САПЁР ПАМЫЛЯЕЦЦА ТОЛЬКІ РАЗ

У раёне, як і ў рэспубліцы, праводзіцца месячнік “Чалавек з белай палкай”
Калі ў цябе няма вачэй – гэта зусім не значыць, што ты не можаш бачыць, у цябе яшчэ ёсць рукі, ногі, скура… Так некалі сказаў мудры кітайскі філосаф. Першы раз пачуўшы гэтыя словы, не зразумела іх сэнсу, падумалася, якое жыццё можа быць без зроку. Але людзі з такой бядой, дзякуючы рэабілітацыйнай рабоце, якая з імі праводзіцца, атрымліваюць магчымасць быць у цэнтры розных грамадскіх падзей, працаўладкоўвацца і адчуваць сябе часткай вялікага калектыву.
Як правіла, у паўсядзённым жыцці мы іншы раз не звяртаем увагі на такіх людзей, а часам нават іх цураемся. А яны, нягледзячы ні на што, жывуць, не апускаюць рукі і спадзяюцца на лепшае.
Аптыміст па натуры і Віктар Дзмітрыевіч Татай.
Нарадзіўся Віктар Дзмітрыевіч у Данецкай вобласці былой Украінскай ССР. Пасля заканчэння школы паступіў у Данецкае ваеннае вучылішча. Закончыўшы яго, быў накіраваны на службу ў Беларускую ваенную акругу. Спачатку служыў у Мінску, а затым яго перавялі ў Брэст.
— Чалавеку, не звязанаму з арміяй, — расказвае Віктар Дзмітрыевіч, — ваенная служба можа здацца рамантыкай. Але на самой справе прафесія ваеннага вельмі складаная, своеасаблівая. І ў першую чаргу таму, што ваенны не падпарадкаваны сам сабе. Куды накіруюць на службу, туды і паедзеш.
З 1981 г. гвардыі капітан Віктар Дзмітрыевіч Татай пачаў служыць у Брэсце камандзірам інжынерна-сапёрнай роты ваеннай часці Брэсцкага гарнізона. Разам з іншымі воінамі ён ачышчаў нашу зямлю ад небяспечных прадметаў. Справа не тое што адказная, але яшчэ і вельмі небяспечная. Справядліва кажуць, што сапёр памыляецца толькі раз. На жаль, такая памылка дорага каштавала Віктару Дзмітрыевічу. 9 красавіка 1986 года пры выкананні задання па размініраванні склада боепрыпасаў, пакінутага немцамі ў гады вайны на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, гвардыі капітан Віктар Дзмітрыевіч Татай быў цяжка паранены і амаль страціў зрок. Давялося перанесці ажно 9 аперацый, якія рабілі ў Маскве і Ленінградзе. Магчыма, дзякуючы гэтым аперацыям Віктар Дзмітрыевіч яшчэ мог служыць да 1992 года. А звальняўся з арміі ўжо ў званні маёра.
За перыяд з сакавіка 1981 года па красавік 1986 года інжынерна-сапёрная рота, камандаваў якой Віктар Дзмітрыевіч, абясшкодзіла 7 тысяч боепрыпасаў рознага віду, якія засталіся на нашай зямлі пасля вайны. Пры размініраванні і праверцы мясцовасці было здадзена дзяржаве каля 2 тысяч гектараў чыстай зямлі.
За высокія заслугі перад радзімай у 1987 годзе Віктар Дзмітрыевіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, не раз атрымліваў ён і медалі. Сёння яны ўпрыгожваюць яго афіцэрскую форму, але вось, на жаль, не надта часта Віктар Дзмітрыевіч можа яе апранаць. Пасля таго, як ён звольніўся з арміі, зрок яшчэ больш пагоршыўся. Каб быць сярод людзей, ён пайшоў працаваць у Брэсцкую абласную арганізацыю таварыства інвалідаў па зроку. А калі амаль зусім перастаў бачыць, жыць у горадзе стала цяжка, і яны з жонкай вырашылі пераехаць у вёску.
Купілі жыллё ў в. Ланская і з таго моманту сталі вясковымі жыхарамі. Здавалася, усё больш-менш добра. Але, як кажуць, бяда адна не ходзіць, Віктар Дзмітрыевіч цяжка захварэў. Сёння ён не тое, што не можа бачыць, але і не можа хадзіць.
І зноў жа не губляе аптымізму.
У нашай рэспубліцы прадугледжаны пэўныя льготы для інвалідаў, але ўсё ж з немалымі праблемамі даводзіцца сутыкацца гэтым людзям. Віктар Дзмітрыевіч спачатку не хацеў расказваць пра тое, што баліць у душы. Але няцяжка было зразумець, што найбольш праблемным з’яўляецца пытанне ацяплення.
— Ужо кастрычнік, холадна, а цэнтральнае ацяпленне ў нашай кватэры чамусьці адключылі ўжо даўно. А калі мы куплялі кватэру, яно было. Цяпер патрэбна самім думаць, як не замерзнуць. А як я магу дапамагчы жонцы вырашыць гэтае пытанне, калі прыкаваны да ложка?
Нявырашаным застаеццца і пытанне набыцця каляскі. Праўда, яна ў Віктара Дзмітрыевіча ёсць, але гэта зусім не тое, што яму патрэбна.
Між іншым, Віктар Дзмітрые­віч, прыраўноўваецца да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. І няхай ён не быў на сапраўднай вайне, але страціў здароўе ў час службы і стаў інвалідам, менавіта выконваючы свой воінскі абавязак.
Хочацца спадзявацца, што праблемы гэтага чалавека абавязкова будуць вырашаны. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб такія людзі, як ён, ні ў чым не адчувалі патрэбы.
Анастасія МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Віктар Дзмітрыевіч ТАТАЙ пасля ранення.
Фота з архіва.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://velotime.com.ua

битумная кровля

http://dekorde.com/14-spalni