«Крыжыкам па палатне» Мікіта Філіповіч (Маларыта)

Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці цяпер пра­паноўвае для дзяцей заняткі ў 7 гуртках розных накірункаў:  “Саламяныя цуды” (саломапляценне), “Ткалля” і “Кросны” (ткацтва), “Каляровыя пацеркі” (бісерапляценне),  “Прыродная майстэрня” (прыродны матэрыял)… Іх кіраўнікі – Святлана Луцык, Ала Назарук, Людміла Сакалюк і Валянціна Струнец – надзвычай творчыя, захопленыя і ініцыятыўныя людзі, якія ахвотна дзеляцца вопытам, талентам, уменнямі і ведамі з дзецьмі.

Не адзін год ва ўстанове дзейнічае таксама і клуб аматараў вышыўкі “Чароўная нітачка”,  якім кіруе Людміла  Сакалюк. На занятках  “Чароўнай нітачкі”  кожны тыдзень дзеці вучацца многаму. Яны таксама пераносяць і даўнія маларыцкія ўзоры на тканіну, надаючы ім пэўныя сюжэтныя формы і завершанасць. Атрымліваецца непаўторна, яскрава і прыгожа.

Мікіта Філіповіч. Фота райгазеты «»

– Захоўваючы ў сваіх работах узоры, арнаменты і асаблівасці маларыцкага строю, яго колеравую гаму, дзеці зберагаюць традыцыі багатай спадчыны роднага краю, якая стваралася на працягу многіх стагоддзяў, –  гаворыць Людміла Васільеўна. – Клуб “Чароўная нітачка” з задавальненнем наведваюць не толькі дзяўчаты. Практычна кожны год у ім ёсць і хлопцы. Сёлета гэта  Мікіта Філіповіч. Ён надзвычай адказны і старанны хлопец, адзін з лепшых у нашым клубе. За сем месяцаў вучобы  Мікіта ўжо дасягнуў пэўных поспехаў у вышыўцы крыжыкам. За яго можна толькі парадавацца.

– Я цяпер вучуся ў  3 “Б” класе СШ № 2 Маларыты, – кажа Мікіта. – Кожны занятак чакаю з нецярпеннем. У клуб “Чароўная нітачка” прыйшоў сам. Мама Наталля Віктараўна і тата Уладзіслаў Ігаравіч гэтаму не перашкаджалі і не пярэчылі.

Наталля Філіповіч расказала, што ў іх сям’і ніхто раней вышыўкай не займаўся:

– Мае бацькі –Людміла Георгіеўна і Віктар Арсенцьевіч Чуль – добра спяваюць,  маці мужа – Валянціна Мікалаеўна Філіповіч – швачка, а яго бацька – Ігар Макаравіч –  сталяр. Мікіта ж  захапіўся вышыўкай крыжыкам. 

Як толькі з’явіцца вольная хвіліна, Мікіта  бярэцца за працу. Іголка, ніткі, канва, нажніцы – яго любімыя “цацкі”. Пакуль малюнкі для вышыўкі хлопцу прапаноўвае Людміла Сакалюк. Аднак Мікіта ведае, што іх можна знайсці і ў спецыялізаваных часопісах ці ў інтэрнэце. Хлопец не прытрымліваецца нейкай адной тэматыкі,  спрабуе вышываць розныя сюжэты.

– Калі пастарацца, прыкласці намаганне, то абавязкова  ўсё атрымаецца, – перакананы Мікіта. – Я ўжо вышыў шмат чаго. Гэта, напрыклад, сурвэткі, невялікія карціны,  ручнік на Вялікдзень. Цяпер працую над сюжэтнай карцінай, схему якой выбраў сам. Адным падабаецца маляваць пэндзлем і фарбамі, а я вось чарую іголкай і ніткай.

Цікаўлюся:

– Мікіта, а кім ты хочаш стаць, калі будзеш дарослым?

– Пакуль што  імкнуся дасканала асвоіць тэхніку вышыўкі крыжыкам, гладдзю. Як падрасту і стану вопытным, то, напэўна, адкрыю сваю справу і майстэрню. Пасля трэба будзе закончыць ВНУ. Затым давядзецца стаць дырэктарам Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці…– сур’ёзна разважае хлопец.

І хто ведае, магчыма, так яно і будзе.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!