У Олтушскай сярэдняй школе пасля грунтоўнай рэканструкцыі свае дзверы адчыніў школьны музей (Маларыцкі раён))

У Олтушскай сярэдняй школе на мінулым тыдні адбылася знакавая падзея – пасля грунтоўнай рэканструкцыі свае дзверы адчыніў школьны музей. Некалькі гадоў спатрэбілася, каб абнавіць экспазіцыі, папоўніць іх цікавымі і нават унікальнымі экспанатамі. Была праведзена значная і досыць карпатлівая работа настаўнікаў навучальнай установы, якім у зборы матэрыялаў дапамагалі вучні і жыхары Олтуша.  

 

Усё ж такі наўрад ці адбылося б адкрыццё абноўленага музея, калі б не каманда аднадумцаў, сапраўдных аматараў сваёй справы, улюбёных у гісторыю, якія не лічыліся з уласным часам, а па крупіцах, збіралі, кампанавалі новыя экспазіцыі. Значны ўклад у адкрыццё школьнага музея без перебольшвання зрабілі: настаўнік гісторыі, кандыдат гістарычных навук Кацярына Алесік, настаўнік геаграфіі, краязнаўца Іван Барташук, былы майстар працоўнага навучання Вячаслаў Зезюкоў і рабочы Леанід Абрамчук. Тут варта сказаць добрыя словы і пра самых першых ініцыятараў стварэння школьнага музея – былога дырэктара Мікалая Сяргеевіча Анішчука і яго жонку Ганну Георгіеўну. Менавіта ў далёкім 1981 годзе была адкрыта першая музейная экспазіцыя ў Олтушскай сярэдняй школе.

— Памятаю, адкрывалі музей мы 9 мая, — расказвае Ганна Анішчук. – Тады было яшчэ шмат жывых ветэранаў. Гэта была велічная і важная падзея для кожнага вяскоўца. Мы сабралі шмат матэрыялаў пра Вялікую Айчынную вайну, пра землякоў, якія змагаліся з фашыстамі ў партызанскіх атрадах і на фронце. Добра,  што ёсць неабыякавыя людзі, што музей працягвае жыць, папаўняецца новымі экспанатамі.

Шчыра і пранікнёна пра музей, які праз два гады адзначыць сваё  40-годдзе, гаварыла і дырэктар Олтушскай сярэдняй школы Наталля Зезюкова.

— Музей і надалей будзе выконваць ганаровую місію па выхаванні ў падрастаючага пакалення пачуцця патрыятызму,  любові да сваёй Радзімы,  свайго роднага куточка, — адзначыла Наталля Пятроўна. – Да стварэння экспазіцыі далучыліся ўсе: і настаўнікі, і вучні, і вяскоўцы.

Асобыя словы ўдзячнасці дырэктар школы выказала ў адрас фундатараў, без матэрыяльнай дапамогі якіх наўрад ці атрымалася б такая з густам аформленая экспазіцыя. Гэта былы дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Пётр Яцура, кіраўніцтва ААТ “Савушкін прадукт” і СУП “Савушкіна”.

Безумоўна, было ў гэты знамянальны дзень у Олтушскай школе шмат гасцей, якія прыйшлі не з пустымі рукамі. Напрыклад, старшыня Маларыцкага Савета дэпутатаў Алег Якубчык перадаў у музей касцюм жаночага строю пачатку XX стагоддзя,  які насілі мясцовыя прыгажуні. Начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму Таццяна Лаўрэенка адзначыла важнасць той работы, якая праводзіцца па захаванні гістарычнай памяці ў Олтушскай сярэдняй школе, неабходнасць захавання традыцый і перадачы іх наступным пакаленням. А добрым падарункам для школы будзе ў наступным годзе яе рэканструкцыя.

Вось надыходзіць хвалюючы і ўра­чысты момант: права  перарэзаць чырвоную стужку даецца Ганне Анішчук,  заслужанаму настаўніку Рэспублікі Беларусь,  і Пятру Яцуры.  Цікавую экскурсію для гасцей правялі вучні школы, якія расказалі пра гісторыю роднага краю ад старажытных часоў да сучаснасці. Кожны з раздзелаў экспазіцыі, а іх адзінаццаць, прадстаўлены цікавымі, арыгінальнымі экспанатамі. Напрыклад, у аддзеле, што апавядае аб мясцовай Спаса-Праабражэнскай царкве, знаходзіцца кніга шлюбных вобыскаў, у якой занатаваны прозвішчы сялян, якія вянчаліся ў XIX стагоддзі. Сярод экспанатаў раздзела пра Першую сусветную вайну захоўваецца гільза 1915 года, якую знайшлі ля вёскі Дворышча. Нікога не пакіне абыякавым і асобны раздзел, прысвечаны страшным і гераічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Тут прадстаўлены  партызанскі лагер,  асабістыя рэчы байцоў Чырвонай Арміі, абмундзіраванне,  рэшткі зброі,  узнагароды і фотаздымкі землякоў, якія не шкадуючы свайго жыцця,  мужна абаранялі родную зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 Пра музей можна расказваць доўга. Тут адных экспанатаў на­­лічваецца каля 500,  яшчэ столькі ж  за­хоўваецца ў запасніках музея. Словам,  як гаворыцца, варта адзін раз пабачыць, асабіста пазнаёміцца з багатай экспазіцыяй школьнага музея, непасрэдна дакрануцца сэрцам і душой да самага святога, што ёсць у кожнага чалавека – памяці і гісторыі, якая памылак і абыякавасці нікому не даруе. 

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!