«Пад ляжачы камень і вада не бяжыць» У Маларыце малады спартсмен адкрыў прыватную школу бокса і працуе ў сваё задавальненне

Адкрыць сваю справу ў невялікім раённым цэнтры — гэта найперш сур’ёзна рызыкнуць. Да ліку лю­дзей, якія смела ідуць насустрач новаму і невядомаму, якія перакананы, што ў іх ўсё атрымаецца, належыць індывідуальны прадпрымальнік з Маларыты Аляксей Жох.

З канца студзеня гэтага года ён у райцэнтры адкрыў уласную школу бокса, якая цяпер прапісалася па вуліцы Маякоўскага, 24.

— Новае, безумоўна, заўсёды пужае невядомасцю, — гаворыць мужчына. — Не пакідалі сумненні, як справа можа пайсці, у якім накірунку. Неабходна было прадугле­дзець, якія непрадбачаныя акалічнасці могуць узнікнуць. Спачатку была толькі ідэя,  але не такая,  як ва ўсіх,  нестандартная. Таму не ведаў,  ці прыжывецца яна ў Маларыце. Хоць тут першаадкрывальнікам быў не я, а Павел Дзячук. У многім абапіраўся менавіта на яго вопыт. Аднак ведаў,  што адкрыць уласную школу бокса,  пачаўшы практычна з нуля і ў адзіночку, — справа не з лёгкіх. Паступова ідэя пачала набываць акрэсленыя абрысы. Ад  задумкі да яе рэалізацыі  ішоў некалькі гадоў. Цяпер магу сказаць, што я здолеў заняць сваю нішу. Працую ў сваё задавальненне.

Аляксей Жох  закончыў біялагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.  З шаснаццаці гадоў сур’ёзна займаецца адзінаборствамі. Трэніраваўся ў прыватнай школе  бокса Паўла Дзечука. Цяпер у скарбонцы яго дасягненняў ужо больш за 30 перамог на розных рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах па рукапашным боі. У Мала­дзечна  падчас ХІ  традыцыйнага міжнароднага кубкавага турніру па ушу (саньда) памяці Дзмітрыя Гвішыяні (2016)  у вагавой катэгорыі да 70 кг заняў ганаровае другое месца і  атрымаў званне кандыдата  ў майстры спорту па ушу (саньда).

— Думка адкрыць уласную школу бокса ў Маларыце канчаткова выспела пасля заканчэння тэрміну службы ў арміі, — гаворыць Аляксей. — Нечым трэба было займацца. Таму ўзяўся за ажыццяўленне даўняй мары.  На працягу больш чым двух месяцаў афармляў неабходныя дакументы. Перад цяжкасцямі, якія ўзнікалі, рукі не апускаў. Цяпер трэніроўкі праводзяцца ў памяшканні, якое мае плошчу 60 м2. Пакуль гэтага дастаткова. 

Школа бокса Аляксея Жоха працуе ва ўсе дні, акрамя нядзелі. Яе наведвае больш за 50 чалавек. Трэніроўкі арганізаваны ў трох узроставых групах: дзіцячай (6-9 гадоў),  сярэдняй (10-14 гадоў) і дарослай (15 гадоў і старэйшыя). Самаму старэйшаму наведвальніку ўжо за сорак гадоў.

У асноўным трэніруюцца прадстаўнікі мужчынскага полу, дзяўчат і жанчын – адзінкі. Заняткі Аляксей Жох праводзіць як індывідуальныя,  так і групавыя. Ён таксама вучыць асновам ушу, якое ўключае ў сабе элементы боксу, кікбоксінгу і барацьбы. Трэніроўкі ў школе бокса праходзяць у кожнай групе тры разы на тыдзень. Малодшая група займаецца адну гадзіну,  а сярэдняя і старэйшая – паўтары гадзіны.

— З новага навучальнага года вучні школы бокса плануюць прымаць удзел у спаборніцтвах, –  гаворыць Аляксей Жох. – Цяпер ідзе адбор і фарміраванне каманды. Ёсць вучні перспектыўныя. Думаю, што ў нас будуць перамогі на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Каб гэтага дасягнуць, мы старанна трэніруемся.

  Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!