Эканомiя — подых часу

“Энергія і асяроддзе пражывання” – так называецца конкурс школьных праектаў па энергаэфектыўнасці. Ён праводзіцца ў мэтах дэманстрацыі дасягненняў у галіне энергазберажэння, выкарыстання ўзнаўляемых крыніц энергіі для мясцовых патрэб, ведаў вучняў і насельніцтва ў пытаннях эфектыўнага выкарыстання і зберажэння энергарэсурсаў. Конкурс праводзіцца ў тры этапы – раённы, абласны, рэспубліканскі.
На раённым этапе конкурсу было прадстаўлена 13 работ вучняў і 3 – педагогаў. Вучні прадставілі на конкурс як практычныя работы па энергазберажэнні, так і тэарэтычныя праекты, а таксама інфармацыйныя прадукты (відэаролікі, прэзентацыі, мультфільмы), якія прапагандуюць неабходнасць энергазберажэння і даюць рэкамендацыі, якімі практычнымі дзеяннямі можна дасягнуць гэтага ў школе і дома.
Вучні 11 класа Ляхавецкай СШ эксперыментальным шляхам вызначылі найбольш перспектыўныя асвятляльныя прыборы. А сямікласнік гэтай школы Сяргей Кульбеда прапанаваў, як можна эфектыўна выкарыстоўваць на службе ў сельскай сядзібе энергію сонца і сілу ветру. Вучні Мельніцкай і Хмялёўскай базавых школ прадставілі на конкурс мультфільмы, якія садзейнічаюць фарміраванню культуры энергазберажэння. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі прызнаны вучні Ляхавецкай СШ-сада, Лукаўскай і Макранскай школ.
Распрацоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў “Энергія – подых часу” настаўніка Лукаўскай СШ Е. В. Бойкі сталі лепшымі ў намінацыі сярод настаўнікаў пры падвядзенні вынікаў першага этапа.
На абласным этапе конкурсу было прадстаўлена 12 работ з Маларыцкага раёна, 5 з іх удастоены Дыпломаў упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Дыпломам І ступені адзначана работа “Вызначэнне эксперыментальным шляхам найбольш перспектыўных крыніц святла”, якая з’яўляецца вынікам працы вучняў Ляхавецкай СШ Святланы Мішчук, Настассі Гапанюк і Дзмітрыя Наўрасюка. Дапамагаў ім настаўнік фізікі Іван Кульбеда. Пад яго ж кіраўніцтвам работа на тэму “Узнаўляемыя крыніцы энергіі на службе на сельскай сядзібе” вучня 7 класа Сяргея Кульбеды адзначана таксама Дыпломам І ступені. Такой жа ўзнагароды ўдастоены мультфільм вучня 8 класа Хмялёўскай БШ Дзяніса Шульжыка, створаны з кансультатыўнай дапамогай настаўніка інфарматыкі Міхаіла Бегера. Дыпломам ІІ ступені адзначана работа “Праект энергазберажэння жылога дома (з прэзентацыяй) вучня 10 класа Олтушскай СШ Юрыя Жалнерыка і вучня 11 класа Валерыя Сіплівага. Кіраўнік гэтай групы – настаўнік фізікі Ніна Дземенцяюк. Не адстала ад вучняў раёна і Ганна Анішчук, 10-класніца Лукаўскай СШ. Яе работа, выкананая пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі Сцяпана Грузінскага, таксама адзначана дыпломам ІІ ступені. Усе 5 работ будуць прадстаўлены на рэспубліканскім этапе конкурсу.
Метадыст РУМК Святлана Леўчанка сістэматызавала матэрыялы конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці. І гэта дае магчымасць усім, хто жадае эканоміць, азнаёміцца з карыснымі парадамі вучняў нашых школ.
Таццяна КАЦЯРЫНІЧ, метадыст РУМК.
НА ЗДЫМКУ: юныя даследчыкі Святлана Мішчук і Дзмітрый Наўрасюк з Ляхавецкай СШ-сада.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!