«За паўстагоддзя і пасварыцца не было калі» Гісторыя жыцця Аляксея і Кацярыны Кардзелюк з Вужова (Маларыцкі раён)

 

Для Аляксея Сцяпанавіча і Кацярыны Андрэеўны Кардзелюк з вёскі Ужова сёлетняя вясна асаблівая. У красавіку дбайнай гаспадыньцы споўнілася семдзесят гадоў, а ў маі ў мужа з жонкай — залатое вяселле. І не верыцца ім, што з таго моманту праляцела цэлых паўстагоддзя.

Іх каханне, блаславёнае ня­бёсамі, непадуладна часу. Ня­гледзячы на ша­ноўны ўзрост, яны такія ж маладыя ў душы і ўдзячныя лёсу, які аднойчы падарыў ім сустрэчу. Усяго было ў іх нялёгкім і няпростым жыцці: і радасць, і гора. Але яны заўсёды былі побач, падтрымлівалі адзін аднаго ў цяжкія імгненні. Як гаворыцца, не адзін пуд солі з’елі, але збераглі і пранеслі, як светач, самае святое, што ёсць у жыцці кожнага чалавека – сям’ю, каханне, давер і павагу.

У дзіўныя загадкавыя ўзо­ры іншы раз знітоўваюцца ча­ла­вечыя лёсы. Бывае, што жы­вуць два чалавекі ў адным населеным пункце і нібыта не бачаць адзін аднаго да нейкага пэўнага моманту. Быццам нехта ці нешта размяркоўвае такім чынам, што гэтыя незнаёмцы не толькі сустрэнуцца, але і па­кахаюць адзін аднаго.

Так атрымалася і ў Аляксея з Ка­ця­рынкай. Абое раслі ў Ву­жове, хадзілі ў Высокаўскую ба­завую школу, а пазнаёміліся на танцах. Клуба тады ў вёсцы не было і вечарыны ладзіліся па чарзе ў якой-небудзь вясковай хаце. Пад галасісты гармонік з басістым бубнам бойка тан­чылі хлопцы з дзяўчатамі. За­зір­нуў на танцы і Аляксей, яко­га на пабыўку адпусцілі з ар­міі дамоў. Форма вайскоўца вельмі пасавала хлопцу. У той вечар Аляксей і пазнаёміўся з прыгожай і стат­най дзяўчынай Кацярынай. Пад высокім зорным небам яны ня­смела прызнаваліся адзін ад­наму ў каханні і марылі пра шчаслівую будучыню. Водпуск Аляксея праляцеў вельмі хутка і вось надышоў шчымлівы час расстання. “Я табе буду пі­саць кожны дзень і чакаць твайго вяртання”, — цалуючы на развітанне каханага, горача шаптала Кацярына. Гэта быў адзін з самых шчаслівых пе­рыядаў у іх жыцці. Аляксею хацелася горы звярнуць дзеля сваёй любай дзяўчыны. Юнак служыў старанна, з нецярпеннем падлічваў дні да дэмбелю.

— Распісаліся мы сціпла 25 сакавіка 1969 года ў Лукаўскім сельскім Савеце, — прыгадвае Кацярына Андрэеўна. – Не было ні музыкі, ні сведкаў. Вяселле ладзілі ў маі, на Тройцу. Тады і абвянчаліся ў маларыцкай царк­ве.

 Аднойчы даўшы клятву вер­насці і любові, яны збераглі і пра­неслі свае пачуцці праз дзесяцігоддзі, не разгубілі іх у жыццёвай віхуры.

— Няўжо такі ніколі не сва­рыліся? — не магу не запытацца ў залатых юбіляраў.

— А нам і сварыцца не было часу, — ні на хвіліну не задум­ваючыся, адказвае Кацярына Андрэеўна. — Аляксей увесь час быў на рабоце. Больш за трыццаць гадоў адпрацаваў у ДЭУ, што ў Брэсце. На вы­хадных займаўся ўласнай гас­падаркай. Я ўсё жыццё пра­цавала ў мясцовым калгасе, спачатку даяркай, а потым ма­­­лаказборшчыцай. Гэта сёння ў вёсцы адна-дзве каровы, а раней грамадскі статак да сотні галоў налічваў.

Кацярына Андрэеўна ніколі без працы не сядзела, пасля цяжкага працоўнага дня завіхалася па гаспадарцы, займалася дзецьмі. Яна, як сапраўдная жонка, была і застаецца надзейнай апорай і падтрымкай ва ўсім свайму мужу. Гэты клопат і хваляванне пра сваю другую палавінку асаб­лі­ва пачалі адчувацца ў час бя­ды, якая нязванай госцяй пастукалася ў шчаслівы і ўтульны дом сям’і Кардзелюкоў. Летась пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем у гаспадара. Меды­цына аказалася бяссільнай. Ура­чы зрабілі ўсё магчымае, каб перамагчы каварную хваробу, аднак нагу давялося ўсё ж такі ампутаваць. Увесь гэты час, нібыта надзейны анёл-ахоўнік, нястомна дзень і ноч аберагае свайго мужа Кацярына Андрэеўна. Менавіта яна, спа­гадлівая і ласкавая, яснай зо­рачкай асвятляе няпросты шлях сваёй другой палавінкі.

Нягледзячы на выпрабаванні, якія заўсёды падкідвае жыццё, Аляксей Сцяпанавіч  і Кацярына Андрэеўна лічаць сябе вельмі шчаслівымі людзьмі, таму што яны разам, таму што нават праз столькі гадоў сумеснага жыц­ця іх сэрцы і да сённяшняга дня выпраменьваюць каханне і цеплыню. Гледзячы на мужа і жонку, я міжволі здзіўлялася той пяшчоце, якая панавала паміж імі. І не заўважыць яе было немагчыма. Таму што яна была бачна і ў позірку вачэй Кацярыны Андрэеўны, і ў трапяткім дотыку напрацаваных рук, яна гучала і ў голасе Аляксея Сцяпанавіча.

Яны бязмежна шчаслівыя яш­чэ і таму, што маюць самае каштоўнае багацце — траіх дзя­цей і дзесяць унукаў, якія частыя госці ў бацькоўскім і дзядулевым доме. Жыццёвы шлях Аляксея Сцяпанавіча і Кацярыны Анд­рэеўны — цудоўны прыклад не толькі для іх блізкіх і родных, але і для ўсіх астатніх людзей, асабліва для моладзі, прыклад таго, як можна годна і пры­гожа пражыць жыццё, не ачарсцвець душой і не згубіцца ў мітусні будняў.

Нездарма 50-годдзе сумеснага жыцця лі­чыцца за­ла­тым вяселлем. Няхай яшчэ доўга-доўга сце­лецца жыц­цёвая дарожка юбі­ляраў, усыпаная пялёсткамі чыр­воных руж. Хочацца, каб ва ўтульнай і прасторнай хаце i на брыльянтавае вяселле саб­ралася вялікая і дружная сям’я Кардзелюкоў і пад звонкае “Гор­ка!” расчырванелая нявеста абдымала ўсхваляванага жаніха. Доўгіх гадоў жыцця і шчасця вам, шаноўныя Кацярына Андрэеўна і Аляксей Сцяпанавіч!

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!