Працавітае сонейка

Чалавек не здольны змяніць тое, што наканавана яму ў жыцці. Але навучыўшыся жыць са сваёй бядой, ён можа па-іншаму паглядзець на праблемы. Калі на душы няма цяжару, усё задуманае абавязкова здзяйсняецца. У гэтым цвёрда пераканана маларытчанка Соня Ігнацюк.
Праблемы са здароўем пачаліся ў Соні з маленства. Але цяжкае эндакрыннае захворванне не перашкодзіла дзяўчынцы вучыцца ў звычайнай школе, быць такой жа, як і ўсе. А вось з многімі дзіцячымі марамі, атрымаўшы разам з паўналеццем трэцюю групу інваліднасці, давялося развітацца. Атрыманыя на ўроках працы навыкі шыцця дапамаглі Соні ўладкавацца працаваць у “Дзіону”, вытворчае прадпрыемства таварыства інвалідаў, дзе ўзялі яе надомніцай. Дома, на сваёй машынцы шыла яна рукавіцы, выконвала іншыя простыя заказы. З работай дзяўчына спраўлялася добра, але не адчувала душэўнага задавальнення, бо марыла працаваць сярод людзей.
Чалавек шчыры, адкрыты заўжды знойдзе магчымасць кантактаваць з іншымі. Такой магчымасцю для Соні стала аддзяленне дзённай рэабілітацыі для маладых інвалідаў. Менавіта тут, сярод такіх жа, як яна, лю­дзей з праблемамі здароўя, дзяўчына змагла раскрыць усе свае творчыя таленты. Яна ахвотна выступала разам з іншымі ў тэатральных пастаноў­ках, вучылася ў творчай майстэрні модульнаму арыгамі, рабіла пано з прыроднага матэрыялу і скуры. Калі спецыялісты тэрытарыяльнага Цэнтра, плануючы адкрыць у аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў працоўную майстэрню, прапанавалі Соні прайсці па індывідуальнай праграме рэабілітацыі навучанне ў Баранавіцкім прафесійна-тэхнічным каледжы сферы абслугоўвання, каб атрымаць прафесію швачкі, яна спачатку разгубілася.
— Страшна было неяк. Я ж да гэтага часу нікуды адна не ездзіла. Але хутка асвоілася. Вучыцца было цікава. За паўгода навучылася не толькі бялізну шыць, але і адзенне: сарафан сабе пашыла, халат, спадніцу і шмат іншага, — дзялілася сціплая, усмешлівая Соня.
Пакуль дзяўчына вучылася ў Баранавічах, у тэрытарыяльным Цэнтры ўжо рыхтавалі для яе месца ў працоўнай майстэрні. Тут чакалі Соню сучасныя швейныя машынкі, набытыя задоўга да адкрыцця майс­тэр­ні. З мая гэтага года маладая майстрыха пачала сваю самастойную работу. Праўда, пакуль гэта толькі адаптацыя да працоўнай дзейнасці, якая разлі­чана на год.
Пяць дзён у тыдзень па 8 гадзін Соня шые пасцельныя камплекты. Для яе работы па праграме адаптацыі, як заўважала загадчыца дзённага аддзялення для маладых інвалідаў Юлія Крэнь, закуплена ўсё неабходнае. А пашытыя дзяўчынай вырабы перадаюцца бясплатна ў арганізацыі бюджэтнай сферы. Так, 20 камплектаў пасцельнай бялізны, над пашывам якіх некалькі месяцаў працавала Соня, атрымала ўжо раённая бальніца.
— Цяпер я ўжо дакладна ведаю, што работа швачкі – гэта тая справа, што мне вельмі падыходзіць. Мне не сумна па некалькі гадзін выконваць манатонную работу, якая іншым можа надакучыць, — заўважае Соня.
Дзяўчына прызнаецца: вельмі рада таму, што цяпер у яе ёсць прафесія, работа і магчымасць прыносіць карысць іншым. Калі закончыцца перыяд адаптацыі да працоўнай дзейнасці, яна плануе зноў працаваць на прадпрыемстве “Дзіона”, толькі цяпер ужо не надомніцай, а ў швейным цэху, быць у акружэнні калектыву.
У тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Соню Ігнацюк называюць не інакш, як “наша сонейка”. Сціплая і адкрытая, яна не шкадуе падарыць кожнаму сваю ўсмешку. Пазітыўная энергія, моцнае жаданне, наперакор усім цяжкасцям, быць карыснай іншым, прыцягвае да яе добрых людзей і ўдачу.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Соня ІГНА­ЦЮК у сваёй працоўнай майстэрні.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.