Мастак мiнiяцюрнай творчасцi

З першых дзён жніўня пералік паслуг, якія аказвае раённы камбінат бытавога абслугоўвання, папоўніла яшчэ адна – манікюр, што, між іншым, вельмі парадавала прадстаўніц жаночай паловы жыхароў раёна, бо раней майстра па манікюру трэба было пашукаць. Праўда, вялікага патоку кліентаў, якія б пажадалі ўпрыгожыць свае пазногці, у КБА не было. Спачатку, як прызнаецца майстар па манікюру Аксана Сурыгіна, даводзілася радавацца і двум кліентам у тыдзень. Вялікая справа, як заўважае майстар, – рэклама, асабліва жывая, калі адна кліентка, застаўшыся задаволенай, расказвае пра тваю работу сваёй знаёмай, тая — іншай знаёмай. У выніку напярэдадні верасня, каб зрабіць сабе манікюр, многія жанчыны запісваліся да Аксаны ўжо загадзя.
Размова майстра з кліентам пачынаецца з вызначэння таго, што той жадае атрымаць у канчатковым выніку. Потым ідзе ўважлівы агляд рукі, па якой спецыяліст, у адрозненне ад варажбіткі, што прадказвае лёс, вызначае праблемы пазногцяў, вырашае, якія патрэбны працэдуры. Пакуль рука кліента “адпачывае” ў ванначцы з мылам і марской соллю, майстар Аксана дае свае парады: калі ў кліенткі ломкія, слабыя пазногці, раіць скарыстацца “Разумнай эмаллю”, якая ёсць у кожным з касметычных аддзелаў магазінаў, калі з ростам пазногцяў ёсць праблемы, рэкамендуе наносіць на іх сок лімона. Калі рука падрыхтавана ўжо да работы майстра, Аксана пускае ў ход свой каштоўны інвентар – кусачкі, пілачкі і многае іншае. Надаць пазногцям акуратны, дагледжаны выгляд – адна справа, зусім іншая – надаць ім непаўторную прыгажосць. І тут ужо пачынаецца творчасць. Разам з кліентам майстар выбірае колер, тон пазногцяў і той малюнак, які будзе на іх наносіцца. У Аксаны напрацаваны ўжо свой багаж узораў малюнкаў. Калі кліент прапануе індывідуальную мадэль, Аксана з задавальненнем бярэцца за работу, дабаўляючы сваю фантазію. Уся працэдура манікюру доўжыцца каля гадзіны. Сеанс прыгажосці, як лічыць Аксана, не можа праводзіцца “на хуткую руку”, бо гэта свайго роду мастацкая творчасць. Між іншым, кліенты работай майстра застаюцца задаволены, як, між іншым, і даволі прымальнай цаной.
Манікюрнай справай малады майстар Аксана Сурыгіна занялася нядаўна. Пасля заканчэння школы паступіла ў каледж, на бухгалтарскую спецыяльнасць. Але ў першыя месяцы вучобы зразумела: гэта не яе прызванне, а таму, нечакана для ўсіх, забрала з навучальнай установы дакументы і прыйшла ў Цэнтр занятасці з просьбай працаўладкаваць яе. Аднак якое працаўладкаванне без прафесіі? А таму і параілі Аксане ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прайсці курсы навучання. Прапанавалі ёй шмат спецыяльнасцей, але калі пачула словы “майстар манікюру”, аж сэрца, прызнаецца Аксана, закалацілася. Яна заўжды марыла аб творчай прафесіі мастака ці дызайнера. А тут можна было рэалізаваць свой мастацкі талент у малюнках на пазногцях, тым больш, што і маці яе майстрам па манікюру была. Усяго некалькі месяцаў вучобы, і ў руках Аксаны дакумент аб тым, што яна можа аказваць паслугі манікюру. Але набыць спецыяльнасць гэта яшчэ не ўсё. Важна працаўладкавацца. У гэтым зноў жа дапамагла дзяўчыне служба занятасці. Каб адкрыць у цырульні КБА новую паслугу, давялося закупіць абсталяванне. Цяпер тут ёсць усё неабходнае для работы з кліентамі. А ў самой Аксаны ёсць бязмежнае жаданне радаваць жанчын прыгажосцю. У вольны час, калі няма кліентаў, майстар папаўняе сваю калекцыю ўзораў, у якой ужо больш за 60 малюнкаў для пазногцяў. Многія з іх – вынік фантазіі Аксаны.
— Я не магу растлумачыць, як з’яўляюцца мае малюнкі. Калі пачынаю наносіць на пазногці лак, ва ўяўленні ўжо нараджаецца ўзор. Не паверыце, але некаторыя малюнкі мне ўвогуле прысніліся, — расказвае гаварлівая Аксана.
Мара майстра манікюру — далей удасканальваць свае веды. Плануе Аксана прайсці навучанне, каб аказваць паслугу нарошчвання штучных пазногцяў. А яшчэ яна спа­дзяецца, што зможа калі-небудзь атрымаць спецыяльнасць дызайнера, што дасць яшчэ большыя магчымасці яе творчасці.
Назіраю за работай Аксаны. Некалькі ўмелых рухаў, і пазногці кліенткі набываюць шарм. Да прыгожага малюнку дабаўляюцца блёсткі, стразы, што надае святочнасць. У выніку жанчына не толькі атрымлівае чароўныя пазногці, якія ўпрыгожваюць яе руку, але і добры настрой, і жаданне прыйсці да майстра зноў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: майстар манікюру Аксана Сурыгіна за работай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


понятие и виды ценных бумаг

fashioncarpet.com.ua

Сashbery отзывы
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!