ХЛЕБНЫ ЗВОН ЛАНСКІХ ХЛЕБАРОБАЎ

СВК “Ланская” сёлета выйшаў пераможцам у раённым спаборніцтве па вытворчасці зерня
Сёння ў горадзе свята. Маларыта вітае ўдзельнікаў раённых дажынак. У святочным шэсці — лепшыя з лепшых, тыя, хто салёным потам і стараннем здабываў хлебны ўраджай. Як бы там ні было, а жніво – гэта заўжды напружанне сіл і нерваў, а яшчэ і гарачых пачуццяў, эмоцый. А з імі прагнозы, параўнанні. Журналісты, сустракаючыся ў час уборкі з хлебаробамі, ведаюць, як апошнія ўважліва сачылі за інфармацыяй райсельгасхарчу. Цікава было ведаць, якая гаспадарка наперадзе, хто больш дадаў за мінулыя дні, у каго з механізатараў самы высокі намалот. Сёлета СВК “Ланская” сваім мабільным “ціскам” стаў адразу наступаць на пяткі найбольш моцным па ўраджайнасці гаспадаркам. І ў выніку выйшаў пераможцам у раённым спаборніцтве па вытворчасці зерня – у засекі закладзена 2266 тон зерня. Прырост у параўнанні з мінулым годам склаў 425 тон. Кожны гектар збожжавых даў па 30,2 цэнтнера, а выхад зерня на 1 бала-гектар склаў 112 кілаграмаў.
Пяты год узначальвае гаспадарку малады кіраўнік Аляксандр Бойка.
— Я заўсёды ставіў перад калектывам мэту – дасягаць максімальных вынікаў. І сёлета спрыяльны збег некаторых фактараў вывеў нас на вышэйшую ступеньку гонару, — гаворыць кіраўнік сельгаскааператыва. Да гэтай мэты ішлі ўсе ра­зам: кіраўнік, спецыялісты, камбайнеры, вадзіцелі, усе механізатары. Добры хлеб дасягнуты дзякуючы ў першую чаргу галоўнаму аграному Аляксею Лоневу, які 28 гадоў працуе ў гаспадарцы, галоўнаму інжынеру Уладзіміру Хвалеўку, пад кіраўніцтвам якога была доб­ра падрыхтавана тэх­ніка да жніва, дарэчы, збояў у яе рабоце амаль не было, а таксама дзякуючы нашым зернеўборачным экіпажам, асабліва Мікалаю Крэню і Сяргею Сымоніку, Сяргею Гаранюку і Мікалаю Лямачку, аператару зернесушыльнага комплекса Сцяпану Шаўчуку і нашым працавітым вадзіцелям Алегу Чулю, Мікалаю Барысюку, які не раз ужо выходзіў пераможцам і прызёрам спаборніцтваў абласнога ўзроўню.
— Аляксандр Іванавіч, узнагароды атрымліваць заўсёды прыемна. Дзе хаваецца зачын сёлетняга поспеху?
— Пачынаўся ён на палях, у час падрыхтоўкі глебы пад сяўбу, у складах, дзе адбіралася самае лепшае насенне, у час догляду за пасевамі. А лепшым кантралёрам на палях было сумленне нашых механізатараў. Яны ўмеюць працаваць так, каб не падмануць зямлю. Я заўсёды настройваю і спецыялістаў на тое, каб усё рабілася добра і якасна, па самых высокіх мерках. Зрабі якасна, у тэрмін, захавай усе агратэхнічныя патрабаванні, – вынік не прымусіць чакаць. Зразумела, сёлетні поспех – не толькі сёлетнія старанні. Да яго ішлі апошнія тры гады – тэмп валавой вытворчасці зерня склаў за гэты час 2,2%.
— Аляксандр Іванавіч, праз некалькі месяцаў у Вас будзе 5-гадовы юбілей на старшынёўскай пасадзе. Якія перамены, што за гэты час адбыліся, мабыць, метадам спроб і памылак, Вы лічыце найбольш значнымі, і пра што яшчэ марыце?
— Хваліцца не буду, але мне прыемна, што наша гаспадарка менш стала “гучаць” з адмоўнага боку. З кожным годам павышалася зарплата працаўнікоў, паляпшаўся дабрабыт. Гаспадарка ўмацавалася тэхнічна. Ну, а без мар чалавеку проста нельга, а тым больш кіраўніку, які пастаянна павінен удасканальвацца прафесійна. Хочацца пабудаваць яшчэ некалькі домікаў, каб прыцягнуць у сельгаскааператыў работнікаў. Мару, несумненна, каб Ланская была з газам. І паколькі развіццё раслінаводчай галіны звязана з жывёлагадоўчай, то і ў нашай гаспадарцы павінен пабудавацца новы жывёлагадоўчы комплекс.
— Чым парадуе СВК “Ланская” гараджан на сённяшнім кірмашы?
— Вядома ж, зернем!
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня СВК “Ланская” Аляксандр БОЙКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


ниссан жук

granit-sunrise.com.ua

http://monaliza.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!