«Маленькі  школьны  музей  і вялікая  любоў  да Радзімы» Гісторыка-краязнаўчы музей Пажэжынскай базавай школы (Маларыцкі раён)

Каб адпачыць душой і дакрануцца да сваіх каранёў-вытокаў, не трэба ехаць кудысьці далёка. Дастаткова тра­­піць, напрыклад, у гісторыка-краязнаўчы музей Пажэжынскай базавай школы. Пра яго экспанаты ўсё ці практычна ўсё ведае дырэктар установы адукацыі Ніна Сірота. Школьны музей ўра­чыста быў адкрыты 9 мая 1981 года, калі ўстанову адукацыі ўз­начальвала Валян­ціна Мікалаеўна Літ­він.

– Спачатку ён задум­ваўся для таго, каб па­казаць гісторыю бая­вога шляху 160-й страл­ковай Брэсцкай Чыр­ванасцяжнай дывізіі, якая ваявала ў нашых мяс­цінах падчас Вя­лікай Айчыннай вайны, – гаво­рыць Ніна Пракопаўна. – Аднак пазней, калі музей стаў актыўна папаўняцца іншымі экспанатамі, бы­ло прынята рашэнне пе­рай­менаваць яго ў гіс­торыка-краязнаўчы. Ця­­пер у двух невялікіх па­коях музея захоўваецца 630 экспанатаў. Яго ўзна­чаль­вае настаўнік геаграфіі Аляксандр Кардзялюк.

Заснавальнікам, ства­раль­нікам і кіраўніком школьнага музея Пажэ­жынскай школы з 1981 па 2008 гады быў настаўнік гісторыі Васіль Масюк. Усё пачалося з таго, што ён  у 1977 годзе стварыў школьную групу “Пошук”, якая і збірала па драбні-цах звесткі  пра тых, хто загінуў, вызваляў родны край ад захопнікаў. Пад непасрэдным удзелам Васіля Афанасьевіча вуч­ні здолелі адшукаць  і вяр­нуць з небыцця багаты ма­тэрыял не толькі пра  ваен­ныя падзеі, але і пра мі­нулае вёскі, людзей, якія яе ўславілі…

– Цяпер наш гісто­ры­­ка-краязнаўчы музей складаецца з шасці раз­дзелаў, – кажа Аляк­­сандр Кардзялюк. – Заўсёды вы­клікаюць цікавасць у наведвальнікаў экспазіцыі “З гісторыі станаўлення роднага краю” (са ста­ра­жытнасці да 1917 го­да), “Край у перыяд бур­жуазна-памешчыцкай Польшчы” (1921-1939 гады), “Наш край у пе­рыяд Вялікай Айчыннай вайны” (у экспазіцыі прад­стаўлены асабістыя рэчы воінаў, пісьмы, да­кументы, карты-схемы, ус­паміны, фотадакументы і інш.), “Воіны-інтэр­на­цыяналісты”, “Пасля­ваеннае развіццё краю”, “Гісторыя развіцця аду­кацыі і гісторыя Пажэ­жынскай школы”. У музеі вучні нашай установы аду­кацыі бываюць часта. Тут для іх праводзяцца экскурсіі, лекцыі, класныя і інфармацыйныя гадзіны. Самі вучні на аснове ма­тэ­рыялаў фонду музея рыхтуюцца да ўдзелу ў на­­вукова-даследчых кан­ферэнцыях, конкурсах.

 Стрыжнем любога му­зея з’яўляецца гісторыя. У Пажэжынскім музеі ёю дыхае ўсё. Багатая “мясцовая гісторыя” як­раз і прадстаўлена на шматлікіх стэндах. У му­зеі можна даведацца пра гісторыю мясцовага калгаса, царквы, школы, пра членаў і актывістаў КПЗБ на Маларытчыне, першыя сацыялістычныя пераўтварэнні, пра тых, хто вызваляў Брэстчыну і Маларытчыну ад фашыс­таў, партызанскія сем’і і партызанаў атрада імя Варашылава. Можна ў музеі пабачыць і нават патрымаць у руках (гэта дазваляецца) прадметы хатняга побыту мінулага стагоддзя, якія калісьці служылі чалавеку для аблягчэння яго бытавых умоў, стваралі ўтульнасць і ўпрыгожвалі жыллё. Гэта, напрыклад,  мясцовае народнае адзенне і вы­шыўка, жорны, калаўрот, сярпы, прачы, качалкі, прылады для апрацоўкі лёну, лыка, збанкі, лапці, начоўкі і іншыя экзатычныя ўжо для сучасных вучняў рэчы. Многае з таго, што цяпер можна ўбачыць у музеі, створана ўласнымі рукамі вяскоўцаў. Яно простае ў абыходжанні, і ў той жа час з’яўлялася эфектыўным і зручным у паўсядзённым жыцці.

— Мы  з вучнямі дасле­дуем, вывучаем родны край, каб пакінуць усе набыткі нашчадкам, – гаворыць Аляксандр Кар­дзялюк. – Галоўная за­дача, якая стаіць пе­рад  нашым музеем, – гэта збор і захаванне ма­тэ­рыяльнай і духоўнай  спад­чыны Пажэжына і яго ваколіц.  Многае яшчэ трэба зрабіць.

Між іншым, па вы­ні­ках агляду-конкурсу школь­ных музеяў (2004 г.) музей Пажэжынскай СШ заняў другое месца ў вобласці.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!