Рухальны рэжым

У якасці выкладчыка фізкультуры ў Маларыцкай школе-інтэрнаце працаваў з 1962 года 3 гады. Здароўю дзяцей у гэтай установе ўдзялялася вялікая ўвага. Загадам па школе быў устаноўлены штодзённы рухальны рэжым. Так, да пачатку заняткаў праводзілі 5-6-хвілінную гімнастыку ў памяшканні, пры добрым надвор’і – у двары. У час урокаў былі фізкультурныя хвілінкі, а на 15-20-й мінуце кожнага ўрока – фізкультпаўзы. Фізпрактыкаванні і рухомыя гульні на вялікіх перапынках пасля трэцяга ўрока праводзіліся з усімі вучнямі на працягу 20 хвілін. У групах падоўжанага дня былі штодзённыя фізкультурныя заняткі.
У 1962 годзе вучні і настаўнікі атрымалі ў сваё распараджэнне новы будынак вучэбнага корпуса са спартыўнай залай і сталовай з сучасным абсталяваннем. Нямала зрабілі і па ўмацаванню спартыўнай базы вакол школы вучні і педагогі сваімі сіламі – абсталявалі некалькі пляцовак, стадыён.
9 лютага 1964 г. у нашай школе праводзілася таварыская сустрэча па шахматах і шашках сярод каманд Маларыцкай СШ, школ-інтэрнатаў нашага горада і ўкраінскага Ратна. Потым такія сустрэчы сталі традыцыйнымі.
Акрамя фізкультуры, спартыўных гульняў, дзеці пастаянна прагульваліся па свежым паветры. Для ўмацавання здароўя іх прыцягвалі да фізічнай працы – яны абсталёўвалі месцы для спартыўных заняткаў, расчышчалі ад снегу дарожкі, ускопвалі градачкі, акопвалі дрэвы ў садзе. Усё гэта ўмацоўвала арганізм, выпрацоўвала звычку да карыснай працы, выхоўвала адказнасць за даручаную справу, пачуццё калектывізму, павагу да працавітых людзей, станоўча ўплывала на культуру паводзін вучняў. І ўсё гэта рабілася без перагрузкі на арганізм, не парушаючы рэжымаў харчавання і сну.
У агульнашкольны і планы работы выхавальнікаў быў уключаны раздзел аховы здароўя і фізічнага развіцця вучняў. Гэтыя пытанні пастаянна абмяркоўвалі на бацькоўскіх і прафсаюзных сходах.
Але не ўсё заўжды нас задавальняла. Вось васьмікласнік з групы, што прыбыла, накіроўваецца да перакладзіны. Спрытна падскокнуўшы, падцягнуўся раз, другі, ледзь выціснуў трэці, а на чацвёрты задрыжэлі аслабленыя рукі. Малоціць хлопец нагамі паветра, а падцягнуцца больш няма сіл. Адзін за другім падыходзяць да гімнастычнага снарада знешне моцныя маладыя людзі, але малюнак амаль той жа – падцягнуцца няма сіл. А яны ж – будучыя абаронцы Радзімы. Салдату вынослівасць патрэбна як птушцы крылы. Якой яна была ў нашых воінаў у гады вайны!
“Бо то – вайна… Там выно­слівасць сапраўды патрэбная. А цяпер у арміі цуда-машыны, электроніка”, — апраўдваюцца тыя, што не дацягнуліся.
І гэта трывожыць…
Мікалай ГЕРМАНЮК.
НА ЗДЫМКУ: юныя футбалісткі.
Фота з сямейнага альбома.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


міцубісі л 200

www.granit-sunrise.com.ua

sellmax.com.ua