Узнагароды юных мастакоў (Маларыцкі раён)

Маларыцкая дзіцячая школа мастацтваў працягвае здзіўляць творчымі дасягненнямі вучняў. Пра гэта раёнка неаднойчы пісала на сваіх старонках. І вось чарговы поспех. На гэты раз парадавалі  юныя мастакі.  Яны вярнуліся з узнагародамі з V міжнароднага конкурсу-фестывалю “Дарогамі памяці, дарогамі міру – парад мастацтваў”.

Арганізатарам  гэтага спаборніцтва стаў “Праект  творчага і асобаснага развіцця дзяцей і моладзі “Дзеці ХХІ  стагоддзя” (г.Масква) пры падтрымцы Брэсц­­кага аддзялення прад­стаўніцтва Россу­пра­­­цоўніцтва, Мас­коўска­га дзяржаўнага інсты­тута культуры,  між­рэгіянальнай грамадскай  арганізацыі “Клуб герояў СССР, Расійскай Федэрацыі, поўных ка­валераў Масквы і Мас­коў­скай вобласці”. Жу­ры высока ацаніла твор­­чыя работы юных мала­рыцкіх майстроў пэн­дзля. У намінацыі “Выяўленчае мастацтва” (узроставая катэгорыя 11 гадоў) дыпломамі лаўрэата І ступені адзначаны Таццяна Логі­нава (работы “Заяц” і “Вясновая ўборка ў садзе”, настаўнік Жанна Крывенка), Ганна Камышава (“Алень” і “Букет з дзьмухаўцамі”,  настаўнік Інэса Гаўрылюк), Аліна Хапалюк (“Бэз цвіце” і “Сяброўства”, настаўнік Інэса Гаўрылюк),  дыпломам лаўрэата ІІ ступені –Данііл Свістуноў (работы “Буслы” і “Хлопчык і караблік”,  настаўнік Жанна Крывенка).

— Усе конкурсныя работы адлюстроўваюць прыгажосць Маларыцкага краю, — гаворыць Інэса Гаўрылюк. – Нашы вучні  на сваіх малюнках паказалі родны край. Пейзажныя замалёўкі атрымаліся наздвычай рэалістычнымі і запамінальнымі. Усе яны выкананы  гуашавымі фарбамі.

— Свае конкурсныя “творы” маляваў амаль месяц, — кажа Данііл  Свістуноў. —  Правобразам хлопчыка, які адлюстраваны на адным з малюнкаў, стаў я сам. Мне таксама  падабаецца запускаць караблікі ў ручаі, бегаць па лужах. Можа, аўтапартрэт пакуль  атрымаўся не вельмі добрым, але ён адпавядае майму вясноваму настрою,  калі ўсё абуджаецца ада сну.

— Заняткі ў школе мас­тацтваў наведваю чацвёрты год, — гаворыць Таццяна Логінава. — Прыняць удзел у творчым спаборніцтве мне прапанавала мая настаўніца Жанна Уладзіміраўна. Мы разам абдумвалі сюжэты малюнкаў. У выніку было вырашана спыніцца на пейзажных замалёўках.  Над малюнкамі працавала не толькі падчас заняткаў, але і ў пазаўрочны час.  Дыплом лаўрэата І ступені — гэта мая другая ўзнагарода на міжнародным конкурсе.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!