Каб ісці у нагу з часам

Калі мы прыехалі ў аддзяленне паштовай сувязі в.Хаціслаў, там была невялікая чарга. Кліенты клалі грошы на Інтэрнэт, куплялі паштоўкі, канверты і макароны, плацілі за паслугі сувязі, выпісвалі газеты… Аднак нам давялося чакаць нядоўга, бо вельмі хутка чарга знікла. І ўсё таму, што тут абслугоўвала кліентаў Таццяна Ківачук.
— Таццяна Міхайлаўна, начальнік аддзялення, – прафесіянал сваёй справы, — не скупіцца на пахвалу Вольга Мыкалаенка, начальнік раённага вузла паштовай сувязі. – Яна — чалавек, душой адда­дзены справе, ветлівая, простая, уважлівая, тактоўная да кліентаў, падначаленых і калег. А яшчэ — прадпрымальная, дысцыплінаваная, працавітая, адукаваны і адказны работнік. Наогул, аддзяленне сувязі в.Хаціслаў сёння забяспечвае высокую якасць і культуру прадастаўлення паслуг.
Таццяна Ківачук пас­ля заканчэння Олтуш­скай СШ паступі­ла вучыцца ў Брэсц­кае ДПТВ-51. Атрымаўшы дыплом па спецыяльнасці “Аператар сувязі”, у 1984 г. была накіравана на працу ў Маларыцкі раённы вузел паштовай сувязі. Затым была назначана начальнікам аддзялення в.Хаціслаў. Тут вый­шла замуж ды так і засталася працаваць. Таццяна Міхайлаўна пераканана, што ў яе жыцці склалася ўсё ўдала найперш таму, што не памылілася з выбарам прафесіі.
Сёння аддзяленне сувязі на вёсцы – гэта адначасова і пошта, і магазін, і банк, і тэлеграф. Тэхнічны прагрэс у працу пашта­вікоў унёс кардынальныя змяненні. Таму і работ­нік пошты павінен пастаянна сама­ўдасканальвацца.
— Каб ісці ў нагу з часам, неабходна пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю. Таму на курсы езджу з задавальненнем. Імкнуся ва ўсё ўнікаць і не адставаць ад сваіх калег.
— Якія перыядычныя выданні карыстаюцца папулярнасцю сярод падпісчыкаў вашага аддзялення? – пытаюся.
— У каталогах сёння многа розных газет і часопісаў. Кожны знойдзе тое, што яго цікавіць. Напрыклад, на раённую газету ў нас падпісалася 228 чалавек. Чытачоў “Голасу часу” стала больш. Каб быць у курсе справы, найперш неабходна ведаць навіны раёна. Цікава прачытаць матэрыялы і пра людзей, якія жывуць побач.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Таццяна Ківачук, начальнік аддзялення паштовай сувязі в. Хаціслаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.seotexts.com

www.oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!