Шлях адлегласцю ў 45 гадоў

Колькі на свеце лю­дзей, столькі ж і жыццёвых дарог. Нязведаных, з крутымі паваротамі, шырокіх, прамых. Побач з кожным чалавекам нязменна ідуць поспехі і няўдачы, спадарожнічаюць узлёты і падзенні. Аднак у няпростых умовах зямнога існавання важная роля належыць здольнасці і ўменню кіраваць сваім лёсам. Што б ні казалі, але многае ў жыцці ў першую чаргу ўсё ж залежыць ад самога чалавека. Адзін да старасці блукае з аднаго месца на другое, бярэцца то за тую, то за іншую справу. І часта не знаходзіць свайго прафесійнага шляху. Другія адразу трапляюць на тую сцежку, якая вядзе на шырокі прастор дзейнасці, прыносіць задавальненне, радуе сэрца і душу. Зінаіда Калеснікава якраз з тых, хто ўсё сваё жыццё ўпэўнена крочыў па адной працоўнай дарозе. Шлях, які мае адлегласць амаль у 45 гадоў, Зінаіда Міхайлаўна прысвяціла выхаванню дзяцей.
Родам яна з в.Княжыцы, што ў Магілёўскім раёне. У сям’і была другім дзіцём з 5. Маці працавала ў калгасе, а бацька быў то старшынёй калгаса, то сельсавета. Так склаліся абставіны, што калі Зіне споўнілася 13 гадоў, дзяцей стала выхоўваць адна маці. Да вайны Зіна паспела закончыць 7 класаў. Марыла паступаць вучыцца далей, але пачалася вайна.
— Мне споўнілася 14 гадоў, — успамінае Зінаіда Міхайлаўна. — Вялікую Айчынную сустрэла ў роднай вёсцы. Як з’явіліся немцы, адразу пайшлі ў лес ратавацца ад ворага. Праз некалькі дзён вярнуліся назад. У хаце было перавернута ўсё, бо немцы нешта шукалі. Бацькоўская хата была вялікай, прыгожай. Адна на ўсю вёску такая. Палову хаты маці здавала пад сельсавет. Захопнікі пра гэта даведаліся і зрабілі вобыск. Пакуль гаспадарылі фашысты, мы жылі ў суседзяў. Два разы за вайну хварэла на тыф. Думала, што не выжыву. Многа ад гэтай хваробы паўмірала тады аднавяскоўцаў.
У 1944 г., пасля вызвалення, Зіна стала працаваць санітаркай у бальніцы, якая знаходзілася ў іх вёсцы. А праз гады 4 сяб­роўкі з’агітавалі яе паступаць у Магілёўскае педагагічнае вучылішча. Дзяўчына доўга не думала. Згадзілася. Да 1-га верасня знайшла кватэру, бо інтэрнат не давалі.
— Цяжка даводзілася мне тады, — кажа Зінаіда Калеснікава. – Грошай не было зусім у маці. Часта галадала. Не было чым разлічвацца за пражыванне. Стала працаваць на гаспадыню. З самага ранку ў цёплае надвор’е пасвіла карову, а пасля абеду – наведвала заняткі ў вучылішчы. Так і пражыла-правучылася 3 гады.
Пасля заканчэння навучальнай установы маладога спецыяліста ра­зам з яшчэ 2 сяброўкамі на першае месца працы накіравалі ў Брэсцкую вобласць. У аблана траім прапанавалі Кобрын, але паставілі ўмову, што адна з іх стане загадчыцай дзіцячага сада. Дзяўчаты адмовіліся. Разумелі, што адказнасць вялікая, а самі маладыя, вопыту няма. Зінаіду з сяброўкай Нінай накіравалі ў Маларыту ў дзіцячы дом.
— 11 жніўня 1948 г. цягніком мы прыехалі ў райцэнтр, — гаворыць Зінаіда Міхайлаўна. – На пероне нас ужо сустракалі калегі з дзіцячага дома. Яны завялі ў кабінет да дырэктара Мікалая Губарэвіча. Мікалай Гаўрылавіч, пасля непрацяглай размовы, сказаў, што не ведае, дзе нас размясціць.
Трошкі падумаўшы, дырэктар даў распараджэнне, каб маладым спецыялістам выдзелілі адзін на дваіх ложак у пакоі, дзе спяць дзеці. Так Зіна і Ніна пражылі некалькі месяцаў. Пасля вырашылі здымаць кватэру. Першая зарплата стала сапраўднай падзеяй. 30 рублёў. Па тым часе гэта былі не такія і вялікія грошы.
— А праца выхавальніка вельмі адказная, — разважае мая субяседніца. – У маёй групе налічвалася 33 чалавекі ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў. За імі неабходна было не проста наглядаць, а праводзіць мерапрыемствы згодна з зацверджаным планам. Аднак умовы пражывання не вельмі задавальнялі. Таму з сяброўкаю праз некалькі месяцаў працы неяк сабралі чамаданы і падаліся на вакзал. Вырашылі ўсё кінуць і ехаць дадому.
Але ж задуманае не збылося. Невядома чаму на вакзале ў той момант апынуўся дырэктар Мікалай Губарэвіч. Маладых спецыялістаў ён вярнуў назад. Нельга сказаць, што пасля гэтага ўмовы працы рэзка сталі іншымі, але пэўныя змяненні ўсё ж адбыліся. Паступова Зіна ўцягнулася ў адукацыйны працэс. Клопат пра дзяцей і ўвага да іх, трывогі за лёс выхаванцаў тысячамі нябачных нітачак прывязалі маладога выхавальніка назаўжды да школы-інтэрната. Зінаіда Міхайлаўна сэрцам адчувала, што яна патрэбна дзецям, што для многіх з іх стала другой маці. Яна ўжо не магла здрадзіць тым, хто давяраў ёй свае патаемныя думкі, дзяліўся сакрэтамі. Ды і сама Зіна ўжо не магла жыць без паходаў, экскурсій, цікавых пазакласных мерапрыемстваў, канцэртаў.
— Мы ж і нарыхтоўкі на зіму рабілі абавязкова штогод, — працягвае размову мая субяседніца. – Грыбы, чарніцы, журавіны, нарыхтоўка сена для каня і кароў… Назбіраем 40-літровыя бідоны і нясем з лесу. Па грыбы хадзілі на Мелавую гару, па ягады – у Чорны лес. Пазней разам з дзецьмі пасадзілі ля школы сад, алею, за якімі даглядалі вельмі старанна.
А пасля Зінаіда Міхай­лаўна пазнаёмілася з Уладзімірам. Ахвота па­кідаць назаўжды Маларыту знікла сама па сабе. Каханне ўскружыла галаву, а цяжкасці, якія існавалі, адышлі на другі план. Адносіны з маладым чалавекам былі далікатныя і рамантычныя. Успыхнула каханне з першага погляду. Такое чыстае, узнёслае. Танцы ў клубе, прагулкі, шчырыя размовы, агульная зацікаўленасць. І небывалая еднасць душ. Уладзімір з дому каханай дзяўчыне прыносіў смажаныя грыбы, рыбу і варэнне. Праз паўгода маладыя людзі ўзялі шлюб. Уласныя дзеці толькі ўмацоўвалі маладую сям’ю.
Ішоў час. Зінаіда Міхай­лаўна працягвала сваю прафесійную дзейнасць. Як і раней, рабоце аддавала шмат часу. Пазней яна перавялася на пасаду выхавальніка групы падоўжанага дня ў СШ №1. Шчыравала тут жанчына аж да самага выхаду на заслужаны адпачынак. Але дзеці не адпускалі яе. Без іх вясёлага гоману і сама Зінаіда Калеснікава ўжо не ўяўляла свайго жыцця, таму яшчэ 12 гадоў працавала ў дзіцячым садку №3 Маларыты.
-Дзеці мяне і зараз яшчэ не адпускаюць, — прызнаецца Зінаіда Міхайлаўна. – Калі часам засумую, то дастаю з шафы фотакарткі, углядаюся ў твары і ўспамінаю сваіх выхаванцаў, а гэта значыць, сваю маладосць. Як даўно тое было!?.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Зінаіда Калеснікава лічыць, што жыццё пражыла недарэмна, прысвяціўшы яго выхаванню дзяцей.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua

https://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!