«Догляд за малодшымі, свой хлеб і вялікая сям’я» Марыя Гаргун з Лукава выхавала і паставіла на ногі 9 дзяцей (Маларыцкі раён)

Нездарма кажуць, што дзеці – гэта дар нябёсаў. І чым больш дзіцячых галасоў звініць у хаце, тым больш шчасця і сонейка свеціцца ў яе вокнах. Дыхтоўны і прасторны дом шматдзетнай маці Марыі Гаргун стаіць у самым цэнтры Лукава. Марыя Мікалаеўна – маці-гераіня, якая выхавала і паставіла на ногі 9 дзяцей.

— Шкада, што ўсіх дзяцей сабраць разам няма магчымасці, — гаворыць Марыя Мікалаеўна і ветліва запрашае на кухню. – У многіх ужо даўно свае сем’і і клопаты. Ды і чаго мне прыбядняцца, я бабуля 8 унукаў і маю ўжо нават аднаго праўнучка.

Аб вялікай сям’і Марыя Мікалаеўна ніколі не марыла, гаворыць, што так ёй  Бог даў. Хаця ў яе бацькоў было 9 дзяцей. Яна – самая старэйшая ў сям’і, і асноўны клопат за малодшымі заўсёды ляжаў на яе кволых дзіцячых плячах. Яна рана пайшла на свой хлеб. Пасля заканчэння 8 класаў дзяўчынка ўладкавалася на гароднінасушыльны камбінат, што ў Маларыце, старалася зарабіць у сям’ю сякую-такую капейку, каб маці лягчэй было гадаваць сясцёр і брацікаў. Праз нейкі час стварыла сваю сям’ю з Мікалаем, які быў родам з Ужова. Вяселле не ладзілі, не было грошай. Сціпла распісаліся  і пачалі жыць на малой радзіме мужа. У 1972 годзе ў маладой сям’і адбылася значная падзея: абвясціў аб сваім з’яўленні на свет звонкім крыкам першынец Аляксандр. Праз два гады нарадзілася Вольга, а за ёй не прымусілі сябе чакаць Жанна, Мікалай ды Ірынка. Хоць і няпроста было Марыі Мікалаеўне спраўляцца з такой колькасцю маленькіх гарэз, але яна адчувала сябе бязмежна шчаслівай. Галоўнае, каб дзеці не хварэлі, і жанчына берагла іх як зрэнку вока. А бяда ўжо чор­ным крумкачом кружыла над до­мам шматдзетнай сям’і, быццам бы чакаючы зручны момант, каб у адначассе разбурыць усё тое, што гадамі стварала Марыя. Нешта нядобрае пачало рабіцца з Мікалаем. Усё часцей і часцей мужчына пачаў заглядваць у чарку, забыўшыся на жонку і дзяцей. Ні ўгаворы, ні слёзы жонкі і малых не маглі спыніць, прымусіць Мікалая перабароць сябе. Ён свядома выбраў іншы шлях, які ў хуткім часе прывёў небараку да гібелі. І засталася Марыя з чатырма непаўналетнімі дзецьмі на руках. Якія пакуты і няшчасці давялося перажыць, вядома толькі самой Марыі. Пра гэта яна нічога не расказвае, не хоча прыгадваць былое. Дзеці для Марыі Мікалаеўны заўсёды былі апорай і падтрымкай.

— Старэйшаму сыну Аляксандру зараз 47 гадоў, — расказвае шматдзетная маці. — У свой час сынок закончыў ветэрынарную акадэмію, што ў Віцебску. Працуе на мытні. Дачка Вольга жыве непадалёку ад мяне, працуе ў мясцовай гаспадарцы даяркай. Вольга ўжо бабуля, а я, атрымліваецца, прабабуля. Другая дачушка Жанна звя­зала свой лёс з Хмялёўкай. Яна так­сама шматдзетная матуля. Муж працуе ў лясніцтве, а яна на птушкафабрыцы, што ў Камароўцы. Мікалаю споўнілася 40, сваёй сям’і, на жаль, пакуль не займеў. Без працы хлопец не сядзіць, шчыруе на пілараме, што ў Гусаку. Ірына з 1983 года абу­ладкавалася ў Брэсце, выйшла замуж за дальнабойшчыка. Жыве разам са свек­рывёй, з якой, дарэчы, вельмі добра ладзіць.

Лёс непрадказальны. Сапраўды, не ведаеш, што цябе чакае не тое што праз год, а нават заўтра. Увесь час жыццё нібыта выпрабоўвала Марыю Мікалаеўну, чорныя плямы на яе дарозе змяняліся на белыя. І тады душа наталялася спакоем і шчасцем. Так атрымалася і праз нейкі час, калі Марыя Мікалаеўна пазнаёмілася з Уладзімірам Аляксеевічам, які працаваў ветэрынарам у “Чырвоным партызане”. Сталася так, што яны сышліся і  сталі жыць разам. Дзяцей Марыі Мікалаеўны ад першага шлюбу ён прыняў як сваіх. Нарэшце пад дахам іх дыхтоўнага дома зноўку пасялілася шчасце. І не было мяжы радасці мужа і жонкі, калі ў 1992 годзе апавясціла свет аб сваім нараджэнні дачушка Ганначка, праз год сям’я па­поў­нілася яшчэ на адно немаўлятка – дзяўчынку, якую назвалі Таццянкай, а за ёю з’явілася на свет Хрысцінка. Яна нарадзілася зусім кволенькай. Урачы ніякіх станоўчых прагнозаў баць­кам наконт будучыні немаўляці не да­валі. Вердыкт быў страшным: дзеці з дыягназам Дауна не вылечваюцца. Марыя Мікалаеўна не разгубілася, не апусціла рукі, а цвёрда вырашыла: “Я зраблю ўсё магчымае і нават немагчымае, каб вырваць сваё дзіцятка з абдымкаў страшнай хваробы”. Яна не давала волі сваім пачуццям, хаця сэрца разрывалася ад жудаснага болю па сваім дзіцяці. “За што? За якія грахі выпала такое страшнае пакаранне?” – не адзін раз сама сабе задавала гэтыя пытанні маці і не знаходзіла адказу. Марыя Мікалаеўна добра разумела: плакаць, марнаваць дарма час нельга, трэба дзейнічаць. Кансультацыі ўрачоў, масажы, рэабілітацыя ў медыцынскім цэнтры “Тонус” далі свой вынік. Хрысцінка закончыла школу, праўда, навучалася дома. Зараз ёй 24 гады і яна можа сама сябе дагледзець. Адным словам, яна  і яшчэ самая малодшанькая дачушка Святланка, што нарадзілася на свет у 1998 годзе, – любіміцы ўсёй вялікай сям’і Марыі Мікалаеўны.

 У пачатку 2000-х уся сям’я пераехала з Ужова ў новы і вялікі дом, што пабудавалі ў Лукава. Дзяўчаты радаваліся наваселлю, планавалі, як хораша ўсе разам будуць жыць на новым месцы. Але шчасце было нядоўгім. У самым росквіце сіл, заўчасна, ад сардэчнага прыступу памірае гас­падар. Цяжка перажывалі страту бацькі дзеці. Асабліва Хрысцінка, якая па натуры вельмі ўражлівая і далікатная. Ад стрэсу ў дзяўчынкі абвастрыліся хваробы, пачаў пагаршацца зрок. І зноўку бяс­концыя дні і ночы ў бальніцах, пера­жыванні аб здароўі дачушкі. За ўсімі гэтымі клопатамі аб сваіх блізкіх Марыя Мікалаеўна падарвала і сваё здароўе. Але жанчына не скардзіцца, не наракае на свой няпросты лёс, а просіць у нябёсаў, каб усё добра ды ладна было ў яе дзяцей, унукаў і праўнукаў, якіх ёй так і хочацца ахінуць сваім нябачным покрывам любові і пяшчоты.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!