«У трэндзе» Вырабы майстроў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці карыстаюцца вялікай папулярнасцю

Нядаўна ў магазіне, калі стаяў у чарзе,  стаў сведкам размовы дзвюх жанчын. Адна казала другой:

— У дачкі хутка вяселле. Выходзіць яна замуж  за немца. Дык  не магу прыдумаць,  які ёй зрабіць падарунак на перапой. Многа варыянтаў перабрала,  а ўсё, здаецца, што не тое.

Другая жанчына адказала так:

— Цяпер,  як кажуць,  у трэндзе  дарыць нешта арыгінальнае, ручной работы і ў народным стылі. Лепш звярнуцца ў Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці. Там параяць, падкажуць.

— Так, сапраўды, у нас ёсць адзін заказ, над выкананнем якога цяпер працуем, — гаворыць дырэктар Валянціна Струнец. – Адна жанчына на вяселле дачкі заказала выткаць ручнік з маларыцкім арнаментам. Хутка работа будзе завершана.

— А чаму менавіта ручнік? – цікаўлюся.

— Магчыма, жанчына ведае, што ручнік спрадвеку быў адвечным спадарожнікам чалавека, — кажа Валянціна Мікалаеўна. — Ён і цяпер абавязкова прысутнічае ў найбольш важныя этапы жыццёвага шляху чалавека. Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму. У ручніках,  якія мы тчэм, захаваны ўзоры, арнаменты і асаблівасці маларыцкага строю,  яго колеравая гама. Сакрэты све­таўспрымання і светабудовы хаваліся і хаваюцца на палатне менавіта за рознымі крыжамі, ромбамі, палоскамі, елачкамі. Тым самым мы зберагаем ад­ноўленыя трады­цыі багатай спадчыны роднага краю, якія ствараліся на працягу многіх стагоддзяў. Між іншым, у нас можна заказаць не толькі тканы ручнік.

* * *

Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці займаецца вывучэннем і прапагандай традыцыйных і сучасных відаў рамёстваў. За час дзейнасці ўстановы было выяўлена 150 народных умельцаў і адроджана больш за 20 відаў рамёстваў і промыслаў, якія бытуюць на тэрыторыі Маларытчыны. Аднак прыярытэтным напрамкам работы цэнтра з’яўляюцца захаванне і развіццё ткацтва. Маларыцкі строй не зблытаеш з іншым. Уражвае хараство і багацце вышытых і вытканых узораў. Гледзячы на арнамент, адчуваеш гонар за тых, хто змог не толькі ўбачыць, але і перадаць нюансы мясцовага каларыту праз вышыўку і ткацтва. Зачароўвае не толькі непаўторная прыгажосць,  але і дзівосная цеплыня, якая адчуваецца ў кожным вырабе.

Згодна з прэйскурантам,  цяпер майстры народных про­мыслаў Валянціна Струнец, Ала Назарук,  Людміла Сакалюк і Святлана Барабан на заказ могуць выткаць спадніцы, жаночыя і мужчынскія кашулі  па адроджанай тэхналогіі ткацтва ХІХ стагоддзя “кажушком”, сурвэткі, палавікі, настольнікі. Ма­ларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці прапануе роз­ныя саламяныя вырабы (павукі,  пано,  какошнікі,  лялькі, цукерачніцы, торбачкі), а таксама сувенірную прадукцыю ў асартыменце (гальштукі, за­пісныя кніжкі, летнія жано­чыя сумкі,  цацкі, абярэгі). Суве­нірныя лялькі  аформлены з выкарыстаннем элементаў Ма­ларыцкага строю адзення, дзе амаль усё адпавядае канонам старажытнай традыцыйнай тэхнікі ткацтва. Праз гэта адбываецца прапаганда нашага рэгіянальнага строю адзення.

— Колькі каштуе, напрыклад, тканы ручнік, спадніца ці кашуля?

— Усё залежыць ад памераў,  — гаворыць Валянціна Струнец. — Стандартны тканы ручнік (220 х 40 сантыметраў) каштуе 50 рублёў. Жаночыя і мужчынскія кашулі  ў нас можна набыць за 120 рублёў. Выраб спадніцы таксама залежыць ад памераў. Напрыклад,  калі яна мае даў­жыню ад 51 да 70,  то будзе каштаваць 200 рублёў, ад 71 да 90 см – 250 рублёў. Выраб купоннай тканіны таксама мае розны кошт.

Валянціна Мікалаеўна тлумачыць, што купон — гэта тып малюнка, які нанесены на тканіну. Купонны малюнак уяўляе сабой цэлы блок, які нельга разрываць. Купонная тканіна вельмі спецыфічная і патрабуе спецыяльнага падыходу пры пашыве,  паколькі насычанасць тканіны малюнкам вар’іруецца. Часцей за ўсё знізу тканіны малюнак большы, а пасярэдзіне больш дробны ці наогул пераходзіць у аднатонны. Такая тканіна мае наступны кошт. Пры даўжыні ад 51 да 70 см і шырыні 50 см будзе каштаваць  40 рублёў,  ад 51 да 70 см і шырыні 65 см — 50 рублёў,  ад 71 да 90 см і шырыні 65 см — 60 рублёў.

Адзенне, вытканае з мала­рыцкім арнаментам,  з’яўляецца абярэгам. Нічога язычніцкага ў гэтым няма. Калі ўважліва прыгледзецца да рэчаў,  вытканых на­шымі продкамі, то можна заў­важыць, што маларыцкі арнамент літаральна прані­заны вытканымі крыжамі і крыжыкамі розных памераў.  На палатне яны паўсюль. А крыж, як вядома, – найважнейшы хрысціянскі сімвал перамогі над грахом і злом.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!