У Арэхава завіталі студэнты з Кітая (Маларыцкі раён)

Літаратурны музей А.С.Пушкіна ў Арэхаўскай СШ быў урачыста адкрыты 29 студзеня 1984 года. За 35 гадоў яго існавання ў кнізе водзываў свае шчырыя словы ўдзячнасці і шмат­­лікія ўражанні пакінула амаль 20 тысяч наведвальнікаў з розных краін свету. А 21 сакавіка г.г. упер­шыню літа­ра­­турны му­зей Арэ­хаўс­кай СШ наве­далі прад­стаўнікі Кітая.

Хлебам-соллю іх на пля­цоўцы перад уваходам ва ўстанову аду­кацыі сустракалі вучні, яе дырэктар Галіна Сахарчук, а таксама старшыня Арэхаўскага сельвыканкама Святлана Вітаноўская.

Наведванне Арэ­хаў­с­кай СШ адбылося па ініцыятыве зас­навальніцы школьнага літаратурнага музея А.С.Пушкіна Марыі Жыгалавай, доктара педагагічных навук, кі­раўніка навукова-даследчай ла­ба­раторыі па сацыякультурных праблемах беларуска-польска-ўкраінскага пагранічча, прафесара кафедры бе­ларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэх­нічнага ўніверсітэта, сапраўднага члена Ака­­дэміі педагагічных і сацыяльных навук Расійскай Федэрацыі,  заслужанай настаўніцы Беларусі.

— У Арэхава прые­халі  магістранты  экана­міч­на­га  факультэта трэ­цяга года навучання на­шай ВНУ, – гаворыць загадчыца кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Ніна Борсук. – Юнакі і дзяўчаты, якім па 20-24 гады, тры курсы закончылі ў Хух-Хотаскім прафесійным інстытуце (аўтаномная акруга Унут­­раная Манголія на поўначы Кітая). Цяпер яны працягваюць атрымліваць вышэйшую адукацыю і адначасова вывучаюць рускую мову ў Беларусі ў рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж кітайскай і брэсцкай ВНУ. Гэты міжнародны дакумент і прадугледж­вае азнаямленне сту­дэнтаў і магістрантаў з Кітая з культурай рэ­гіёнаў Беларусі.

— Матэрыялы экспа­зіцый літаратурнага му­­зея А.С.Пушкіна ў Арэ­хаўскай СШ уяў­ляюць цікавасць як для бе­ларускіх, так і для замежных турыстаў, – гаворыць Марыя Жыгалава. – Ён можа стаць адным з міжнародных турыстычных аб’ектаў спасціжэння рускай культуры ў інша­на­цыя­нальным бе­ларускім асяроддзі. Бо свет рускай культуры, абуджаны лірай вялікага мысляра і творцы, тут зліўся ў адно са све­там беларускага слова.

Для гасцей з Кітая экскурсію па музеі пра­­­вяла яго загадчыца, настаўніца рускай мовы і літаратуры Лідзія Закірава,  а таксама вучні 9 і 10 класаў.

Цяпер у літаратурным музеі А.С.Пушкіна за­хоўваецца каля тысячы экспанатаў асноўнага і дадатковага фондаў, якія  адлюстроўваюць розныя бакі асобы і творчасці паэта. Тут зберагаюцца маг­ні­тафонныя запісы ці­ка­вых сустрэч, свят пуш­кінскай паэзіі, літа­ратурных чы­танняў, кан­­ферэнцый. У яго экспазіцыі і фондах му­зея – матэрыялы краяз­наўчых знаходак вучняў,  фотаздымкі, альбомы,  лепшыя сачыненні школьнікаў, кнігі паэта, перакладзеныя на розныя мовы свету (у тым ліку і на японскую),  кнігі з аўтографамі беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, паштоўкі,  маркі…

Гасцям школьны лі­­­­­таратурны музей спа­дабаўся. Яны з уваж­лівасцю слухалі экс­курсаводаў і нават чыталі на памяць свае любімыя вершы А.С.Пушкіна на рускай мове. Затым для  юна­коў і дзяўчат з Кітая была яшчэ арганізавана экскурсія па школе.

Мы папрасілі  гасцей падзяліцца думкамі, навеянымі наведваннем Маларытчыны.

— Я ўражана, – гаворыць  Чжан Чаочэнь. – Здзівіла тое, што ў вас ёсць такія маленькія населеныя пункты як, напрыклад, Арэхава. Горад Хух-Хота, дзе я раней вучылася, таксама па-кітайскіх мерках лічыцца невялікім, хоць у ім і пражывае больш за два мільёны чалавек.  А ў Арэхаве нават і тысячы жы­ха­роў няма.

Я рускую мову люблю і імкнуся вывучыць яе дасканала.  Рускую літаратуру ў школах Кітая таксама вывучаюць. У праграму ўключаны творы Аляксандра Пушкіна, Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага. Напэўна, кожны кітайскі школьнік ведае на памяць хоць  бы адзін верш А.С.Пушкіна на рускай мове. У мяне ў ліку любімых – верш “Цветок”.

— Мне спадабалася маляўнічая прырода вашага краю,  – кажа Гу Хайшань. – Вакол лясы, палі,  невялікія рэчкі… У вас тут па-свойму прыгожа. Я параўноўваю са сваім горадам Хух-Хота, які  размешчаны  пасярод бяс-крайняга раўніннага стэпу. На Маларытчыне неяк утульна і па-дамашняму цёпла.

— А я звярнуў увагу на тое, што практычна ў кожным населеным пункце ёсць помнікі, – гаворыць Ян Хунняй. – На маёй радзіме не так іх і шмат. Выклікае павагу тое, што беларусы ўшаноўваюць памяць тых, хто загінуў падчас Другой сусветнай вайны.

— Мяне асабіста ўразіў звычай сустракаць гасцей хлебам-соллю,  – кажа Мен Гэнь Цан. – Спадабалася вёска, утульная школа і дагледжаная тэрыторыя вакол яе,  экскурсія ў музей,  падчас якой вучні так кранальна расказвалі пра класіка рускай літаратуры.

*  *  *

У той жа дзень  кітайскія юнакі і дзяўчаты яшчэ наведалі Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці. Тут для іх цікавую і запамінальную экскурсію правяла майстар народных рамёстваў Ала Назарук. Кітайскія госці ў раённым цэнтры народнай творчасці шмат фатаграфавалі. Іх захапіў Маларыцкі строй адзення і зацікавіла адроджаная тэхналогія ткацтва “кажушком”.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!