Вольга Бабура: “ Для нашай сям’і Фёдар Маруда стаў родным” (Маларыцкі раён)

Імя партызана Фёдара Маруды ў Маларыцкім раёне добра вядомае. Яго імем названа адна з вуліц, што ў райцэнтры. На Ланскім сельскім Доме культуры ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар мужнага воіна. Фёдар Яфімавіч не дажыў літаральна некалькі дзён да вызвалення Маларытчыны ад нацысцкай навалы. Ён загінуў пры выкананні баявога задання ў вёсцы Ланская 7 ліпеня 1944 года. На месцы яго гібелі ўстаноўлены памятны знак, а яго імя занесена ў Кнігу народнай славы Маларыцкага раёна. Фёдар Маруда пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Героямі не нараджаюцца

Лёс непрадказальны. Наўрад ці думаў калі Фёдар Маруда з рускага пасёлка Аляксандраўка Арэнбургскай вобласці, што наканавана яму будзе зведаць усе кругі пекла фашысцкага канцлагера, збегчы адтуль, прайсці тысячы кіламетраў па акупаванай ворагам Еўропе, знайсці паплечнікаў-барацьбітоў на Маларытчыне і, да апошняга дыхання змагаючыся з ненавісным ворагам, аддаць за Перамогу сваё жыццё. Ён нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і. За­кончыўшы сямігодку, Фёдар, каб не сядзець на шыі ў бацькоў, улад­коўваецца ўчотчыкам на ферму саў­гаса імя Карла Лібкнехта. Звяз­­ваць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай няўрымсліваму Фёдару не хацелася. Яго вабіў свет, які змяняўся літаральна на вачах. Гэта быў час вялікіх магчымасцяў, мар і амбіцый. Фёдар нядоўга раздумваў, калі яму па камсамольскай пуцёўцы прапанавалі прыняць удзел у будоўлі Орска. Напэўна, гэта былі самыя шчаслівыя гады ў жыцці будучага воіна і партызана. Яшчэ нічога не прадвяшчала вайны, ударнымі тэмпамі ў савецкай краіне ўзводзіліся новыя індустрыяльныя гарады і пасёлкі. Калі Фёдару споўніўся 21 год, яго прызываюць на службу ў рады Чырвонай Арміі. У 1940 годзе ён заканчвае афіцэрскія курсы і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны атрымоўвае званне малодшага лейтэнанта. На жаль, пра жыццёвы шлях Фёдара Маруды захавалася не так і шмат звестак. Яго невялікая біяграфія надрукавана ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць”. Адтуль можна даве­дац­ца, што перад пачаткам вай­­­ны Федар Яфімавіч быў жанаты.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Фёдар Маруда служыў на за­ход­­няй мяжы, у Луцку Ва­лынскай вобласці, у званні камандзіра ра­дыёўзвода 791-га страл­­­ковага палка 135-й стралковай дывізіі. Ад­чайна змагаўся ка­ман­дзір са сваім узводам з гіт­лераўцамі пад Ула­дзімір-Валынскім, Луц­кам і Роўна. Ішлі кро­­вапралітныя баі, Чыр­воная Армія цярпела па­ражэнне. 791-ы стралковы полк, несучы чалавечыя страты, адыходзіў на ўс­ход у Кіеўскім накірунку. У адным з баёў Фёдар Ма­­руда, як і сотні тысяч іншых салдат і афіцэраў, трапляе ў нямецкі палон. Гісторыя захавала страш­ныя лічбы:за пер­шую па­­­лову 1941 года ў ня­мец­­­кім палоне апынулася 3 мільёны 900 тысяч воінаў і камандзіраў Чырвонай Арміі.

Канцэнтрацыйны лагер Хаммельбург

На жаль, ні ў кнізе “Па­мяць”, ні ў іншых крыніцах нічога не гаворыцца пра той час, калі  Фёдар Яфіма-віч быў у фашысцкім па­лоне. Мажліва, і сам афі­­цэр асабліва нікому не рас­казваў пра той жудасны перыяд свайго жыцця. Але дзякуючы інтэрнэту, “пералапаціўшы” дзясяткі сайтаў і парталаў, я усё ж такі знайшла хоць і не­­­багатыя, але цікавыя звесткі пра Фёдара Ма­руду. І дапамог мне ў гэтым абагульнены банк камп’ютарных дадзеных аб абаронцах Айчыны, што загінулі альбо прапалі без вестак у гады Вялікай Ай­чыннай вайны, а так­сама ў пасляваенны час – “Мемарыял”.

У ар­хіве засталася картка ваен­на­палоннага Фёдара Яфі­­мавіча Маруды, на якой захаваўся чорна-белы фотаздымак савец­кага афіцэра. З нямецкай педантычнасцю ўказана дата нараджэння – 23 красавіка 1916 года. Мес­ца і дата паланення – 21 жніўня 1941 года ля населенага пункта Ко­расцень, што на Украіне. Два гады Фёдар Яфімавіч правёў у канцэнтрацый-ным лагеры для палонных афіцэраў Чырвонай Ар­міі Хаммельбург, што зна­ходзіўся на поўначы Баварыі. З дакумента можна даведацца, што палонны лейтэнант зна­чыўся пад нумарам 12559.  Дарэчы, за гады Вялікай Айчыннай вайны праз гэты лагер прайшло 18 тысяч савецкіх афіцэраў. Сярод знакамітых вяз­няў былі генерал Д. Кар­бышаў, маёр П. Гаўрылаў, капітан І. Зучоў, які памёр у лагеры ад сухотаў у 1944 годзе. Вязнямі лагера былі 12 генералаў, пяцёра з якіх былі знішчаны гіт­ле­раў­цамі, двое – загінулі ад раненняў.

Пасля дастаўкі ў Хам­мельбург кожны афіцэр праходзіў спецыяльную рэгістрацыю. Кіраўніцтва лагера афармляла на вяз­няў асабістую картку з усімі дадзенымі. У карт­цы Фёдара Маруды па­значана, што сёмага ­­сакавіка 1943 года ён уцёк.

Савецкі афіцэр Фёдар Маруда прайшоў сотні кіламетраў па варожай тэрыторыі, дзе на кож­ным кроку чакала смерць, пакуль нарэшце зня­­сілены ад доўгай да­рогі, ён не трапіў на Ма­­­­ла­рытчыну, у адзін з партызанскіх атрадаў. Да усіх незнаёмых, тым больш тых, хто ўцёк з па­лону альбо вырваўся з акружэння, адносіліся насцярожана. Вядома, ішла вайна, і дзе была гарантыя, што перад табой не нямецкі дыверсант.

“Камандаванне хутка ўпэў­ні­лася, што Маруда – бая­вы афіцэр, адважны воін, яго прызначылі ка­ман­дзірам групы раз­вед­чыкаў, потым ён узна­ча­ліў дыверсійную групу. Не адзін варожы эшалон пусцілі пад адхон, не адзін мост узарвалі падрыўнікі пад камандаваннем Фёда­ра Маруды. 20 кастрычніка 1943 года непадалёку ад станцыі Маларыта ім удалося знішчыць састаў з 12 вагонаў. Камсамольцы партызанскага атрада імя Жукава выбралі ка­ман­дзіра дыверсійнай групы Фёдара Маруду сакратаром сваёй арга­нізацыі, потым ён быў аб­­­раны сакратаром Мала­рыцкага райкама ЛКСМБ”, — напісана ў кнізе “Памяць”. Напрыклад, у баявой ха­рактарыстыцы Фёдара Маруды, падпісанай на­чальнікам Беларускага шта­­ба партызанскага руху ў маі 1944 года, пазначана: “З 16 жніўня па 1 снежня 1943 года з удзелам Фё­дара Маруды пушчана пад адхон 18 варожых эша­­лонаў, знішчана 1245 гіт­лераўцаў, выключна каманднага саставу. Ім асабіста ўзарваны па­­­­сажырскі цягнік  і за­біта 700 гітлераўцаў-афі­­цэраў, узарвана два жа­лезабетонныя масты. Пра­­­ведзена шмат іншых аперацый”.

Афіцэр, партызан, падрыўнік

Фота райгазеты «»

Тое, што Фёдар Маруда быў бясстрашным і муж­ным воінам, які не баяўся ісці на самыя скла­даныя аперацыі, расказвае і жы­харка вёс­кі Дворышча Вольга Пятроўна Бабура. Бабулі Вользе – 86 гадоў, але яна цудоўна памятае, як у іх хаце неаднойчы са сваёй групай спыняўся перадыхнуць Фёдар Яфі­мавіч.

— Для нашай сям’і Фёдар Маруда стаў са­мым блізкім і родным чалавекам, — пры­­гадвае Вольга Пят­роў­на. – Мой бацька Пётр Максімавіч Касцючык вель­­­мі моц­на пасябраваў з леген­дарным партызанам і заўсёды дапамагаў Фё­дару Яфімавічу. Мы жылі ў Яблычным. У нашай хаце, якая стаяла на ўскрайку вёскі, не адзін раз пасля аперацыі адпачывалі пар­тызаны. Фёдар Маруда вель­мі чула і ласкава ад­но­сіўся да нас, дзяцей. З асаблівай пяшчотай ён ставіўся да малодшага Якава.  Нібыта ўсё толь­кі ўчора адбылося. Доб­ра памятаю, як ён па­дыходзіў да браціка, гладзіў яго па галоўцы і прыгаворваў: “Недзе і ў мяне такі сы­ночак падрастае. Ні­чо­га, хутка скончыцца вай­­­на. Мы абавязкова пе­раможам. І вось тады, у мірны час, абавязкова будзем сябраваць сем’ямі. Вы да мяне ў госці бу­дзеце прыязджаць, а я да вас, у Беларусь”. А по­тым, звяртаючыся да мяне, з непрыхаванай лю­боўю ў словах так казаў: “Праўда, мая маленькая партызаначка? Я ніколі не забуду, што ты для мяне зрабіла, як дапамагала нам перамагчы фашыс­таў”. Я тады саромелася, таму што нічога та­ко­га гераічнага я не здзейс­ніла. Хіба што толькі мы­ла анучы для Фёдара Яфімавіча, калі ён вяр­таўся з задання.

Аднойчы, гэта было ў па­чатку ліпеня, у хату прый­шла страшная вестка: Фёдар Маруда за­гінуў. Бацька, наколькі быў моц­ным чалавекам, і то не вы­трымаў страты блізкага сябра, заплакаў.

Неверагодна, прайшло амаль 75 гадоў, а ў памяці Вольгі Пятроўны вобраз мужнага партызана і  раз­ведчыка Фёдара Маруды добра захаваўся. Пра яго яна расказвала сваім дзе­цям і ўнукам, ставіла ў прыклад, як трэба любіць і абараняць сваю Радзіму.

Сям’я Фёдара Маруды доўгі час нічога не ведала пра яго лёс. І толькі праз 30 гадоў жонка легендарнага партызана атрымала ад юных следапытаў першую звестку пра свайго мужа. Фядосся Трафімаўна прыяз­­джала на магілу Фё­дара Маруды, з якім на­заўсёды яе разлучыла Вялікая Айчынная вайна.

Кацярына Яцушкевіч.

Р. S. Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў на­пі­санні артыкула вы­кладчыкам Ланской сярэдняй школы і аса­біста яе ды­рэктару Тац­цяне Васільеўне Кас­цючык. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!