Асалода для душы

Прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Выдавецтва “Альтэрнатыва”» (г.Брэст) выпусціла ў свет кнігу Мікалая Пацеюка “З-пад буслінага крыла”. Гэта ўжо другі зборнік ляхавецкага паэта. Першы, “Мелодыя сэрца”, свет убачыў у 2007г.
“З-пад буслінага крыла” — гэта зборнік выбраных вершаў, якія пісаліся на працягу 2005-2011 гадоў. Яны розныя па тэме і ўзнятых праблемах. Усе вершы аб’ядноўвае шчырая любоў да людзей і роднага краю.
Будучы паэт нарадзіўся і вырас у в.Ляхаўцы. Яго бацька загінуў на фронце ў час Вялікай Айчыннай вайны. Выхаваннем хлопца займаліся маці Праскоўя Васільеўна і дзед Сяргей Іванавіч. Пасля заканчэння Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча некаторы час ён працаваў настаўнікам у Высокаўскай школе-інтэрнаце Камянецкага раёна. Пасля былі вучоба ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце на філалагічным факультэце, 4 гады службы ў марскім флоце. А затым больш за 29 гадоў выкладаў рускую мову і літаратуру ў Ляхавецкай школе.
Уменнем рыфмаваць вершаваныя радкі Мікалай вылучаўся яшчэ ў школьныя гады. А вось талент паэта нечакана раскрыўся тады, калі быў вучнем 9 класа. Напісаны верш неяк адправіў у рэдакцыю абласной газеты “Заря”.
— Адкуль прыйшоў станоўчы водгук, — усміхаецца мой субяседнік. – Ён мяне падбадзёрыў, прымусіў паверыць у сябе і ў творчыя здольнасці. Літаратурны кансультант абласной газеты папрасіў даслаць яшчэ некалькі вершаў, каб пераканацца ў шматграннасці таленту і нешта надрукаваць. У мяне іх не было. Я стаў пісаць вершы. За некаторы час ужо была неабходная колькасць твораў. Я па пошце іх адправіў у “Зарю”. Аднак адтуль хутка прыйшоў адказ, дзе мае вершы былі разнесены ў пух і прах. На гэтым мая кар’ера паэта ў 1956г. так і завяршылася. І на працяглы час.
Ажно 46 гадоў Мікалай Пацяюк “маўчаў”. Відаць, палічыў, што літаратурны Парнас не па яго сілах. Ад творчай спячкі прабудзіў выпадак. У 2002г. жонка Яўгенія Аляксееўна адзначала юбілей. Мікалай Іванавіч вырашыў зрабіць ёй своеасаблівы сюрпрыз. Ён напісаў віншаванне ў вершах і змясціў яго на старонках раённай газеты. Многім віншаванне спадабалася. А потым з’явіўся верш “Не веру”. Гэта і стала пачаткам адраджэння літаратурнай дзейнасці.
— Чаму стаў пісаць? Была яшчэ адна прычына. Магчыма, не такая ўжо і важная. Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, уладкаваўся працаваць вартаўніком. Ночы доўгія. Што рабіць, як не пісаць вершы? Добра думаецца, ніхто не перашка­джае нараджэнню паэтычнай думкі. Адзін твор, другі, трэці…
— Мікалай Іванавіч, ча­му Вы, маючы дыплом настаў­ніка рускай мовы і літаратуры, раптам сталі пісаць вершы на беларускай мове?
— Адназначна нельга адказаць. Паэзія на роднай мове мяне заўжды кранала, заварожвала сваёй непаўторнасцю, мілагучнасцю, нейкай крынічнай чысцінёй і гаючай сілай. Руская мова з’яўляецца вялікай і магутнай, але ж і беларуская не бяднейшая. У ёй многа слоў, якія незвычайна грэюць душу і сэрца, дазваляюць выказацца вобразна, эмацыянальна, ярка і ёміста. Ды і вясковая стыхія аказала на мяне вялікае ўздзеянне. Матчына мова перадаецца чалавеку ў спадчыну. І як бы ён да роднага слова ні ставіўся, генетычная памяць не дазваляе цалкам забыцца пра тое, дзе нашы карані, вытокі. Вёска моцна сядзіць у кожным з нас.
— А як часта Вы берацеся за ручку і выкладаеце свае “вершаваныя” думкі на паперы?
— Па-рознаму. Я не хаджу і не выношваю радкі. Яны самі па сабе неяк прыхо­дзяць. Падштурхнуць да гэтага можа нейкая сустрэча, выпадковая размова, прачытаны артыкул, убачаны пейзаж, факт з вясковага жыцця. Тэмы падказвае навакольная рэчаіснасць. Бывае, што і за два месяцы нічога не напішу. Калі прыходзіць натхненне – гэта асалода для душы. Бывала, што напісанае рваў і выкідваў, але потым вяртаўся да паэтычнага вобраза і выпісваў яго з іншага боку, выкарыстоўваючы другія прыёмы.
— Мікалай Іванавіч, доўга выношвалі ідэю выдаць чарговую кніжку?
— Дык гэта ж прапанова Аляксея Філатава, пісьменніка, аднакласніка па Ляхавецкай сямігодцы. Размова наконт такога зборніка была восенню 2010г. Падумаўшы, я згадзіўся. Аб’ём выдання і яго змест вызначыў сам. Ажыццявіць задуманае дапамаглі сябры. У першую чаргу гэта – Мікола Аляксандраў, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, і Лявон Валасюк, мастак і пісьменнік.
Між іншым, зборнік “З-пад буслінага крыла” змяшчае 57 вершаў. Крытыкі ўжо адзначылі, што надрукаваныя ў ім творы радуюць чытача сваёй “цэльнасцю, свежасцю думкі”. Вершы М.Пацеюка, па іх меркаванню, вылучаюцца глыбокай філасафічнасцю, суладнай арганічнасцю, тонкім лірызмам, паэтыкай і назіральнасцю.
Р.S. У Ляхавецкім д/с-СШ нядаўна адбылася прэзентацыя зборніка вершаў Мікалая Пацеюка, у планах — правесці такое ж самае мерапрыемства і ў раённай бібліятэцы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
в. Ляхаўцы.
На здымку: Мікалай Пацяюк і яго новая кніга вершаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


http://np.com.ua

Узнайте про классный веб портал на тематику искусственная инсеминация киев.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!