мужчыны, прычым розных узростаў. Закончыўшы школу, моладзь спяшаецца атрымаць пасведчанне вадзіцеля. У выніку нават у нашым невялікім горадзе ранкам можна назіраць сапраўдныя “пробкі”. Але ж штогод у адзін з 365 дзён календара ўсіх аўтамабілістаў ахоўнікі навакольнага асяроддзя заклікаюць, па-магчымасці, менш карыстацца паслугамі сваіх “жалезных сяброў”, бо 22 верасня ва ўсім свеце лічыцца днём без аўтамабіля. Гэтым сімвалічным жэстам людзі спрабуюць абараніць паветра ад празмернай загазаванасці. Нехта адмаўляецца ад аўтамабіля на дзень, а нехта і ўвогуле прынцыпова не лічыць яго важным сродкам перамяшчэння.
Штодзённы дарожны кіламетраж Мікалая Уладзіміравіча Гардзеюка, дырэктара Замшанскай базавай школы, складае 10-15 кіламетраў. Цэлую гадзіну ён праводзіць за рулём свайго любімага двухколавага сябра – веласіпеда. Кожная раніца ў яго пачынаецца з велазарадкі, якая, на думку Мікалая Уладзімі­равіча, асвя­жае думкі, пры­водзіць арганізм у добрую форму і менш зношвае касцёва-мышачны апарат, чым, напрыклад, бег.
— Лепшага транспарту, чым веласіпед, для мяне не існуе. Пакуль даеду да работы, паспяваю і палюбавацца прыгажосцю прыроды, і абдумаць план работы, і здароўе ўмацаваць, — расказвае Мікалай Уладзіміравіч. — Лічу, кожнаму чалавеку патрэбны трэніроўкі, каб выглядаць нядрэнна і адчуваць сябе добра. Для мяне спорт – гэта стыль жыцця. Па спецыяльнасці я — настаўнік фізічнай культуры. З дзяцінства захапляўся ручным мячом, цяпер больш часу аддаю футболу.
Вельмі зацікавіла мяне, прызнацца, гісторыя пра тое, як Мікалай Уладзі­міравіч прыйшоў да рашэння памяняць аўтамабіль на веласіпед, хоць у яго ёсць вадзіцельскія правы і невялікі вадзіцельскі стаж. Хто жыў у СССР, успомніць, як цяжка было купіць у тыя часы добры аўтамабіль. Мікалай Уладзіміравіч быў у чарзе пад нумарам 602. Чарга да яго так і не дайшла. Тады вырашыў купіць сабе далёка не новага “запарожца”. Праўда, праслужыла машына зусім нядоўга. Прадаў яе Мікалай Уладзіміравіч за 50 долараў. Столькі ў эквіваленце, на той час, каштаваў добры веласіпед Мінскага завода. З першым веласіпедам Мікалай Гар­дзяюк не прагадаў. Ён праслужыў верай і праўдай цэлых дваццаць гадоў. Вось гэта якасць! Потым быў другі, трэці, але ж іх хапала ўсяго на год.
— Для веласіпедыста, як і для музыканта, важна мець добры “інструмент”. Улічваючы, колькі часу праводжу на колах, вырашыў купляць веласіпеды, сабраныя з замежных запчастак. Дорага, але надзейна, — расказваў Мікалай Уладзіміравіч. — Цяпер ужо абкатваю свой пяты веласіпед.
Зімою веласіпед “ідзе” ў водпуск. Але ж Мікалай Уладзіміравіч не сядзіць на месцы. Ён абзавёўся парай лыж і разам са сваімі вучнямі пракладвае лыжныя сцежкі. Калі дрэннае надвор’е, таксама даводзіцца пакідаць веласіпед дома. Мікалай Уладзіміравіч прызнаецца, што без велапрагулкі адчувае сябе намнога горш: і настрой не той, і справы не так ладзяцца. Таму веласіпед для яго можна лічыць лепшым вітамінам.
За амаль 40 гадоў веласіпеднага стажу ў Мікалая Уладзіміравіча так і не з’явілася жаданне набыць аўтамабіль. Вось такое ў яго адданае сяброўства з веласіпедам.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: кожны ранак Мікалая ГардзЕюка пачынаецца з велапрабежкі.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://220km.com.ua

in detail oncesearch.com

www.buysteroids.in.ua/inekczionnyie-anabolicheskie-steroidyi/masteron.html