“Асенні пацалунак” для пажылых людзей

Ёсць сваё хараство ў кожнай пары года. Але восень сярод іх асаблівая. Прагрэтае сонцам, абмытае ліўнямі, загартаванае непагаддзю і свавольным ветрам залатое лісце на дрэвах набывае асаблівыя каларытныя фарбы. Так і ўзрост восені чалавека. Ён мае сваю асаблівасць. У ім веды спалучаюцца з разважлівасцю, рашучасць з мудрасцю. Нездарма называюць гэты ўзрост паважаным. І каб людзям ўзросту восені яскрава паказаць тое, што яны не адзінокія і не забытыя, што кожнае новае пакаленне памятае і цэніць усё, што імі зроблена, штогод у першы дзень кастрычніка адзначаецца Дзень пажылых людзей, які ў нашым раёне некалькі гадоў назад быў перайменаваны ў Дзень мудрых людзей. Сёлета свята, прысвечанае гэтаму дню, арганізатары назвалі вельмі лірычна – “Асенні пацалунак”. Падарыць пажылым лю­дзям радасць пастараліся прадстаўнікі многіх устаноў горада. Раённая бальніца арганізавала куточак здароўя, у якім можна было не толькі памераць артэрыяльны ціск, зрабіць аналіз на ўтрыманне цукру ў крыві, але і атрымаць кансультацыю ўрача. Работнікі цэнтральнай раённай аптэкі прапанавалі фітачаі: які супакойвае, страўнікавы, ад прастуды і кашлю. Раённая бібліятэка падрыхтавала выстаўку кніг на тэму “Мы чытаем – не сумуем”, сабраўшы ў ёй выданні, карысныя гаспадарам прысядзібных участкаў, майстрам-умельцам. Цэнтр народнай творчасці і тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пастараліся здзівіць выстаўкамі вырабаў умельцаў: вышытымі ручнікамі, дрэвамі і кветкамі з бісеру, цацкамі модульнага арыгамі, пано з прыроднага матэрыялу. Аддзел фізкультуры, спорту і турызму даў магчымасць пенсіянерам пагуляць у шашкі, шахматы.
Святочна апранутыя, з памаладзелымі ўсмешлівымі тварамі пенсіянеры збіраліся на свята ў ГДК. Яны былі рады сустрэцца, пагаманіць аб сваіх пенсіянерска-гаспадарчых справах, пра дзяцей і ўнукаў, і проста некалькі гадзін адпачыць ад хатніх спраў.
Святочная праграма пачалася з задушэўных прывітанняў вядучай Вольгі Табачкоўскай, якія адразу настроілі на мажорны лад. Шмат цёплых, сардэчных слоў сказалі ветэранам старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка. Яны назвалі пайменна многіх людзей, якія сумленнай працай унеслі важкі ўклад у эканоміку раёна і сёеея шчодра дзеляцца з моладдзю сваім неацэнным набыткам – жыццёвай мудрасцю.
Аб тым, што робіць дзяржава для абароны пажылых людзей, павітаўшы маларытчан-пенсіянераў, расказалі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк. Са словамі падзякі да мудрага пакалення за тое, што змаглі захаваць для будучых пакаленняў і спакой у сваёй краіне, і лепшыя духоўныя якасці, звярнуўся благачынны цэркваў раёна айцец Віктар.
Прыемнымі падарункамі для ўсіх сталі выступленні народнага хору ветэранаў, народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак”, дзіцячага эстраднага ансамбля “Іскрынкі”, эстраднай студыі “Забава”, салістаў ГДК. Гучалі песні, дарагія сэрцу ўсіх прысутных, якія на нябачных крылах перанеслі іх у маладосць.
Кульмінацыяй свята стаў прагляд відэароліка “Бацькоўскі дом” і падвядзенне вынікаў конкурсу на лепшы ветэранскі падворак. На сцэну былі запрошаны пераможца ў намінацыі “Гаспадар сядзібы” Міхаіл Сянюк з в. Н. Раматова, пераможца ў намінацыі “Натхненне” Ніна Надзяжук з в. Лукава, пераможца ў намінацыі “Нам гады – не бяда…” Антаніна Бягеза з в. Арэхава, пераможца ў намінацыі “Дом, у якім я жыву” Іван Саваш з в. Олтуш і пераможцы ў намінацыі “Ад прыроды – матэрыял, ад майстра – талент” Аляксандр і Ганна Старасотнікавы з Маларыты. Усе яны атрымалі падарункі, набыць якія дапамог арганізатарам конкурсу раённы савет ветэранаў.
У завяршэнні святочнай праграмы загучалі прыгожыя акорды старога, добра вядомага ўсім вальса. І закружыліся, як некалі ў маладосці, пары…
Але гэта быў не апошні сюрпрыз арганізатараў свята. Усіх пажылых лю­дзей чакаў святочны салодкі стол з сокамі ад Маларыцкага кансервавагародніна­сушыльнага камбіната, пячэннем і цукеркамі, набыць якія дапамог райкам прафсаюза работнікаў АПК.
Такое свята не магло не пакінуць незабыўныя ўражанні. Апошнімі шчыра падзялілася, напісаўшы пісьмо ў рэдакцыю, маларытчанка Яніна Юралайц:
— Хачу выказаць шчыры дзякуй усім, хто падрыхтаваў для пажылых жыхароў горада свята, якое называлася так прыгожа — “Асенні пацалунак”. З першых хвілін мы адчулі ўвагу і цеплыню. Пачалося ўсё з маленькага прэзенціка – белага голуба з паперы, якога дарылі ўсім гасцям дзеці з СШ №2. Гэтая птушка, як распавядалі яны, сімвалізуе мір, спакой, прыгажосць і радасць. А ўсё гэта вельмі неабходна ўсім нам.
Нельга было прайсці міма лекавых чаёў, якія прапанавалі работнікі аптэкі. Гэта быў своеасаб­лівы “гаючы пацалунак”. Фармацэўты аптэкі – гэта першыя памочнікі людзей пажылых.
“Музычны пацалунак” падарылі нам артысты ГДК. Вельмі цудоўна выступалі ўсе без выключэння. Сэрца замірала ад песень, што дарыў народны хор ветэранаў пад акампанемент Мікалая Лапцева і Мікалая Уланава, узрушылася душа ад вясёлых спеваў “Рыцкага куфэрка”, прыемна было прымаць віншаванні ад маленькіх зорачак эстрады. Гэта быў шчыры “дзіцячы пацалунак”, а ён такі дарагі для кожнага з нас!
Мы пачулі шмат прыемных слоў. Яны яшчэ раз прымусілі задумацца аб сэнсе жыцця і зразумець, што ў восені жыцця ёсць нямала сваіх радасцей. Адна з іх – такія вось сустрэчы з цудоўнымі, мудрымі людзьмі, якія здольны дарыць маленькае шчасце”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы пажылых людзей.
ФотаАлега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://cialis-viagra.com.ua

booker.in.ua