Газетным радком…

Сёння мы паспрабуем зазірнуць у недалёкую нашу гісторыю. І дапаможа ў гэтым раённая газета. Перагорнем яе старонкі за верасень 1960г., якая тады называлася “Сцяг перамогі” і з’яўлялася органам Маларыцкага райкама камуністычнай партыі Беларусі і райсавета дэпутатаў працоўных. Возьмем нумары за верасень. Кошт газеты – 15 капеек, тыраж – 2280 экземпляраў, рэдактар – І.А. Налівайка, надрукавана ў Маларыце. Рэдакцыя знаходзілася па адрасе: г.п.Маларыта, вул. Савецкая, 44. Газета таксама змяшчае 2 нумары рэдакцыйных тэлефонаў: рэдактара – 1-22 і адказнага сакратара – 1-29.
Пра што ж пісаў “Сцяг перамогі” ў 1960 г.? Звернем увагу толькі на некаторыя допісы.
“Члены 4-ай паляводчай брыгады сельскагаспадарчай арцелі імя Дзяржынскага закончылі малацьбу азімых. Вынікі яе пераўзышлі ўсе чаканні. Мы меркавалі з кожнага са 150 гектараў пасеваў жыта намалаціць па 13 центнераў, а атрымалі па 16”. “3 верасня ў зале пасяджэнняў РК КПБ адбылася чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў працоўных. У сувязі з выхадам на пенсію Яроменка Г.К. вызвалены ад абавязкаў старшыні райвыканкама. Выконваючым абавязкі старшыні райвыканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных выбраны Архіпаў Рыгор Іосіфавіч”. “Добрым словам адгукаюцца члены 3-яй паляводчай брыгады калгаса “Першае мая” пра Івана Касьяніка. За 7 месяцаў бягучага года ён выпрацаваў 220 працадзён. Імя лепшага палявода занесена на калгасную Дошку гонару”. “У маларыцкай чайнай сапсаваўся халадзільнік. Наведвальнікам тут прапаноўваюць толькі чай. Смачныя абеды толькі ў меню. Няма дзе захоўваць мяса.” “Каля 130 навучэнцаў будзе займацца ў гэтым навучальным годзе ў Маларыцкай вячэрняй школе. Ужо адкрыліся сёмы, восьмы і два дзявятыя класы. Не спыняецца паток заяў у дзясяты клас. Ужо налічваецца 36 чалавек. Сюды прыйшлі вучыцца не звычайныя школьнікі, а людзі са значным жыццёвым вопытам і стажам практычнай работы. Сярод іх – Чарняўская Е.В., вучаніца 10 класа, маці траіх дзяцей. Яна паспявае ўсюды: і ў вучобе, і на рабоце ў ашчаднай касе”. “З 1 студзеня 1961г. будуць выпушчаны новыя грошы. Тыя, што ёсць у абарачэнні, старога ўзору, будуць заменены новымі ў суадносінах адзін рубель новымі за дзесяць рублёў старых. Адначасова ў такіх суадносінах будуць пералічаны ўсе цэны на тавары, тарыфы за паслугі, заработная плата і іншыя даходы насельніцтва, а таксама зберажэнні насельніцтва ў ашчадных касах і дзяржаўных банках. З 1 сту­дзеня 1961г. ў абарачэнне ўводзяцца грашовыя білеты новага ўзору вартасцю 1, 3, 5, 10, 25, 50 і 100 рублёў і разменныя манеты новага ўзору вартасцю ў 1, 2, 3, 5, 10, 15, 20 капеек, а таксама манеты вартасцю ў 50 капеек і адзін рубель. Замяніць грашовыя білеты і разменную манету старога ўзору на новыя ўзоры плануецца не пазней 1 красавіка 1961г.” “Прайшло многа часу, як па вуліцах Чкалава і Базарнай пастаўлены слупы для электрасеткі. Здавалася б, засталося нацягнуць правады, і ў кватэрах загарыцца лямпачка Ільіча. Работнікі падстанцыі нават запэўнівалі, што святло загарыцца з першага ліпеня. Праўда, яны не сказалі, якога года. Бо мінула ўжо першае жніўня, першае верасня, а святла ўсё няма”. “На днях у Маларыцкім раймагу адкрыўся свабодны доступ да прамтавараў. Для гэтага ў памяшканні магазіна зроблена вывеска лёгкіх тканін, а на падстаўцы размешчаны шарсцяныя”. “Народнай ініцыятывай будуецца новая школа ў в.Лукава. Калгас “Чырвоны партызан” выдзеліў транспарт, стварыў будаўнічую брыгаду. Не стаяць у баку ад будаўніцтва і навучэнцы”. “Ні ў адным з магазінаў Маларыты няма раскладу работы… На забеспячэнцаў скардзяцца ўсе. Хіба ж нармальна тое, што ва ўсёй Маларыце днём з агнём не знойдзеш каўбасы. А калі часам і з’явіцца яна, то аднаго гатунку і па казачнай цане: 34 рублі 50 капеек. У прадуктовым магазіне ніколі не бывае ні малака, ні масла, ні свінога тлушчу. Меню ў сталоўках беднае. Значыцца ў іх тое, чаго няма на кухні. Рэдка бывае смажаная бульба, аладкі. Затое макароны і рыс – штодзень.” “Каля 4 гадоў узвышаецца зруб Арэхаўскага сельскага клуба. Няма каму прыкласці гаспадарскую руку, давесці да парадку гэтую пабудову”. “10 дзён працавалі вучні ў калгасе “40 гадоў БССР” на ўборцы кукурузы на сілас. Яны нарыхтавалі 130 тон кукурузных пачаткаў”. “Штодзённа на ўборцы бульбы ў другой брыгадзе калгаса “Запаветы Леніна” працуе 25-30 жанчын. Для кожнай з іх даводзіцца канкрэтнае заданне. Штодзённа кожная жанчына брыгады выкопвае па 2,5-3 сотых гектара. Асобныя ўчасткі даюць па 100 і больш цэнтнераў клубняў”. “У калгасе імя Кірава днямі адбылася радасная падзея. Вёска Макраны падключана да высакавольтнай лініі электраперадач”.
Акрамя таго, газета паведамляе: закончылася рэканструкцыя Карпінскага рыбгаса; новую пілараму ўстанавілі рабочыя Велікарыцкага лесапільнага пункта; прайшоў год з таго моманту, як свае дзверы адчыніў дзіцячы сад, які знаходзіцца непадалёк ад Маларыцкага гароднінасушыльнага завода; у чарапічным цэху райпрамкамбіната 2 гады без прымянення стаіць бетонамяшалка. Яе няма каму адрамантаваць; ля в.Арэхава паспяхова працуе вапнавы завод; у Маларыцкай сярэдняй школе здадзена ў эксплуатацыю дабудова да школы. Тут размясціліся 3 класныя пакоі і адзін піянерскі пакой; у в.Олтуш узводзіцца будынак сельскага Савета, магазін; у Маларыцкім сельпо налічваецца 29 магазінаў і ларкоў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: нумары раённай газеты за верасень 1960 г.
Фота аўтара.

Газетным радком…: 1 комментарий

  • 24.10.2011 в 5:18 пп
    Permalink

    Время прошло, а новости в газете совсем не изменились!
    «Комбайнер Вася побил все рекорды…», «В этом году мы на Х% перевыполнили план…»
    Или же всякая фигня типа того, что нет на какой-то улице знака и т.д. и т.п.

Добавить комментарий


еще по теме biceps-ua.com

steroids for sale

www.maxformer.com/elektricheskie-pogruzchiki
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!