Вянок сельскагаспадарчага года

У мінулую суботу на Маларытчыне ўшаноўвалі герояў жніва. Гэтая падзея традыцыйна супадае з правядзеннем дня горада і міжнароднага марафона. У жыхароў горада і раёна яна заўжды выклікае непадробную цікавасць. Другую суботу кастрычніка ўсе чакаюць з нецярпеннем. Хтосьці — каб павесяліцца і адпачыць з сям’ёй і сябрамі; нехта — каб папоўніць запасы на зіму, якіх недастаткова, ці праверыць свае сілы ў спаборніцтвах па бегу.

Частка першая. Кірмашовая
Людскі рух у райцэнтры ў гэты дзень ажывіўся раней звычайнага. Многія загадзя накіраваліся ў месцы, дзе быў запланаваны продаж сельгаспрадукцыі, каб заняць чаргу.
На вуліцы Паўднёвай разбягаліся вочы ад таго, што прапаноўвалася пакупнікам сельгаспрад­прыем­ствамі раёна. Без перабольшання, тут можна было набыць усё неабходнае. Морква, капуста, буракі, салодкі перац… Нарасхват ішлі зерне (напрыклад, ПУП “Савушкіна” трыцікале прадавала па 1000 рублёў за кілаграм) і бульба. На вуліцы Савецкай прадавалі жывую рыбу, мёд, абутак, са­джанцы яблынь (35000 руб.), груш (45000 руб.), вішань, чарэшань, сліў, абрыкосаў, хрызантэмы. Аднак найбольшыя чэргі назіраліся ля гандлёвых кропак, якія прапаноўвалі пакупнікам вялікі выбар мясных прадуктаў. Многія прадпрыемствы горада таксама рэкламавалі і прадавалі сваю прадукцыю. У іх ліку — камбінат кааператыўнай прамысловасці, кансервавагародніна­сушыльны камбінат. Прыцягвала ўвагу маларытчан і гасцей горада гандлёвая кропка Маларыцкага лясгаса.
— Мы ўдзельнічаем у кірмашы ўпершыню, — кажа Наталля Касянюк, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце. – Толькі ў нас можна набыць мётлы гаспадарчыя (кошт 2040 руб.), венікі лазневыя (бярозавыя і дубовыя — 3000 руб.). Прапаноўваем і мёд па 33000 рублёў за кілаграм, сабраны з уласнага пчальніка. А яшчэ ў нас у продажы ёсць елка калючая, туя заходняя, магонія падубалістовая. Усе яны вырашчаны ва ўласнай цяпліцы.
Нельга было не спыніцца ля палаткі магазіна № 38 (в.Масевічы). Гэтая гандлёвая “тэрыторыя”, як і ў мінулым годзе, выдзялялася сярод іншых арыгінальнасцю і цікавым афармленнем.
На пляцоўцы перад ГДК традыцыйна ўстановы адукацыі горада, Цэнтр народнай творчасці, тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Цэнтр пазашкольнай работы разгарнулі выставу-продаж таго, што створана рукамі супрацоўнікаў, педагогаў, дзяцей і іх фантазіяй. Тут можна было шмат чаго набыць карыснага, неабходнага.
— У нас багаты асартымент прадукцыі, — гаворыць Любоў Куц, дырэктар СШ №2. — У кірмашы мы ўдзельнічаем кожны год. У гэтым мерапрыемстве задзейнічана ўся школа. Пераконваць не буду, бо дастаткова глянуць на тое, што мы прапаноўваем. Гэта – коўдры, падушкі, навалачкі, прыхваткі, насавыя хустачкі, пасцельная бялізна, настольнікі, ручнікі, касынкі, фартухі, дыванчыкі, хлебніцы… Калі нечага не знайшлі, што неабходна, то ёсць магчымасць на гэта зрабіць заказ у нас. Мы прымаем індывідуальныя заказы ад арганізацый і прыватных асоб. Усё зробім якасна і ў самы кароткі тэрмін. Сёння тут прадстаўлены і аўтарскія работы настаўнікаў А.В. Канавалавай, Т.І. Тарноўскай, Г.С. Міхальчук, В.П. Гойка і Уладзіміра Крэня, вучня 9 «Б» класа. Таксама на выставе можна ўбачыць і набыць работы вытворчай брыгады (кіраўнікі – В.П. Гойка і І.Р. Грыцэвіч), прадукцыю майстэрні тэхнічнай працы і гуртка па маляванню «Вясёлка» (кіраўнікі Г.М. Піпко і Н.В. Гарабінская), дываны, спартыўныя сеткі, што выраблялі настаўнікі-пенсіянеры пад кіраўніцтвам Л.А. Гумінскай, многае для дачных патрэб у «Сельгасаддзеле» (рыхтавалі настаўнікі біялогіі Н.Т. Юхімук, В. М. Валчук і Т.М. Андрэйчук), паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі (рыхтавалі вучні і настаўнікі пачатковых класаў пад кіраўніцтвам Т. М. Яцура; наведаць «Казачнае кафэ» на чале з выхавальніцай падоўжанага дня Г.М. Асадчай.
— Вучні з нецярпеннем чакаюць дня, калі будуць гандляваць тым, што вырабілі, вырасцілі, — расказвае Ала Закрутная, намеснік дырэктара Маларыцкай раённай гімназіі. – Многія для кірмашу спяклі пірагі, булкі, пернікі. Некаторыя летам спецыяльна самі кансервавалі агуркі, гарошак, памідоры, перцы, варылі яблычнае, слівовае, грушавае варэнне, вырошчвалі пакаёвыя кветкі. На выставе можна ўбачыць і работы, вышытыя крыжыкам, гладдзю, звязаныя кручком.
«Школьная» прадукцыя ўласнай вытворчасці карысталася попытам. «Прыгожа, якасна і танна», — так гаварылі тыя, хто хоць што-небудзь набываў на выставе-кірмашы.

Частка другая. Афіцыйная


9.15. Да гарадской плошчы пачынае рухацца святочная калона, дзе знаходзяцца лепшыя прадстаўнікі СВК разам са сваімі кіраўнікамі, а таксама героі жніва гэтага года. Наперадзе — ансамбль барабаншчыц СШ №1 пад кіраўніцтвам Алены Паўлючык і духавы аркестр 6-га асобнага батальёна міліцыі ўнутраных войскаў пад кіраўніцтвам лейтэнанта Сяргея Бартноўскага (г.Брэст).
9.35. Гарадская плошча. Тут, пасля пастраення, пачынаецца ўрачыстае адкрыццё Дня горада, раённых “Дажынак-2011” і 28-га Міжнароднага марафона. Да прысутных з прывітальным словам спачатку звяртаецца Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама, а пасля – Ніна Федарук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, Леанід Тараненка, алімпійскі чэмпіён 1980 г.

Частка трэцяя. Урачыстая
11.50. У ГДК пачынаюцца “Дажынкі-2011”. Каравай хлеба, які спечаны з зерня новага ўраджаю, урачыста ўручаецца Казіміру Лапічу, старшыні райвыканкама. Казімір Віктаравіч, прымаючы яго, выказаў падзяку ўсім, хто старанна працаваў на жніве гэтага года. “Дзякуючы зладжанай і згуртаванай працы і намаганням усіх, — падкрэсліў ён, — духмяны хлеб штодзень ёсць на стале ў кожнага з нас”. Старшыня райвыканкама пажадаў, каб ураджай кожны год быў больш важкім і важкім.
Затым слова прадастаў­ляецца Вячаславу Федзюковічу, першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Вячаслаў Іларыёнавіч падвёў вынікі сельскагаспадарчага года. Ён адзначыў, што зямля – асноўнае багацце, а дажынкі – вянок сельскагаспадарчага года. Год выдаўся нялёгкім, свае карэктывы ўнеслі складаныя прыродныя ўмовы. Аднак быў умела і правільна арганізаваны ўвесь тэхналагічны працэс вырошчвання будучага ўраджаю. Па працы — і гонар, і пашана. Таму лепшыя працаўнікі за дасягнутыя паказчыкі на ўборцы зерневых і зернебабовых атрымалі ўзнагароды з рук Казіміра Лапіча. Сярод іх – СВК “Ланская” (старшыня Аляксандр Бойка), які заняў І месца за дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці зерня. Сярод экіпажаў камбайнераў пераможцамі сталі: экіпаж у складзе Вячаслава Тырко і Віктара Морскага (ПУП “Савушкіна”), І месца; Аляксея Чырука і Сцяпана Сцепанюка (СВК “Чырвоны партызан”), ІІ месца; Мікалая Крэня і Сяргея Сымоніка (СВК “Ланская”), ІІІ месца. Сярод вадзіцеляў на прыступку пашаны ўзняліся: Сяргей Самасюк, І месца (СВК “Радзеж”), Пётр Хівук, ІІ месца (СВК “Чырвоны партызан”), Васіль Загайноў, ІІІ месца (ПУП “Савушкіна”). Лепшымі сярод машыністаў зернеачышчальна-сушыльных комплексаў сталі: Сцяпан Шаўчук, І месца (СВК “Ланская”), Фёдар Саўчук, ІІ месца (СВК “Хаціслаўскі”), Валерый Арэшка, ІІІ месца (СВК “Чарняны”).
Затым Віктар Марушаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, граматамі райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сярод сямейных экіпажаў узнагародзіў: за І месца – Леаніда і Аляксандра Герасімукоў з СВК “Хаціслаўскі”; за ІІ месца – Уладзіміра і Андрэя Наўрасюкоў з СВК “Ляхаўцы”.
Пасля Таццяна Сацюк, першы сакратар ГА “БРСМ”, уручыла ўзнагароды пераможцам спаборніцтва сярод маладзёжных уборачных экіпажаў. На І месца тут выйшлі Аляксандр Ківачук і Аляксей Ківачук з ПУП “Савушкіна”, на ІІ — Фёдар Сверба і Раман Грышын з СВК “Арэхава”. Сярод маладых вадзіцеляў лепшымі сталі: Алег Ківачук, СВК “Хаціслаўскі”, І месца; Яўгеній Касянюк, СВК “Рыта”, ІІ месца; Сяргей Паўловіч, ПУП “Савушкіна”, ІІІ месца.
Потым сваім сцэнічным майстэрствам прысутных у зале парадавалі самадзейныя артысты з Драгічыншчыны. Амаль 2 гадзіны гледачоў “запальвалі” народны ансамбль песні і музыкі “Сваякі” Бездзежскага СДК і народны ансамбль танца “Прыгажосць” дзіцячай школы харэаграфіі (г. Драгічын).

Частка чацвёртая. Спартыўна-забаўляльная
Пасля ўрачыстага адкрыцця марафону адразу адбыліся традыцыйныя спаборніцтвы сярод выхаванцаў дашкольных устаноў. На старт выйшлі хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі Маларыты, але і Брэста, Кобрына. За іх пахварэць, акрамя бацькоў, прыйшлі бабулі і дзядулі. Хлопчыкі і дзяўчынкі хутка пераадолелі адлегласць у 300 метраў. І хоць вынікі не алімпійскія, аднак на­дзея на будучых чэмпіёнаў, што падрастаюць, ёсць. Ва ўпартай барацьбе першымі да фінішу прыйшлі Вольга Богдан (я/с № 68 г.Брэст) і Аляксандр Ківачук (я/с №2 г.Маларыта), другімі – Ксенія Валошчык (я/с №2) і Кірыл Смаль (я/с №1), трэцімі – Анастасія Муталапава (я/с №4) і Яўген Дварак (я/с №5). Затым сіламі памераліся старшакласнікі ўстаноў адукацыі Маларытчыны. Яны прынялі ўдзел у эстафетным бегу. Мацнейшымі тут сталі вучні Мельніцкай БШ (вынік – 25 хвілін 50 секунд), Радзежскай СШ (26.22) і Дарапеевіцкай СШ (26.46)…
На Савецкай і на Паркавай можна было пасядзець у кампаніі сяброў і знаёмых і абмеркаваць надзённыя праблемы. Праўда, з самага ранку гэтаму перашкаджаў дождж. Аднак трохі пазней ён сціх. Усе запланаваныя мерапрыемствы былі праведзены згодна з зацверджаным планам. Гэта фінальны футбольны матч на Кубак раёна паміж камандамі ПМК-20 і кансервавагародніна­сушыльнага камбіната, а таксама эстрадны канцэрт самадзейных артыстаў на плошчы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: імгненні свята ў Маларыце.
Фота аўтара і Алега Крэмянеўскага.

Добавить комментарий


www.topobzor.info

bestseller-sales.com/best-sellers-books/contemporary/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!