Гіганцкі трафей «ціхага палявання»

Сенсацыя! У лесе побач з вёскай Ацяты знойдзены грыб-гігант.
На першы погляд, яго цяжка аднесці да сямейства грыбоў. Знешне грыб больш падобны на лілею, якую нехта павялічыў у разоў гэтак дзесяць. Але ж грыбны пах ні з чым не зблытаеш.
“Прыязджайце, паглядзіце, што я з лесу прынёс”, — у голасе мужчыны, які тэлефанаваў у рэдакцыю, адчуваліся гонар удалага грыбніка і некаторая разгубленасць. Зразумела, не кожны дзень сустрэнеш грыб велічынёю з велізарны гарбуз.
Цуда-грыб знайшоў Юрый Леанавец, які прыязджае ў вёску з горада. Юрый – грыбнік са стажам, але ж ніколі раней не сустракаўся з такімі “мутантамі”. Як цар сваёй мясціны сядзеў грыб-велікан на лясным троне, пакуль зоркае вока грыбніка не заўважыла яго сярод зеляніны лесу.
— Як заўсёды ў свой выхадны пайшоў у лес. Іду паціху. Раптам наперадзе нешта белае пабачыў, — расказвае Юрый. – Думаю, хто ў лесе пенапласт раскідаў? Падышоў бліжэй – а там нешта вялікае расце. Не адразу скажаш, што і грыб. Прынёс дадому, запытаўся ў суседзяў, ніхто такога цуда ніколі не бачыў.
Вяскоўцы жартуюць, што гэтым грыбам можна цэлае вяселле накарміць. Самі ўявіце: пяцьдзесят сантыметраў — дыяметр грыба. І важыць ён кілаграмаў гэтак сем-восем. Аднак, можна яго есці ці не, устанавіць можа толькі экспертыза, на якую Юрый Леанавец збіраецца адправіць “ляснога гіганта”. Вучоныя гавораць, што любая мутацыя – гэта адхіленне ад нормы, якое можа быць небяспечным для жыцця. Таму праверыць, прыдатны да ўжывання грыб ці не, не пашкодзіць.
Дарэчы, самы вялікі грыб расце ў Амерыцы, у штаце Арыгона. Яму цэлых 2400 гадоў, а важыць ён 6000 цэнтнераў. Вядома ж, грыб-гігант Юрыя з “амерыканскім мутантам” не паспрачаецца. Але ж ў маларыцкай кнізе рэкордаў Гінеса яму б не было роўных!
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Юрый Леанавец са сваім трафеем.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


medicaments-24.net

best-cooler.reviews/

www.artma.net.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!