«Другія вершы» Надзеі Кухцей (Маларыцкі раён)

«Другія вершы” — пад такою назваю аддзел бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі выдаў другі зборнік  Надзеі Кухцей. Яе дэбютны зборнік паэзіі “Чаму рэчка сіняя?” убачыў свет у 2017 годзе. У ім змешчана 30 вершаў і 75 тэматычных загадак.

Другі зборнік істотна адроз­ніваецца ад першага. Надзея Міхайлаўна паўстае перад чытачом ужо як пісьменніца. У зборніку змяшчаецца 33 вершы,  напісаныя на рускай мове, і некалькі лірычных мініяцюр-разваг з філасофскім падтэкстам. Яны набліжаюцца да вершаў у прозе. Усе творы, якія ўключаны ў зборнік, напісаны ў асноўным за апошнія два гады.

У зборніку “Другія вершы” Надзея Кухцей сцвердзіла сябе як чалавек, які  глыбока аналізуе навакольнае жыццё, спрабуе разгадаць яго таямніцы, разважае над будучым, імкнецца знайсці адказы на пытанні, якія хвалююць. Радкі зборніка насычаны вобразнасцю, метафарычнасцю: “смысла жизни в магазине не купишь”, “душа нуждается в дожде из веры, правды и надежды”, “режет дальше история годы, как вехи, но нашу семью не накроет  столетий тень”, “будто  календарными листами годы осыпаются”.

Глыбокі сэнс прыхаваны і ў наступных радках:

Вышиваю жизнь свою

В пяльцах понемногу.

Лицевая – для людей,

А изнанку – Богу.

На пытанне, чаму зборнік атрымаў назву “Другія вершы”, Надзея Міхайлаўна дае такі адказ:

— У зборнік “Другія вершы” ўвайшлі творы, у якія ўкладзена шмат эмоцый, пачуццяў, роздумаў, уласна перажытага і думанага-перадуманага. Больш таго,  ёсць вершы вельмі асабістыя,  выпакутаваныя,  дзе кожнае слова  для мяне шмат значыць. Жанчына навакольны свет успрымае не так,  як мужчына. Тое, што вакол нас, мы не толькі  бачым, але і тонка адчуваем, напэўна, на ўзроўні інтуіцыі, падсвядомасці. Магчыма, таму, вершы ў мяне атрымліваюцца розныя і па тэматыцы, і па жанрах. Такія, якія ўвайшлі ў гэты зборнік.

— Надзея Міхайлаўна,  што для вас паэзія?

— Калі сказаць вобразна, то гэта — нітачка, якая цягнецца знутры, з самага майго сэрца, і прымацоўваецца да столі Сусвету. Я моцна трымаюся за яе дзвюма рукамі… Творчасць дапамагае па жыцці. Мне падабаюцца вершы, у якіх ёсць рытм і рыфма, глыбіня і шырыня паэтычнай думкі, пачуццёвасць. Такія  вершы імкнуся пісаць і сама.

* * *

Надзея Міхайлаўна нара­дзілася і вырасла ў Пінску.  Там закончыла гімназію №3. Вышэйшую адукацыю набыла ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Пасля некаторы час працавала ў в. Парахонск (Пінскі раён), цяпер  працуе псіхолагам у СШ № 2 г.Маларыта. Вершы піша са школьных гадоў.

— Я заўсёды хвалююся, калі свае творы чытаю сваім першым слухачам – дачцэ Святлане і сыну Яўгену, а таксама мужу Андрэю. Яны мае першыя крытыкі. Да іх думкі заўсёды прыслухоўваюся.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!