Ці будзе альтэрнатыва камунальнікам?

У райвыканкаме адбылася “прамая лінія” з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам САРОКАМ. Ніжэй — рэпартаж з яе.
Ганна Мікалаеўна Пагарцава, в. Замшаны:
— Мы з мужам, а ён інвалід ІІ групы, заказалі торфабрыкет яшчэ ў чэрвені мінулага года, а прывезлі яго нам ажно ў пачатку 2011 г. Калі сёлета зноў звярнуліся ў райпалівазбыт, нам адмовілі, маўляў, вы сёлета атрымалі паліва ўжо. Аднак не па нашай віне нам яго прывезлі са спазненнем.
— Паважаная Ганна Мікалаеўна, на сённяшні дзень ёсць сур’ёзныя перабоі з пастаўкай торфабрыкету насельніцтву. У першую чаргу яго выдзяляюць ільготным катэгорыям. Што датычыцца канкрэтна вашай сям’і, то мне трэба разабрацца. Дадзім вам пісьмовы адказ.
— Дзякуй.
Васіль Іванавіч Ігнатчук, жыхар вул. Савецкай у в. Чарняны:
— Віктар Раманавіч, Вы, напэўна, ведаеце, як мы цярпелі вясной, калі нашы дамы моцна падтоплівала з-за дажджоў. Дзякуй, што паклалі трубы. Аднак старую трубу, якая знаходзіцца ў зямлі больш чым 20 гадоў, забіла пяском. Цяпер узнікла неабходнасць і яе прамыць. Пакуль няма дажджоў, то і праблемы няма, але яна можа ўзнікнуць.
— Паважаны Васіль Іванавіч. Наконт гэтага дадзім заданне Кобрынскаму ДРБУ-22 і пытанне давядзём да лагічнага канца.
Мікалай Антонавіч Ташкінаў, вул. Паркавая, 39, кв. 3:
— Шмат зроблена ў горадзе перад абласнымі дажынкамі летась. Прыемна. Але ў мяне вось такое пытанне: станцыю абезжалезвання вады пабудавалі, а ў нас па-ранейшаму вада з іржой, у прыватнасці, калі гатуем яе, на сценках каструлі застаецца жоўты накіп.
— Хачу Вас заверыць, што якасць вады ў горадзе намнога палепшылася, калі пачала працаваць станцыя абезжалезвання. Па графіку водаправодныя сеткі перыядычна прамываюць.
Віктар Раманавіч тут жа даў распараджэнне камунальнікам праверыць якасць вады ў названай кватэры. Як высветлілася пры ўзяцці пробы, вада аказалася чыстай. Пасля гатавання яе бываюць некаторыя адхіленні ад нормы.
— І яшчэ адно пытанне. Побач з магазінам “Проста” знаходзіцца магазін, дзе гандлююць гароднінай. Вось ужо некалькі месяцаў ён не працуе, там напісана, што зачынены на рамонт. Аднак бачна, што ніякі рамонт там не робіцца. Мабыць, лепш прыватнікам аддаць яго ў арэнду?
— Паважаны Мікалай Антонавіч, паколькі я не курырую пытанні гандлю, нічога канкрэтнага з гэтай нагоды Вам пакуль не скажу. А раз праблема ёсць, яна вартая таго, каб у ёй разабрацца.
Іван Аляксеевіч Ігнацюк, вул. Савецкая, 111, кв. 53, інвалід ІІ групы:
— Дах зрабілі ў нашым доме, дзякуй за гэта. А вось ганак у пад’ездзе зусім разваліўся. Ці будзе ён адрамантаваны? Калі пакладуць асфальт у двары нашага дома?
— Паважаны Іван Аляксеевіч. Камунальнікам устаноўлены тэрмін – да 15 кастрычніка адрамантаваць ганак. А вось наконт другога пытання нічога абяцаць не магу. На асфальтаванне двара крэдытныя рэсурсы не выдзелены. Трэба крыху пацярпець.
Мікалай Іванавіч Бурда, в. Макраны, вул. Садовая, 11:
— Наша вуліца ўся ў ямах і калдобінах. Ці будзе яна прагрэйдзіравана?
— Будзе. Абяцаю, што праблема ваша вырашыцца – даручым дарожнікам прагрэйдзіраваць вуліцу.
— Дзякуй.
Марыя Сяргееўна Жлукта, жыхарка вул. Піянерскай, 12, кв. 3:
— Віктар Раманавіч, я ад імя жыльцоў усяго нашага дома звяртаюся да Вас з просьбай, думаю, для Вас не новай ужо: побач з нашым стаіць старэнькі домік, каля якога збіраюцца пастаянна п’яніцы, курыльшчыкі, людзі асацыяльных паводзін, там валяюцца пустыя бутэлькі, усё зарасло травою і да пажару недалёка. Ведаем, што ў гэтага дома ёсць наследнікі, няхай наводзяць парадак.
— Мы з імі размаўлялі ўжо раней. На наступным тыдні выклічам на месца наследнікаў, запросім участковага і разбярэмся.
Лідзія Іванаўна Літвіненка, жыхарка вул. Чырвонаармейская, 6, кв. 3:
— Віктар Раманавіч, наконт рамонту пандуса, «ліўнёўкі» і ўстаноўкі прыстасавання для выбівання дываноў у нашым двары мы звярталіся ўжо ў райвыканкам, адкуль атрымалі адказ, што ў верасні ўсё будзе зроблена. Аднак воз і цяпер там.
— Камунальнікам давалі даручэнне выканаць гэтыя недаробкі. Зразумела, што яны застаюцца на іх сумленні, бо зацягнулі работы. На наступным тыдні, Лідзія Іванаўна, абяцаю Вам, усе просьбы будуць задаволены.
Наталля Іванаўна, маларытчанка:
— Калі будуць выдзяляцца ўчасткі пад індывідуальнае будаўніцтва ў новым квартале забудовы?
— Новы квартал забудовы абмежаваны вуліцамі Камунараў, Лакціёнава і Чапаева, прасцей кажучы, ён адведзены ля былога саўгаснага сада. Межы яго зацверджаны рашэннем абласной сесіі. Дакументацыя на зацвярджэнне квартала знаходзіцца цяпер на экспертызе. Як толькі пройдзе яе – і будуць выдзяляцца ўчасткі.
Яўгенія Канстанцінаўна Князева, вул. Лермантава, 16, кв. 7:
— Калі будуць ліквідаваны недаробкі па рамонту нашага дома? З-за недабудаваных сцёкавых труб вада цячэ па сценах, у пад’ездзе, калі мянялі вокны, засталіся вялікія дзіркі, на даху незакрытыя вентыляцыйныя люкі…
— Так, сапраўды, гэты дом у працэсе рамонту, паважаная Яўгенія Канстанцінаўна, аказаўся праблемным з-за таго, што давялося мяняць падрадчыка. Па той прычыне, што камунальнікі не пракантралявалі да канца ход работ, вымушаны будуць самі ліквідаваць недахопы. Ім гэта даручана.
Аляксандр Пятровіч, г. Маларыта:
— Ці плануецца ў горадзе аказанне паслуг па камунальна-жыллёваму абслугоўванню насельніцтва недзяржаўнымі прадпрыемствамі, аргані­зацыямі ці індывідуальнымі прадпрымальнікамі, інакш кажучы, ці будзе альтэрнатыва камунальнікам?
— З 1 студзеня 2012 года будуць праводзіцца конкурсы на права заключэння дагавораў на выкананне работ па эксплуатацыі аб’ектаў добраўпарадкавання і на аказанне паслуг па збору і вывазу цвёрдых бытавых адходаў. На падставе рашэння райвыканкама створана конкурсная камісія, якую я ўзначальваю. Гэтым жа рашэннем зацверджаны і парадак правядзення конкурсу, форма заявы для яго ўдзелу. З заявай на імя старшыні можна звяртацца ў райвыканкам, калі хто пажадае ўдзельнічаць у конкурсе.
Ніна Аляксееўна Федарук, Алена Адольфаўна Піскунова, жыльцы дома № 87 па вул. Савецкай:
— Калі будуць завершаны работы па добраўпарадкаванню тэрыторыі вакол нашага дома? Падвальныя памяшканні з-за нязробленай адмосткі затопліваюць, гародніну захоўваць няма дзе, няякасна адрамантаваны і пад’езды.
— Акт на рамонтныя работы па вашаму дому яшчэ не падпісаны. На наступным тыдні камунальнікі пакладуць тратуарную плітку сваімі сіламі, адмостку ім даручана зрабіць да 15 кастрычніка г.г., парадак вакол дома , дзе засталося ляжаць будаўнічае смецце, таксама будзе наведзены.
Валянціна Сцяпанаўна, в. Ляхаўцы:
— У апошні час значна выраслі цэны на ўсё, у тым ліку на прадукты. Ці будзе павышацца закупачная цана на бульбу, бо цяпер яна зусім нізкая?
— Раздзяляю Вашу занепакоенасць, Валянціна Сцяпанаўна, бо сапраўды, праблема гэтая актуальная. Мабыць, з-за таго нізкая цана пакуль, што не назіраецца ажыятажу на бульбу. Будзем спадзявацца, што ўсё зменіцца, калі павысіцца попыт, варта пачакаць з яе продажам.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: намеснік старшыні райвыканкама Віктар САРОКА.

Добавить комментарий


http://oncesearch.com

www.oncesearch.com

наркологические клиники
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!