“Хуткі“ шафёр

У снежні мінулага года Расціслаў Трэбік адзначыў своеасаблівы прафесійны юбілей: 25 год працы на адным месцы. Менавіта чвэрць стагоддзя ён нязменна круціць баранку УАЗіка – машыны хуткай медыцынскай дапамогі Маларыцкай ЦРБ. І аб гэтым зусім не шкадуе. Сваю працу лічыць прэстыжнай, патрэбнай людзям. І галоўнае: яна прыносіць задавальненне. Расціслаў Канстанцінавіч перакананы, што прафесія шафёра – яго прызванне і стыхія. Гэта якраз тое, што вельмі цікавіла хлопца з дзяцінства. Без ключоў, адвёртак, балтоў і гаек не ўяўляў будучага жыцця. У школе вучыўся добра, але асабліва любіў нямецкую мову, якую выкладала Яніна Юралайц. У 1981г., закончыўшы СШ №2 г.Маларыты і атрымаўшы атэстат, не стаў сядзець без справы. На наступны дзень пасля выпускнога балю ўладкаваўся  працаваць шафёрам у калгас “Бальшавік” (права кіраваць аўтамабілем набыў, адначасова навучаючыся ў ВВК). Пасля службы ў арміі, вярнуўся  ў родны кут і стаў шукаць месца працы. Па гэтай прычыне давялося пабываць у розных арганізацыях горада. Выпадкова даведаўся, што ёсць вакансія ў ЦРБ. Аляксандр Дакучыц, які тады быў галоўным урачом, адразу прапаванаў папрацаваць шафёрам. Расціслаў згадзіўся, хоць яго не пакідала і другая мара: паступіць у медінстытут. Доўгі час Расціслаў не мог аддаць перавагу чамусьці аднаму ў дылеме “урач-шафёр”. Хацелася быць і тым, і тым. Але ўсё ж такі больш вабіла тэхніка. Да таго ж яшчэ ў гэты час звіў сваё сямейнае гняздо, узяўшы шлюб са Святланай Валянцінаўнай. Жыццёвыя арыенціры змяніліся.
-Са сваёй будучай жонкай,- успамінае Расціслаў Канстанцінавіч, — пазнаёміўся ў бальніцы. Дакладней, на лавачцы на яе тэрыторыі. Я і Святлана на той  момант праходзілі курс лячэння, толькі ў розных аддзяленнях. Хоць да гэтага, трэба прызнацца, працяглы час на працу і назад хадзіў пад вокнамі, дзе яна жыла.
Новы сацыяльны статус патрабаваў вырашэння новых надзённых пытанняў. Таму ідэя наконт атрымання вышэйшай адукацыі спачатку адышла на другі план, а потым і зусім знікла. Расціславу Трэбіку зараз можна смела выдаваць дыплом як мінімум фельчара, бо амаль заўжды са стопрацэнтнай дакладнасцю ён ставіць дыягназ тым, да каго прыязджае “хуткая”, можа правільна аказаць першую меддапамогу. З яго выйшаў бы цудоўны доктар, высокакваліфікаваны спецыяліст, майстар сваёй справы. За 25 год не раз даводзілася Расціславу Канстанцінавічу ў сваім УАЗіку прымаць роды, пастаянна асісціраваць фельчару, бо на выклік едзе ўсяго 2 чалавекі. І часта ад іх прафесіяналізму, зладжанасці дзеянняў залежыць жыццё людзей. Сітуацыі бываюць розныя. Самае галоўнае – хутка і правільна прыняць рашэнне, таму што іншы раз лік ідзе на хвіліны і секунды. Расціславу Трэбіку пашанцавала. У адным экіпажы 24 гады ён працаваў плячо ў плячо з фельчарам Валянцінай Глушчык.
Шафёр “хуткай” – прафесія не з лёгкіх. Ёсць і рызыка, і нестандартныя сітуацыі, і павышаная адказнасць, і бяссонныя ночы. Акрамя таго, за год у сярэднім даводзіцца праязджаць больш, чым 100 тыс. км у любое надвор’е і пры любых абставінах. У начныя змены, бывае, што па 2-3 разы неабходна тэрмінова ехаць у Брэст ці Кобрын. Пастаянна ёсць выклікі і па раёне. Кожнага даставіць і да кожнага даехаць трэба як мага хутчэй, а галоўнае – не спазніцца.
Расціслаў Трэбік усё жыццё робіць тое, што заслугоўвае ўзнагароды, але ніколі яе не шукае. Ён любіць сваю работу і адданы ёй усёй душой. Пра гэта сведчыць і той факт, што не раз былі прапановы памяняць месца працы на іншае, абяцалі куды большы заробак. Але ж не месца ўпрыгожвае чалавека. Расціслаў Канстанцінавіч заўсёды аддаваў перавагу толькі любімай справе.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: шафёр хуткай меддапамогі Расціслаў Трэбік.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


читать далее biceps-ua.com

www.steroid-pharm.com

профнастил